У Воранаўскім раёне спявалi валачобнiкi



Нематэрыяльная культурная спадчына — гэта ўнікальны культурны рэсурс, які найбольш яскрава ўвасабляе духоўны патэнцыял нацыі, з’яўляецца выразнікам яе светапогляду, ментальных асаблівасцей і этычных норм. Іншымі словамі, гэта жывая спадчына, якая надзвычай безабаронная і практычна знішчаецца ў працэсе глабалізацыі і ўніфікацыі, не вытрымліваючы канкурэнцыі з боку больш агрэсіўных форм масавай культуры. Таму зберагчы яе і перадаць нашчадкам — задача вялікай колькасці людзей, якія працуюць у сферы культуры. Бо гэтая спадчына жыве, пакуль жывуць яе носьбіты і існуе пераемнасць ад пакалення да пакалення.

Супрацоўнікі ўстаноў культуры нашага раёна галоўным напрамкам сваёй работы лічаць адшуканне людзей, якія ведаюць традыцыйныя абрады не па чутках. У Пагародзенскім цэнтры культуры і народнай творчасці гэтым займаюцца даўно. Мастацкі кіраўнік установы Святлана Салмановіч мае ўжо вялікую колькасць тэматычных распрацовак. Адна з іх — абрад “Валаўнікі”, які запісала ад жыхара вёскі Трумпішкі Вітольда Янавіча Вітукевіча. На жаль, мужчына ўжо адышоў з гэтага свету. Але тое, што ён перадаў сваім нашчадкам, будзе жыць у вяках. Тым больш што гэтым здабыткам зацікавіліся выкладчыкі і студэнты кафедры этналогіі і фальклора Беларускага дзяржаўнага ўнівер-сітэта культуры і мастацтваў. На мінулым тыдні яны з фальклорнай экспедыцыяй пабывалі ў Пагародне, дзе ўбачылі абрад у выкананні фальклорна-абрадавага гурта “Спадчына”.

Пагародзенскія валачобнікі разам з гасцямі з Мінска абыходзілі сялянскія двары, спявалі гаспадарам валачобныя песні, велічалі гаспадара, у імправізаваных віншаваннях зычылі яму і ўсёй сям’і шчасця, плёну на ніве, прыплоду ў статку. Гаспадары ж, канешне, дзякавалі і давалі падарункі — так званае “валачобнае” (яйкі, сыр, каўбасы).

Па расказам Вітольда Янавіча, валачобнічаць хадзілі ў асноўным мужчыны (жанчын бралі только насіць кошык з валачобным і дапамагаць у спевах). У першы дзень Вялікадня з вечара і ўсю ноч абыходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні (асобна гаспадару, гаспадыні, іх дарослай дачцэ, нежанатаму сыну). На жаль, зараз у абрадзе ўдзель-нічаюць пераважна жанчыны.  Валачобны гурт складаўся з запявалы (“пачынальніка”), у ролі якога выступіла Святлана Салмановіч, падпявальнікаў і механош, якія збіралі дары, — удзельнікаў фальклорна-абрадавага гурта “Спадчына”, музыкі — дырэктара Пагародзенскага філіяла школы мастацтваў Міхаіла Жука.

Валачобны абрад цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая святочная забава. Добры настрой, што ён дарыў, лунаў не толькі ў аграгарадку Пагародна, але і ў суседніх вёсках Асава і Бастуны.

Студэнты правялі фота- і відэаздымкі абраду. Сабраны матэрыял, магчыма, стане асновай для заяўкі валачобнага абраду Пагародна на статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі ў 2017 годзе.

З абрадам пазнаёмілася Наталля ІВУЦЬ.

Фота з архіва Пагародзенскага ЦКіНТ.

Валачобны абрад — абыход дамоў у велікодную нядзелю, які суправаджаецца выкананнем валачобных песень, вершаў і віншаванняў. Вядомы пераважна на тэрыторыі паўночнай, паўночна-заходняй і цэнтральнай Беларусі. Яго назва паходзіць ад старажытнага тэрміна “валачоба”, што азначае “баранаванне”. Гэты абрад быў прымеркаваны да свята Уваскрэсення Хрыста. У мінулым лічылі, што ён спрыяе ўраджаю, дабрабыту сям’і, засцерагае ад розных нягод. Аб земляробчым характары сведчыць як змест абрадавых песень, так і тое, што валачобнікаў часам называлі “ралёшнікамі” (ад слова “ралля”).




Добавление комментария
CAPTCHA
*