Свята беларускага байкапiсца



5 сакавіка споўнілася 120 год з дня нараджэння беларускага пісьменніка, паэта, байкапісца, драматурга, перакладчыка, літаратуразнаўца Кандрата Крапівы. Вучні Клайшанскай базавай школы з гэтай нагоды правялі мерапрыемства ў форме інтэлектуальнай гульні “Усё пра Кандрата Крапіву”.

Распачалося яно з паказу цікавага відэафільма “Загадкі дзеда Кандрата”, які стаў своеасаблівай шпаргалкай у гульні.

Вядучыя мерапрыемства задавалі пытанні па біяграфіі і творчасці пісьменніка, падзяліўшы іх на такія ўмоўныя намінацыі, як “Сцяжынкі жыцця”, “К. Крапіва — паэт”, “К. Крапіва — байкапісец”, “К. Крапіва — драматург”, “К. Крапіва — перакладчык”, “К. Крапіва — літаратуразнавец”. За адказы ў кожнай намінацыі можна было атрымаць ад 10 да 50 балаў.

Другая частка мерапрыемства была творчай: тут чыталі вершы і інсцэніравалі байкі, спявалі песні. Верш “Крапіва” прачытала вучаніца 6 класа Юліяна Бартось. Прыгожую песню пра Беларусь выканалі яе сяброўкі Алеся Бярцэвіч, Васіліса Фокіна, Дар’я Коўза, Ксенія Русялевіч. Вучні 4 класа Аліна Вільчэўская, Аляксандр Валюкевіч, Елізавета Краўцова інсцэніравалі байку “Мурашка і Жук”, а васьмікласніцы Яна Фірко і Ангеліна Мацкевіч — “Дзве кумы”. Віка Кандрацкая артыстычна прачытала байку “Дыпламаваны баран”, за што атрымала гучныя апладысменты. З вялікім захапленнем прысутныя слухалі самую маленькую ўдзельніцу Валерыю Карпінскую, якая прадэманстравала музычную пастаноўку і прачытала верш “Плеткары”.

Колькі радасці і задавальнення атрымалі ўдзельнікі і госці свята! Гэтая літаратурная імпрэза ўсім прыйшлася даспадобы, і, спадзяёмся, яны будуць чытаць творы К. Крапівы з большай ахвотай.

Анастасія Кулік

і Данііл Боўшыс,

вядучыя мерапрыемства.

Фота з архіва Клайшанскай БШ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*