Дыханне Начы У жыцці, інтэрнэце і кіно

Страницы истории 14 октября 11 2538
Пра вёску Нача — мястэчка з багатай гістарычнай і духоўнай спадчынай у Воранаўскім раёне — я даведалася некалькі гадоў таму з… інтэрнэту. Трапіўшы на сайт, створаны мясцовымі энтузіястамі, не магла адарвацца ад аповедаў пра мясцовы касцёл, род Нарбутаў і Шукевічаў, школьны музей і бібліятэку, традыцыі продкаў і дзень сённяшні. Заінтрыгавалі змешчаныя ў адным з раздзелаў сачыненні школьнікаў “За што я люблю Начу”. Для сябе вырашыла: абавязкова там пабываю! І вось мая мара ажыццявілася: разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы Воранаўскага райвыканкама Станіславай Дубок мы адпраўляемся ў дарогу. Станіслава Вацлаваўна — цудоўны субяседнік і расказчык, ведае пра Воранаўшчыну, здаецца, усё.
Музыка душы
… Яшчэ не бачна вёскі, а раптам аднекуль вырастаюць вежы велічнага чырвонага касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі — візітоўкі і абярэга Начы. Прыгажосць, аж дыханне захоплівае! Чым бліжэй да храма, тым больш эмоцый.
Першыя пісьмовыя звесткі пра вёску адносяць да 1517 года, але, згодна з археалагічнымі даследваннямі вядомага беларускага археолага, выхадца з Начы Вандаліна Шукевіча, першыя людзі пасяліліся тут 4-4,5 тысячы гадоў таму. Парафія і касцёл узніклі ў 1529-м. Будаўніцтва першага касцёла фундавала Марыя, удава па Янушу Касцевічу, з ваяводства Падляскага. З цягам часу храм некалькі разоў перабудоўваўся, і толькі ў 1910 годзе атрымаў сучасны выгляд. Рэлігійныя традыцыі ў Начы вельмі даўнія і трывалыя. Людзі жывуць з Богам, працуюць з Богам, з Богам выхоўваюць дзетак. Звон старажытнай званіцы, пабудаванай у 1832 годзе, разносіцца па наваколлі, бы музыка душы. Кажуць, падчас Вялікай Айчыннай вяскоўцы хавалі званы… у зямлі за касцёлам. Каб не дасталіся фашыстам.
Як і любая іншая вёска, Нача жыве нетаропкім жыццём: працуе, вучыцца, садзіць-убірае соткі ды гародчыкі, даглядае жывёлу, святкуе святы, радуецца добрым падзеям і смуткуе, калі бяда. Зараз тут налічваецца 426 жыхароў (па звестках на 1 студзеня 2011 года). Працуюць дзве крамы, ФАП, пошта, бібліятэка, дзіцячы садок-агульнаадукацыйная сярэдняя школа, сельскі Цэнтр нацыянальных культур, дзе, між іншым, летам на танцы збіраецца пад сотню (!) маладых людзей з усяе акругі.
Асяродак нацыянальнай культуры
Нача — на дзіва чытаючая вёска. У сельскай бібліятэцы, якая размяшчаецца ў гістарычнай забудове 1935 года — доме людовым, заўжды ёсць наведвальнікі. Яе паслугамі актыўна карыстаюцца больш за пяцьсот жыхароў Начы і наваколля, 220 з іх — дзеці. Бібліятэкар першай катэгорыі Людміла Бярцэвіч прыцягвае хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі кніжнымі навінкамі ды новымі маляўнічымі часопісамі, але і рознымі конкурсамі ды цікавымі заняткамі. Напрыклад, саломапляценнем, дэкорам галінак, вырабам сухіх букетаў, а цяпер — пляценнем з газет. Вакол бібліятэкі і Цэнтра нацыянальных культур ад ранняй вясны да позняй восені цвітуць шыкоўныя кветкі. Мудрагелістыя фларыстычныя кампазіцыі прывучаюць дзяцей да прыгажосці, выхоўваюць густ і гаспадарлівасць.
— Нацыя, у якой няма мінулага, — не мае будучыні, — Людміла Яўгенаўна ўзгадвае ісціну і з задавальненнем паведамляе, што ў іх бібліятэкі — краязнаўчы накірунак. Нядаўна ўстанова заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “Даследчая і краязнаўчая работа”.
