Успамiн пра земляка
Семдзесят год ззяе мірнае неба над нашай роднай Беларуссю. За гэты час ужо вырасла не адно пакаленне людзей, якія не зведалі жахаў вайны. Да іх адносімся і мы, члены школьнага краязнаўчага гуртка “Спадчына”. У мінулым годзе нам пашанцавала сустрэцца са сведкай падзей радаснага і сумнага для Беларусі 1944-га года — Браніславам Вікенцьевічам Русіновічам. На жаль, да 70-годдзя Вялікай Перамогі ён не дажыў. 28 студзеня 2015 года яго не стала.
Падчас сустрэчы Браніслаў Вікенцьевіч апавёў нам пра сваю маладосць і тыя жыццёвыя выпрабаванні, якія ляглі на яго плечы не толькі ў ваенны час, але і ў перыяд пасляваеннага аднаўлення краіны. Наш зямляк нарадзіўся 7 жніўня 1922 года і жыў у вёсцы Мантуны. Закончыў 4 класы Катавіцкай польскай школы, а затым Ваверскую польскую сямігодку. Пасля вучобы, як і многія яго аднавяскоўцы, пасвіў коней у пана Сапоцькі. Каб мець кусок хлеба, трэба было батрачыць.
— У верасні 1939г. была вызвалена тэрыторыя Заходняй Беларусі. Я ў гэты час разам з хлопцамі і дзяўчатамі нашай вёскі і іншых навакольных прымаў удзел у будаўніцтве аэрадромаў каля Начы і Пагародна, — успамінаў субяседнік. — І тут пачалася вайна…
З хваляваннем Браніслаў Вікенцьевіч расказаў аб тым, як нямецкія самалёты бамбілі Ліду:
— Грукат ад бамбёжкі быў чуваць нават у нас, у Мантунах. Самалёты ляцелі групамі і наводзілі жах на мясцовых жыхароў. Усюды зверствавалі фашысты: палілі нашы вёскі і хутары, моладзь вывозілі ў Германію, здзекаваліся над мірнымі жыхарамі.
Да размовы далучылася жонка Браніслава Вікенцьевіча — Станіслава Юльянаўна:
— У 1944 годзе пачалася мабілізацыя. З нашай вёскі (яна таксама нарадзілася ў Мантунах. — Прыкм. аўт.) забралі 33 чалавекі і яго таксама (паглядзела на мужа і змахнула слязу).
Мы даведаліся, што ваенны шлях нашага слаўнага земляка ляжаў праз польскі Беласток. Два тыдні рыхтавалі салдат на перадавую. Малады баец Браніслаў быў адпраўлены ў Люблін у мінамётны полк. Былі раненні, лячэнне ў шпіталі. Трапіў у зенітную артылерыю, фарсіраваў Одэр. Перамогу са слязамі радасці на вачах сустракаў у Берліне.
Уразілі нас і ўспаміны ветэрана пра пасляваенныя гады. Пасля заканчэння вайны Браніслаў Вікенцьевіч працягваў службу ў зенітным палку на тэрыторыі Польшчы. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе. Яму прапаноўвалі застацца там, але адмовіўся — быў адзіным сынам, і бацькі вельмі прасілі вярнуцца дадому.
Пасля вайны пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. І тут наш ветэран быў у перадавых. У 1951 годзе, калі арганізавалі калгас у в. Мантуны, стаў рахункаводам. Затым, пачынаючы з 1955 года, быў старшынёй калгаса “Уперад”. Завочна закончыў Ваўкавыскі сельгастэхнікум.
Браніслаў Вікенцьевіч карыстаўся заслужаным аўтарытэтам не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, абласнога і раённага Саветаў, членам райкама партыі. За свой ратны подзвіг і шматгадовую працоўную дзейнасць узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны, Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знак Пашаны” (двойчы), шматлікімі медалямі, граматамі.
З 1976 па 1985 год узначальваў Місявіцкі сельскі Савет. Будучы на заслужаным адпачынку — пярвічную ветэранскую арганізацыю сельсавета.
Браніслаў Вікенцьевіч быў не толькі добрым кіраўніком, але і цудоўным сем’янінам. Разам з жонкаю выгадавалі сына і дачку, дапамагалі падымаць на ногі ўнукаў. Пражылі цяжкае, але шчаслівае жыццё і пакінулі яго амаль разам.
Вось такі няпросты шлях давялося прайсці ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Браніславу Вікенцьевічу Русіновічу, памяць аб якім назаўсёды застанецца з намі.
Надзея КУЛЕШ,
вучаніца 7 класа Забалацкага НПК.
Фота з архіва Забалацкага НПК.