Вiхурыў народны танец у Радунi

dscn9087

3 снежня ў Радунскім цэнтры нацыянальных культур прайшоў першы раённы фестываль-конкурс “Фэст народнага танца”. Ён аб’яднаў танцавальныя калектывы з дзевяці школ раёна. Юныя таленты падаравалі гледачам сапраўднае свята. Шчыра кажучы, часам розніца паміж выступленнямі, падрыхтаванымі прафесіяналамі-харэографамі і аматарамі танца, была незаўважнай.

“Прывітальнай” адкрыў фэст узорны ансамбль танца “Радунскія салавейкі”. У музычным нумары спляліся хлебасольнасць радунскай зямлі і шчырая радасць ад сустрэчы гасцей, асабліва юных танцораў. Вітаючы іх, а таксама ўсіх прысутных, намеснік началь-ніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Тарчынскі зазначыў, што адна з задач фестывалю — адкрыццё новых талентаў. І многія канкурсанты спраўдзілі гэтыя спадзяванні, прадстаўляючы беларускія, польскія і рускія народныя танцы.

Нікога не здзівіла, што вельмі запамінальнымі і яскравымі былі нумары калектываў “Радунскія салавейкі” і “Праменьчык” Радунскай і Воранаўскай сярэдніх школ. Яно і зразумела: іх рыхтуюць таленавітыя педагогі — Ф.Ф. Габіс, А.А. Стацэнка і Э.Ул. Драбышэўская. Менавіта таму юныя танцоры выступалі па-за межамі конкурсу. Яны былі прызнаны яго лаўрэатамі.

Сказаць, што даспадобы прыйшоўся гледачам старадаўні беларускі народны танец “Таўкачыкі” ў выкананні калектыву “Вясёлка” Пагаро-дзенскай сярэдняй школы (кіраўнік М.І. Касперовіч), нічога не сказаць. Перад гледачамі разгарнулася цэлае дзейства — выканаўцы імітавалі таўчэнне зерня ў ступе. Вобразнасць, фальклорны стыль і вытанчанасць кожнага руху ўспрымаліся “на ўра”. Па-заліхвацку закружыла “Лявоніха” калектыў “Родничок” Доцішскай сярэдняй школы (кіраўнік М.В. Цыдзік). Здавалася, на сцэне яму мала месца… А вось выступленне калектыву “Вясёлыя ноткі” Больцішскай базавай школы (кіраўнік Г.С. Нядзелька) адзначалася лірычнасцю, вытрыманасцю ў лепшых традыцыях польскага народнага танца “Трояк”. Сапраўды, прыгожа глядзеліся, спрытна танцавалі тройкі, што складаліся з хлопца і дзвюх дзяўчат.  Гэтыя калектывы адпаведна атрымалі прызавыя месцы, былі ўзнагаро-джаны і іх кіраўнікі.

Не шкадавалі гледачы апладысментаў для ўсіх удзельнікаў фэсту. Хоць усе прафесійнымі танцорамі не могуць быць, аднак падкупляе тое, што дзеці імкнуцца пазнаць народныя танцы, спасцігнуць “хітрасці” іх выканання. Галоўнае — робяць гэта з вялікім задавальненнем.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.

dscn9099 dscn9064
Добавление комментария
CAPTCHA
*