Творчыя сустрэчы ў Год культуры
На мінулым тыдні ў Канвелішскім навучальна-педагагічным комплексе меладычна, годна і шчыра гучала беларускае вершаванае слова. Сапраўднае свята паэзіі для настаўнікаў і вучняў стварылі члены Гродзенскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на чале са старшынёй Людмілай Кебіч, а таксама студэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Знаёмства з канвелішскім краем, навучальнай установай госці пачалі са школьнага музея. Тут гісторыя мясцовасці ажыла дзякуючы майстэрству слова яго кіраўніка — настаў-ніка гісторыі Рамуальда Ула-дзіслававіча Беня. З удзячнасцю за цікавую і запамінальную экскурсію Людміла Кебіч падаравала музею альманах “На нёманскай хвалі”. На гэтым “друкаваныя” падарункі не скончыліся — на памяць аб сустрэчы пісьменнікі падрыхтавалі для школы кнігі. У адказ атрымалі выданні пра Воранаўшчыну і яе таленавітых людзей.
Слухачы — вучні, настаўнікі і проста аматары паэтычнага слова — сустракалі паэтаў з асаблівым хваляваннем: не кожны ж дзень у іх бываюць такія таленты. А калі загучалі вершы, прысутныя не проста заглянулі ў дзівосны свет паэзіі, але і, наколькі маглі, спасціглі неспакойную душу творцаў.
— Дарагія сябры, мы вельмі ўдзячны калегам, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры беларускай літаратуры ГрДзУ імя Я. Купалы Аліне Эдмундаўне Сабуць і Руслану Канстанцінавічу Казлоўскаму за тое, што запрасілі нас на сённяшнюю сустрэчу. Падчас мінулых спатканняў ваш куточак для іх стаў вельмі блізкім. Мы ж дзякуючы аповедам калег ужо загаддзя палюбілі яго ўсім сэрцам, — вітала школьнікаў і настаўнікаў Людміла Антонаўна. — Перш чым чытаць вершы, лічу неабходным сказаць некалькі слоў пра Гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У нашых шэрагах на сённяшні дзень 40 сяброў з усёй вобласці. Пісьменнікі прадстаўляюць усе жанры: прозу, паэзію, публіцыстыку, літаратурную крытыку, літаратуразнаўства. Акрамя таго, што пішам кнігі, папулярызуем іх, амаль штотыдзень выязджаем на сустрэчы з чытачамі, праводзім конкурсы, ладзім юбілейныя і творчыя вечарыны пісьменнікаў, прэзентацыі кніг. Мы адрадзілі выданне літаратурных альманахаў на Гродзеншчыне, у якіх можна ўбачыць творы членаў Саюза.
Л.А. Кебіч пачытала вершы з новага зборніка “Рай для адзі-ноты”. Чаму такая назва? Як патлумачыла паэтэса, паэзія для творцы — гэта рай. А для таго, каб пабываць у ім, сабрацца з думкамі, выслухаць сваю душу і занатаваць тое, што адчуў, неабходна заставацца сам-насам. Людміла Антонаўна з гэтага “раю” вынесла на шырокі суд вершы пра каханне, радзіму. Парадавала і выкананнем уласных песень.
У гэты дзень паэтычнае слова бралі рамантычная Аліна Сабуць, а таксама наш таленавіты зямляк з Начы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Руль. З уласнымі вершаванымі перакладамі з беларускай на рускую мову твораў Тамары Мазур пазнаёміў намеснік старшыні аддзялення Дзмітрый Радзівончык. Свае творы прадставілі і студэнткі ўніверсітэта, аўтары зборнікаў Вікторыя Смолка і Аліна Паўлоўская. Цудоўным дапаўненнем да творчай сустрэчы стала песеннае суправаджэнне — Альжбета і Дзмітрый Даўгаполікі падаравалі слухачам песні на роднай мове.
Напрыканцы мерапрыемства для выпускнікоў Канвелішскага НПК Руслан Казлоўскі правёў невялікі профарыентацыйны занятак. Ён расказаў, якія магчымасці раскрываюцца перад студэнтамі факультэта беларускай філалогіі Гро-дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
На здымках: Р. Бень
праводзіць экскурсію; удзельнікі сустрэчы.
Фота аўтара.