Яшчэ б! У Начы ёсць пра каго збіраць матэрыялы: сапраўднае суквецце гістарычных асоб! У самой вёсцы і ваколіцах нарадзіліся Тэадор Остык-Нарбут (1784-1864) — інжынер, археолаг, фалькларыст, краязнаўца, літаратар, паэт, гісторык, які ведаў 9 еўрапейскіх моў; ягоны сын Людвік Нарбут (1832-1863) — кіраўнік паўстанскага атраду Лідскага павета, выразнік духу і гераізму эпохі; Вандалін Аляксандравіч Шукевіч (1852-1919) — знакаміты навуковец, гісторык, пачынальнік навуковай археалогіі ў Заходняй Беларусі і іншыя. Пра ўсіх вам раскажуць у школьным гісторыка-краязнаўчым музеі імя Т. Остык-Нарбута.
Скарбонка памяці
Музей, адчынены ў лютым 2006-га, — сапраўдная скарбонка каштоўных экспанатаў. І памяці. У адным з яго пакояў размясціўся этнаграфічны куток, у другім — экспазіцыі “І няхай пакаленні памятаюць…”, “З гісторыі школы”, “Нашы славутыя землякі”. Два гады таму з’явілася новая — “І вера, і вечнасць”, прысвечаная гісторыі Нацкай парафіі і касцёла.
Часцінку душы ў музеі пакінуў ініцыятар яго стварэння, былы настаўнік гісторыі, краязнаўца і паэт Уладзімір Руль, які перадаў туды кнігі, фотаздымкі, копіі рэдкіх навуковых работ. Шмат намаганняў прыклала намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Ірына Урублеўская. Зараз пра музей дбае Андрэй Куель — выкладчык гісторыі, які восем год таму прыехаў па размеркаванні ў Начу і прырос да яе ўсім сэрцам.
— Імкнемся прывіць дзецям любоў да Бацькаўшчыны, — дзеліцца Андрэй Часлававіч. — Каб з маленства напаўняліся духам нацыянальнай самасвядомасці і адчувалі гонар за сваю малую радзіму. Каб былі звязаны з ёй непарыўнымі ніцямі. Каб Нача не адпускала і ў дарослым жыцці хацелася сюды вяртацца…
Кіно для нашчадкаў.
Стваральнікі новай гісторыі
Мы дыхаем сваім паветрам,
Бацькоўскім, родным.
Цвёрда верым:
Невыпадкова лёсы нашы
Перапляліся ў вёсцы Нача…
Гэта радкі з верша мясцовага паэта Антона Янкоўскага — выкладчыка тэатральных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, аўтара зборніка вершаў “Анёл з васільковымі вачыма”, аднаго са стваральнікаў вясковага сайта і… рэжысёра дакументальнага фільма пра Начу.
— Фільм “Дыханне Начы” — не столькі візітоўка вёскі ці дапаможнік для турыстаў, — распавядае Антон, — колькі паэтычнае прызнанне ў любові свайму роднаму куточку. Мы ганарымся, што ў Начы — нашы карані. Мы пішам новую гісторыю вёскі…
Ствараць фільм Антону Янкоўскаму дапамаглі ягоны брат Аляксандр — студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Андрэй Куель — выкладчык гісторыі мясцовай школы і Віктар Урублеўскі — метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета.
… Мы пастаялі ў задуменні ля магілы Тэадора Нарбута, памаўчалі пра сваё ля сямейнай капліцы Шукевічаў. Светлая туга напоўніла сэрцы. Наша беларуская вёска з яе спрадвечным культурным асяродкам не памрэ, пакуль пра яе будуць дбаць апантаныя, улюбёныя ў свой родны кут людзі… Пакуль мы будзем трымацца каранёў сваіх…
Ала БІБІКАВА.
На здымках: касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі летась справіў сваё стагоддзе; сельская бібліятэка і Цэнтр нацыянальных культур —асяродак нацыянальнай культуры; бібліятэкар
Л. Бярцэвіч; у школьным гісторыка-краязнаўчым
музеі імя Т. Остык-Нарбута; сямейная капліца
Шукевічаў — гісторыка-культурная каштоўнасць дзяржавы; А. Янкоўскі і Нача:
узаемная любоў.
Фота аўтара і з архіва Антона Янкоўскага.











Добавление комментария
CAPTCHA
*