Пакуль калаўротак круцiцца — народная песня льецца



Вялікая ўвага на дзяржаўным узроўні надаецца зберажэнню народных традыцый. Так, адной з мэтаў аб’яўленага Года культуры з’яўляецца захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.

Не проста захаваць, зберагчы, а перадаць нашчадкам народныя традыцыі, звычаі, абрады і песні. Такая задача сёння стаіць перад работнікамі ўстаноў культуры. На гэта дырэктар Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Вітольдаўна Камінская накіроўвала супрацоўнікаў падчас семінара па адраджэнні фальклора, які прайшоў на мінулым тыдні ў Больцішскім цэнтры культуры і вольнага часу.

Тут, у глыбінцы мясцовага сельсавета, бацькоўскі песенны скарб надзейна занатаваны ў памяці сясцёр з вёскі Подзітва. Яны — Уладзіслава Аляксандраўна Амбражук, Уладзіслава Янаўна Комінч, Марыяна Янаўна Юргевіч — складаюць фальклорны гурт, што завецца вельмі проста — “Падзітвяначка”. Свой уклад у захаванне народных песень гэтыя жанчыны ўжо ўнеслі. Яны былі гераінямі тэлеперадачы “Наперад у мінулае” на телеканале “Беларусь 3”. А іх песня “Заездзіў коніка” была творча пераапрацавана для шырокай аўдыторыі гуртом “Дразды”.

Калі жанчыны заспявалі песні, сэрца напоўнілася цяплом. Вось ён, родны, мілагучны і дарагі з дзяцінства, народны напеў. А як жа без байкі? Уладзіслава Аляксандраўна прачытала ўласную гумарэску. І толькі ўсе ад душы пасмяяліся, за справу ўзялася майстрыца Уладзіслава Янаўна — прысела прасці кудзелю. “Заспяваў”-закру-ціўся калаўротак — падхапілі яго мелодыю і сёстры: пра каханне, жаночую долю ліліся іх песні… Жанчыны на развітанне сказалі, што з радасцю будуць перадаваць сучаснай моладзі сваё ўменне прасці і навучаць яе песням, што гучалі спрадвеку ў больцішскай глыбінцы.

Паколькі ёсць тыя, хто можа і хоча перадаць фальклорнае багацце, трэба арганізаваць і зацікавіць тых, хто будзе яго пераймаць. Патэнцыял у стварэнні фальклорных гуртоў: дзіцячага — у Жырмунскім цэнтры культуры і вольнага часу, маладзёжнага — у Забалацкім — бачыць І.В. Камінская. Таму далей гутарка ішла аб тым, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры стварэнні такіх калектываў. Несумненным было адно: захаванне спадчыны ў руках сучаснікаў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*