Святам фальклору прадоўжыўся Тыдзень культуры на Воранаўшчыне 16 жніўня.



У аўторак Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў на цэлы дзень стала адначасова і галерэяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і канцэртнай пляцоўкай. Працавалі выставы народных умельцаў, на якіх былі прадстаўлены жывапіс, вышыўка, вырабы з керамікі, бісеру, дрэва… Аб традыцыях і абрадах, якія праводзяцца ў нашым рэгіёне, распавядала фотавыстава “Кола народных традыцый Воранаўшчыны”.

Прыемна было ў чарговы раз сустрэцца і са знакамітай не толькі ў нашым раёне, але і шырока вядомай у вобласці і краіне Станіславай Вікенц’еўнай Міхнай з Пагародна — народным майстрам Рэспублікі Беларусь. Кросны яна асвоіла ў 14-гадовым узросце, але і сёння, у свае 85, ткацкай справы не цураецца і перадае свой багаты творчы вопыт юным пагародзенцам. Яе майстар-класы апошнім часам праходзілі падчас розных мерапрыемстваў у Мінску і Гродне. А гэтым разам у Воранаве Станіслава Вікенц’еўна паказала і расказала, як трэба ткаць у чатыры нічальніцы. Прыгожае будзе пакрывала!



Уразіла таксама і вышыўка майстра народнай творчасці Саламеі Антаненкі з нашага райцэнтра. На сурвэтках рознага памеру адлюстраваны, у асноўным, кветкі, але ёсць і больш складаныя сюжэты на духоўную тэматыку.

— Вышываць навучылася сама па сабе, калі яшчэ ха-дзіла ў першы ці другі клас, — успамінае Саламея Іосіфаўна. — Збірала розныя парады з газет, выпісывала папулярны тады часопіс “Крестьянка”, дзе друкавалася шмат матэрыялаў для такіх жа, як я, аматараў. Найбольш выкарыстоўвала такія прыёмы, як вышыўка гладдзю і крыжыкам. Ніколі не шкадавала грошай на ніткі, тканіну. Цяпер цяжка і ўспомніць, колькі вышыла рэчаў. Большасць работ раздарыла родным, знаёмым. Можа, некалькі прадала.

— Няўжо не было жадаючых купіць вось гэтую? — паказваю на вышытую, нібы маслам напісаную, карціну з выявай Ісуса Хрыста.

— На адной з выстаў давалі паўтара мільёна рублёў, — кажа майстрыха, — не прадала. Нават за долары не аддала б. Вельмі да сэрца яна мне. Здаралася, што да 3-4 гадзін ночы вышывала.

Такімі ж адданымі творчай справе з’яўляюцца і ўдзельнікі хору “Землякі”. Колькі б іх не слухаў, кожны раз адкрываю для сябе новыя фарбы ў спевах таленавітых ветэранаў працы, не перастаю здзіўляцца іх таленту і вялікаму жаданню тварыць.

Тое ж самае тычыцца і спявачак з Доцішкаў: Уладзіславы Алюк, Вандаліны Сосны, Марыі Сенканец, Міраславы Сінкевіч і Марыі Юхневіч. Іх ансамбль “Вянок” — сапраўдны носьбіт народнага песеннага фальклору, а ён, як вядома, характарызуецца не толькі сваім пранікнёным лірызмам, але напоўнены жартам і гумарам, хай сабе часам і грубаватым, але праўдзівым, як у паўсядзённым нашым жыцці. Таму не дзіўна, што гледачы ўспрынялі выступленне доцішскіх спявачак на біс.

Ніхто з прысутных не застаўся абыякавым і да выступлення вакальнага ансамбля “Падзітвяначка” з Боль-цішскага сельсавета.  Уладзіслава Амбражук, Уладзіслава Комінч, Марыяна Юргевіч і Ванда Міндзюль з прыро-джанай інтэлегентнасцю спявалі песні на беларускай, літоўскай, польскай і рускай мовах. Слухалі іх з вялікім задавальненнем і светлай зайздрасцю: якім жа вялікім песенным скарбам валодаюць гэтыя жанчыны, наколькі багатыя яны духоўна. Так спяваць можа толькі наш таленавіты народ.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: ткачыха С. Міхна; вышывальшчыца С. Антаненка; фрагменты з выставы.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.







Добавление комментария
CAPTCHA
*