Успамiн пра земляка

Успамiн пра земляка


Семдзесят год ззяе мірнае неба над нашай роднай Беларуссю. За гэты час ужо вырасла не адно  пакаленне людзей, якія не зведалі жахаў вайны. Да іх адносімся і мы, члены школьнага краязнаўчага гуртка “Спадчына”. У мінулым годзе нам пашанцавала сустрэцца са сведкай падзей радаснага і сумнага для Беларусі 1944-га года — Браніславам Вікенцьевічам Русіновічам. На жаль, да 70-годдзя Вялікай Перамогі ён не дажыў. 28 студзеня 2015 года яго не стала.

Падчас сустрэчы Браніслаў Вікенцьевіч апавёў нам пра сваю маладосць і тыя жыццёвыя выпрабаванні, якія ляглі на яго плечы не толькі ў ваенны час, але і ў перыяд пасляваеннага аднаўлення краіны. Наш зямляк нарадзіўся 7 жніўня 1922 года і жыў у вёсцы Мантуны. Закончыў 4 класы Катавіцкай польскай школы, а затым Ваверскую польскую сямігодку. Пасля вучобы, як і многія яго аднавяскоўцы, пасвіў коней у пана Сапоцькі. Каб мець кусок хлеба, трэба было батрачыць.

— У  верасні 1939г. была вызвалена тэрыторыя Заходняй Беларусі. Я ў гэты час разам з хлопцамі і дзяўчатамі нашай вёскі і іншых навакольных прымаў удзел у будаўніцтве аэрадромаў каля Начы і Пагародна, — успамінаў субяседнік. — І тут пачалася вайна…

З хваляваннем Браніслаў Вікенцьевіч расказаў аб тым, як нямецкія самалёты бамбілі Ліду:

— Грукат ад бамбёжкі быў чуваць нават у нас, у Мантунах. Самалёты  ляцелі групамі і наводзілі жах на мясцовых жыхароў. Усюды зверствавалі фашысты: палілі нашы вёскі і хутары, моладзь вывозілі ў Германію, здзекаваліся над мірнымі жыхарамі.

Да размовы далучылася жонка Браніслава Вікенцьевіча — Станіслава Юльянаўна:

— У 1944 годзе пачалася мабілізацыя. З нашай вёскі (яна таксама нарадзілася ў Мантунах. — Прыкм. аўт.) забралі 33 чалавекі  і яго таксама (паглядзела на мужа і змахнула слязу).

Мы даведаліся, што ваенны шлях нашага слаўнага земляка ляжаў праз польскі Беласток. Два тыдні рыхтавалі салдат на перадавую. Малады баец Браніслаў быў адпраўлены ў Люблін у мінамётны полк.  Былі раненні, лячэнне ў шпіталі. Трапіў у зенітную артылерыю, фарсіраваў Одэр. Перамогу са слязамі радасці на вачах сустракаў у Берліне.

Уразілі нас і ўспаміны ветэрана пра пасляваенныя гады. Пасля заканчэння вайны Браніслаў Вікенцьевіч працягваў службу ў зенітным палку на тэрыторыі Польшчы. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе. Яму прапаноўвалі застацца там, але адмовіўся — быў адзіным сынам, і бацькі вельмі прасілі вярнуцца дадому.

Пасля вайны пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. І тут наш ветэран быў у перадавых. У 1951 годзе, калі арганізавалі калгас у в. Мантуны, стаў рахункаводам. Затым, пачынаючы з 1955 года, быў старшынёй калгаса “Уперад”. Завочна закончыў Ваўкавыскі сельгастэхнікум.

Браніслаў Вікенцьевіч карыстаўся заслужаным аўтарытэтам не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, абласнога і раённага Саветаў, членам райкама партыі. За свой ратны подзвіг і шматгадовую працоўную дзейнасць узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны, Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знак Пашаны” (двойчы), шматлікімі медалямі, граматамі.

З 1976 па 1985 год узначальваў Місявіцкі сельскі Савет. Будучы на заслужаным адпачынку — пярвічную ветэранскую арганізацыю сельсавета.

Браніслаў Вікенцьевіч быў не толькі добрым кіраўніком, але і цудоўным сем’янінам. Разам з жонкаю выгадавалі сына і дачку, дапамагалі падымаць на ногі ўнукаў. Пражылі цяжкае, але шчаслівае жыццё і пакінулі яго амаль разам.

Вось такі няпросты шлях давялося прайсці ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Браніславу Вікенцьевічу Русіновічу, памяць аб якім назаўсёды застанецца з намі.

Надзея КУЛЕШ,

вучаніца 7 класа Забалацкага НПК.

Фота з архіва Забалацкага НПК.