Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прыняў удзел ва ўрачыстасцях у санктуарыі ў Тракелях

Из редакционной почты 30 октября 12 1836

22 кастрычніка Касцёл адзначае літургічны ўспамін бл. Яна Паўла ІІ. На гэты дзень прыпадае інаўгурацыя яго Пантыфікату. Касцёл просіць Бога, багатага ў міласэрнасці, каб, дзякуючы навучанню Вялікага Папы, «з даверам адкрыць нашы сэрцы на дзеянне збаўчай ласкі Хрыста, адзінага Адкупіцеля чалавека». У гэты дзень у санктуарыі ў Тракелях Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам прыняў удзел ва ўрачыстым унясенні рэліквій крыві Яна Паўла ІІ. У свяце ўдзельнічалі ўсе светары Гродзенскай дыяцэзіі, якія ў гэты дзень перажывалі свой Дзень духоўных сустрэч.

Пад гук любімай песні Вялікага Папы «Barka» урачыстасць распачалася ўнясеннем рэліквіярыя з крывёю благаслаўлёнага, які затым быў змешчаны ў адпаведным месцы санктуарыя. Дарэчы, рэліквіі будуць захоўвацца ў санктуарыі пастаянна, куды на працягу ўсяго года прыбываюць пілігрымы. Падчас урачыстасці адбылася таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Арцыбіскуп прамовіў канферэнцыю, прысвечаную асобе Яна Паўла ІІ. Апостальскі Нунцый адзначыў, што гэта больш асабістае сведчанне, якім ён прагне падзяліцца ў гэты выключны дзень. Іерарх заахвоціў светароў заглыбіцца ў духоўную спадчыну, якую пакінуў Ян Павел ІІ, праз чытанне прац Папы: кніг, энцыклік, Апостальскіх адгартацый.

Кульмінацыйным момантам святкавання літургічнага ўспаміну Яна Паўла ІІ стала ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый.

У гаміліі арцыбіскуп Гуджэроцці прадставіў Вялікага Папу як добрага і клапатлівага пастыра, які заўсёды дбаў аб сваёй аўчарні — Касцёле. Як адзначыў Апостальскі Нунцый, Ян Павел ІІ меў Добрую Навіну для кожнага чалавека. Ня-гледзячы на свае пакуты і фізічныя недамаганні, ён «ішоў далей, каб несці Добрую Навіну, і меў вялікае жаданне прыносіць суцяшэнне чалавеку». Кожнаму гэты Пантыфік хацеў даць усведамленне сваёй каштоўнасці, а людзі бачылі ў ім «Божага пасланца і сведку».

На завяршэнне ўрачыстасці да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў усім за ўдзел у сустрэчы, узаемнае братэрскае ўзбагачэнне і выказаў надзею, што благаслаўлёны Ян Павел ІІ, яго жыццё і справы стануць для многіх светароў натхненнем да далейшай пастырскай працы і дапамогуць ім станавіцца людзьмі малітвы.

Аляксандр Рудзевіч,

ксёндз-вікарый касцёла Наведвання Маці Божай Тракельскай.
Добавление комментария
CAPTCHA
*