«Дзяды» — свята памяці

01 ноября 24 98
«Дзяды» — свята  памяці

2 лістапада беларусы ўсяго свету адзначаюць старажытны беларускі абрад “Дзяды”— дзень памінання продкаў. Як казалі нашы бабулі, у гэты дзень душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб паглядзець, як мы жывём, іх нашчадкі, як клапоцімся аб гаспадарцы, як складваюцца адносіны ў нашых сем’ях, як захоўваем звычаі і абрады, як падтрымліваем традыцыі роду.

Аб старажытным абрадзе “Дзяды” ішла размова на чарговым паседжанні клуба” “Нашчадкі”, які дзейнічае пры філіяле “Місявіцкі ЦКіД”. Хлопчыкі і дзяўчынкі напярэдадні па крупінцы збіралі звесткі аб тым, як святкуюць гэты абрад у нашай мясцовасці. Маленькія даследчыкі з цікавасцю расказвалі гісторыі з жыцця сваіх памерлых родзічаў. Успомнілі і славутых продкаў Еўфрасінню Полацкую, Кірыла Тураўскага, Францыска Скарыну, Янку Купалу і Якуба Коласа і іншых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі.

Большасць дзяцей расказалі, што з бацькамі ўжо пабывалі на могілках, прыбіралі магілы сваіх памерлых сваякоў, запальвалі свечкі і ўпрыгожвалі кветкамі.

На паседжанне была запрошана самы старэйшы жыхар аг.Місявічы Карпук Ганна Станіславаўна, якая расказала, як рыхтаваліся і адзначалі гэты абрад у яе дзяцінстве.

— У нашай мясцовасці, на жаль, няма той асаблівай урачыстасці, з якой нашы продкі рыхтаваліся да свята. Сёння мы не гатуем разнастайных памінальных страў (большасць з нас іх проста не ведае) і мы не прытрымліваемся абавязковай паслядоўнасці рытуальных дзеянняў.

А вось нашы продкі, як казала мне мая бабуля, строга сачылі за гэтым. Да свята рыхтавалася ўся сям’я. Дарослыя і дзеці ўсюды наводзілі парадак: вымяталі смецце з двара, прыбіралі хату, асабліва чырвоны кут і запечак, бо гэта была рытуальная зона жывых і памерлых. Мыліся ў лазні ( казалі “Трэба грэшнае цела абмыць, а потым і Дзяды адбыць”). Лічылася, што перад памінальным днём у лазні мыюцца душы памерлых. Таму гаспадар на палку пакідаў вядро чыстай вады і венік.

Таксама гатавалі шматлікія рытуальныя стравы, а колькасць іх абавязкова павінна была быць ад 7 да 19 (у залежнасці ад дабрабыту сям’і). У гэты час, як кажуць, душы продкаў нябачна прысутнічаюць у хаце. Для іх проста на стол ці на акно ў асобную пасудзіну ў самым пачатку адліваецца гарэлка і адкладваецца ад кожнай стравы.

Святочную вячэру пачыналі з куцці і бліноў. На пачатку вячэры гаспадар браў у адну руку грамнічную свечку, загорнутую ў першы спечаны блін, у другую – бохан хлеба і тры разы абносіў іх вакол галавы, памінаючы ўслых імёны сваіх прокаў. Чыталі малітву. Застолле праходзіла ва ўспамінах памерлых добрым словам.

На стале было шмат страў нацыянальнай кухні: верашчака, розныя поліўкі, кісялі, ячменныя прысмакі, баршчы з капусты, з буракоў, кашы, бульба вараная, бабка, яечня з квашанай капусты, аладкі, сушаныя ягады, яблыкі, вараныя ў мёдзе, і шмат іншай смачнай ежы.

Вячэра праходзіла няспешна, стрымана. Гаварылі: “Трэба і паплакаць, і пашкадаваць памерлых, то яны нас не забудуць”. Стол пакідалі непрыбраным — для падмацавання сіл памёршых. Толькі засцілалі яго зверху абрусам.

Стол зычайна стаяў пад бліжэйшай да чырвонага кута бэлькай, якая выконвала ролю радаводнага дрэва. На ёй запісвалі імя кожнага памерлага з сям’і. Звычайна на памінкі нікога з гасцей не запрашалі. Гэта была ўласна сямейная ўрачыстасць…

З цікавасцю слухалі дзеці аповяд бабулі. Шмат цікавага яшчэ расказала Ганна Станіславаўна.

Хочацца спадзявацца, што ў цяперашні час, калі стала добрай традыцыяй звяртацца да мінулага, да сваіх каранёў, мы, нашы дзеці і ўнукі зразумеем усю веліч свята памяці. Бо без мінулага не будзе будучага…

Коцік В.У.,

загадчык філіяла “Місявіцкі ЦКіД”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*