Пясняр палескай глыбiнкi



У пачатку лютага ў Беларусі адзначалася 95-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР, сябра Саюза пісьменнікаў СССР — Івана Паўлавіча Мележа.



Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце. Быў двойчы паранены і пасля лячэння адпраўлены ў тыл. У 1943-1944гг. выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які тады знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой, і вучыўся завочна на філалагічным факультэце. Пасля заканчэння ўніверсітэта прадоўжыў вучобу ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ, з’яўляўся сакратаром і намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны” і медалямі.

Дэбютаваў І. Мележ у літаратуры ў 1939г. вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943г. (газета “Бугурусланская правда”). Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў: “У завіруху”, “Гарачы жнівень”, “Блізкае і далёкае”, “Белыя вішні і яблыні” і інш. Аўтар рамана “Мінскі напрамак”, цыкла раманаў “Палеская хроніка” — “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань”. Па раманах “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” Беларускім тэлебачаннем створаны спектакль і кінастужка.

Аб гэтым ішла размова з вучнямі 8 класа Нацкага НПК ў мясцовай сельскай бібліятэцы на завочнай літаратурнай імпрэзе “Духоўны свет герояў  Івана Мележа”.

Пад меладычную песню “Люблю наш край” вядучыя Мілана Дудко, Аляксандр Струкель, Віялета Мяжэвіч распачалі аповед: “Ёсць у кожнага чалавека мілы сэрцу куток, які з бегам часу не толькі не цямнее ў памяці, а становіцца яснейшым, даражэйшым. Сярод хвалюючых успамінаў ён — самы дарагі. Гэты куток — хата, дзе мы вучыліся хадзіць і дзе адчулі цеплыню матчыных рук. Гэта куток нашага маленства. Для Івана Паўлавіча Мележа, народнага пісьменніка Беларусі, такім дарагім кутком было Палессе…”. І гэты расказ пра жыццёвы і творчы шлях творцы, пра яго талент, дабрыню і чалавечнасць уважліва слухалі прысутныя. Дзякуючы прэзентацыі вучні змаглі “прайсці” па дарогах жыцця знакамітага пісьменніка. Несумненным для ўсіх было адно: спадчына Івана Мележа будзе жыць праз гады і стагоддзі.

Людміла БЯРЦЭВІЧ,

бібліятэкар Нацкай сельскай бібліятэкі.

Фота з архіва бібліятэкі.
Добавление комментария
CAPTCHA
*