Вандроўка ў Святую Зямлю

Из редакционной почты 20 декабря 13 1727
Шмат стагоддзяў таму назад прывёў з Назарэта ў Віфліем Юзаф цяжарную жонку Дзеву Марыю. На начлег яны размясціліся ў халоднай пячоры, куды на ноч зганялі авечак. Тут у яслях з’явіўся на свет Езус. Сюды прывяла пастушкоў усходняя зорка, якая абвясціла з’яўленне Збавіцеля.
Толькі ўявіце сабе, якія пачуцці ў простага чалавека можа выклікаць вандроўка ў гэтыя Святыя месцы: сваімі вачамі ўбачыць, прайсці сцяжынкамі і дакрануцца да жывой гісторыі! Мне пашчасціла пабываць на Святой Зямлі. Шляхам пастушкоў мы доўга паднімаліся на крутую гару, нарэшце выйшлі на вялікую плошчу перад царквой. На ёй кожны год на Ражство запальваюць на ялінцы прыгожую зорку. Хачу пад-крэсліць, што лясную прыгажуню ўсталёўваюць спецыяльна для хрысціян, якіх у Ізраілі толькі 2%. Прыемна было пачуць ад гіда, што прыгожыя люстры для царквы падараваў расійскі імператар Аляксандр ІІ. А парча з сукенкі Елізаветы пайшла на ўпрыгожванне адзінай ва ўсім свеце карціны Божай Маці з немаўляткам, на якой яна ўсміхаецца. Шмат часу правялі мы ў чарзе, каб спусціцца ў вузкую пячору, асвечаную 48 лампадамі, каб пабачыць яслі, срэбраную зорку і ўпасці перад ёю ніц. На ёй ёсць надпіс на латыні: “Тут Дзева Марыя нарадзіла Іісуса Хрыста”. Убачылі і пячору св. Іераніма, дзе ўвесь час ён пражыў, творачы Вульгат — пераклад Бібліі з латыні. Завіталі і ў царкву Малочнага грота, у якой схаваліся за камнем ад расправы цара Ірада Іосіф з жонкаю і дзіцём, уцякаючы ў Егіпет. Напалоханы з’яўленнем на свет новага цара, які адніме ў яго ўладу, шукаючы Езуса, Ірад загадаў слугам знішчыць 14 000 грудных дзетак. За гэта злачынства Бог пакараў цара: яго цела пакрылася нарывамі, і ён хутка памёр. Толькі пасля яго смерці Іосіф з сям’ёй вярнуліся ў Назарэт. Калі Дзева Марыя карміла дзіцятка Езуса, кропля малака трапіла на камень, і той стаў белым. Таму Малочны грот пабудаваны з белай скалістай пароды. Сюды часцей за ўсё наведваюцца жанчыны, хворыя бясплоднасцю, і людзі, пакутуючыя на рак.


Як прыемна ўявіць, што цяпер, сабраўшыся за святочным сталом са сваімі роднымі і блізкімі, каб павіншаваць адзін аднаго са з’яўленнем на свет Збавіцеля, мы запалім Віфліемскія свечкі, якія асвяцілі ў царкве Ражства Хрыстова. Іх нельга прадаваць, а можна толькі падарыць людзям, каб іх агеньчык сагрэў сэрцы цеплынёй, надзеяй і пяшчотай, якую дараваў нам Хрыстос і якая аб’ядноўвае ўсіх вернікаў. З Ражством Хрыстовым вас, паважаныя землякі!

Іван ВАЛЮКЕВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*