Літаратурна-музычная гасцёўня ў Канвелішскім навучальна-педагагічным комплексе сабрала россып талентаў (Фота, Відэа)
— Калі хочаш адпачыць духоўна і душэўна, прыязджай у Канвелішскі НПК, — вітаючы прадстаўнікоў раённага дэпутатскага корпуса, творчых гасцей — кандыдатаў філалагічных навук, дацэнтаў кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Аліну Эдмундаўну Сабуць і Руслана Канстанцінавіча Казлоўскага разам са студэнтамі — і землякоў, аматараў паэтычнага слова, зазначыла старшыня райсавета дэпутатаў Алена Янаўна Ганевіч.
[embed]
І сапраўды, кранальны аўтарскі радок пра малую радзіму, Айчыну, землякоў, беларускія меладычныя, жартаўлівыя напевы зрабілі сваю справу: на сэрцы стала лёгка, хораша. Падумалася: “Як цудоўна звацца беларусам!”
Творчыя сюрпрызы, здавалася, не закончацца. Гродзенскі паэт Пётр Сямінскі прысвяціў свае вершы Воранаву і Канвелішкам, прадэманстраваў майстэрства рыфмаванай імправізацыю. Цеплыня і любоў да роднай зямлі перапляліся ў радках лірычнай паэтэсы Аліны Сабуць. Да адкрытага “паэтычнага” мікрафона смела падыходзілі і студэнты, і мясцовыя жыхары: Ксенія Сварабовіч, Сафія Кічко, Святлана Барэйша, Рамуальд Уладзіміравіч Бень. Дарэчы, Святлана і Рамуальд Уладзіміравіч дэбютавалі з аўтарскімі вершамі.
Бачачы такі россып талентаў, перастаеш сумнявацца ў тым, што ў Канвелішскай школе назаўжды пасялілася муза. А яе ўзрасціць, выпесціць даўно дапамагаюць канвелішцам Руслан Канстанцінавіч, Аліна Эдмундаўна і намеснік старшыні Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменікаў Беларусі Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык. За тое, што яны адкрываюць дзівосны свет беларускага слова вучням, узбагачаюць духоўна як дзяцей, так і дарослых старшыня райсавета дэпутатаў А.Я. Ганевіч падрыхтавала для іх Падзячныя лісты.