Спявала свята ў Мантунах



Хай кажуць, што вёска свой век аджывае, хай  лічаць яе неперспектыўнай… Аднак для многіх яна любая, родная. Сюды, на бацькоўскі парог, клічуць з розных куткоў света малая радзіма, памяць пра дарагіх сэрцу людзей. Напэўна, таму 23 ліпеня ў Мантунах, дзе жыве толькі адзінаццаць чалавек, чулася гучнае рознагалоссе. Свята вёскі сабрала дзяцей, унукаў, праўнукаў сталых жыхароў мясцовасці з іншых сёл і гарадоў нашай краіны і нават з Літвы і Расіі.

Яшчэ здалёк лілася музыка, пад якую цудоўна было забаўляцца дзецям. Як дарагіх гасцей сустракаюць хлебам ды соллю, так і прысутных віталі імі. Канцэртную праграму песняй “Хлеб ды соль” распачалі работнікі Місявіцкага цэнтра культуры і вольнага часу, бібліятэкар Місявіцкай бібліятэкі Лілія Карпук. Шчырымі словамі, поўнымі ўдзячнасці за мазалістыя рукі і чулыя сэрцы, віталі вяскоўцаў старшыня мясцовага сельсавета Пётр Жэшка і намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Місявічы” Іван Асцюкевіч. У знак пашаны яны ўручылі ад гаспадаркі ўсім мантунцам падарункі. Асаблівая ўвага была накіравана юбілярам гэтага года. Дзевяноста год сёлета будзе адзначаць Мар’яна Уладзіславаўна Барысевіч. З 80-годдзем віншавалі былую даярку Зофію Антонаўну Русіновіч, былога начальніка ўчастка Рамана Казіміравіча Пышынскага, з 70-годдзем — былога жывёлавода Івана Стані-слававіча Карповіча. З цеплынёй гаварылі пра шматдзетную маці Марыю Іосіфаўну Яцэвіч, якая выгадавала пяцёра сыноў.

Самым жаданым падарункам для мантунцаў сталі вядомыя песні, канешне ж, у першую чаргу пра любую вёсачку. Іх шчыра выканалі Аляксандра Лазоўская, Аліна Казлоўская і гурт “Кладачка”. Не абышлося і без жартаў, што так і сыпаліся ад Анастасіі Барысевіч і Ангеліны Петрушэвіч у сцэнках “Городская і деревенская”, “Дзве суседкі”.

Доўга яшчэ весяліліся Мантуны — землякі, якіх сабрала свята, радаваліся прыемнай магчымасці ўбачыць адзін аднаго і адпачыць душой на малой радзіме.

Тарэса ПЕТРУШЭВІЧ,

культарганізатар Місявіцкага цэнтра культуры і вольнага часу.
Фота з архіва

Місявіцкага ЦкіВЧ.

Фота з архіва Місявіцкага ЦКіВЧ.





Добавление комментария
CAPTCHA
*