Кніга памяці забалацкай зямлі

Страницы истории 16 сентября 11 2278
Так па праву можна назваць этнаграфічны музей Забалацкага вучэбна-педагагічнага комплексу. У адным пакоі змясціліся шматгадовая гісторыя аграгарадка і навакольных вёсак, лёсы людзей гэтай зямлі. Усё захоўваецца ў трох сотнях экспанатаў, якія складаюць асноўны фонд музея. Жыццё і побыт людзей, вырабы народных умельцаў, гісторыя Забалацкай парафіі, ваенныя і мірныя дарогі ветэранаў-землякоў — аб гэтым расказваюць раздзелы экспазіцыі. Настаўнікі і вучні ўстановы беражліва захоўваюць гэтую рэдкую кнігу пра сваю зямлю, дапісваюць на яе старонкі сучасныя падзеі.
У 80-я гады ініцыятыву настаўніцы рускай мовы Таццяны Мялешка па стварэнні этнаграфічнага музея  падтрымалі кіраўнікі гурткоў “Наш край” (Яніна Васько) і “Фалькларыст” (Фаіна Войшніс). Гэта жанчына амаль 30 гадоў займаецца краязнаўствам, а 15 з іх плённа кіруе музеем. Улюбёная ў сваю працу, Ф. Войшніс змагла зацікавіць вучняў вывучэннем багатай гісторыі малой радзімы і аб’яднаць іх адной справай. Разам з імі настаўніца на факультатыўным курсе “Спадчына” даследуе каляндарна-абрадавы цыкл нашага краю.
Пачалося стварэнне музея са збору экспанатаў. Да цікавай і новай справы падключыліся вучні-энтузіясты і іх бацькі. Жыхары вёсак Забалацкага сельсавета знаходзілі на гарышчах хат і хлявоў розныя рэчы, а юныя краязнаўцы з радасцю неслі іх у школу. Для ўсяго сабранага колішні дырэктар Яўген Карпянкоў выдзяліў класны пакой. А ён усё папаўняўся вырабамі ганчарства, кавальства, ткацтва, дрэваапрацоўчых рамёстваў. Знойдзеных рэчаў хапіла бы на сапраўдны хатні інтэр’ер, дзе кожны заняў бы сваё месца. Таму ў хуткім часе мясцовыя майстры-ўмельцы Мікалай Гойда і Іван Казадойка “збудавалі” хату. Там экспанаты і размясціліся, напоўніўшы зместам зруб. Месца для  наведвальнікаў экскурсій было ўсё ж такі мала,  таму ў 1995 годзе музей пераехаў у большы пакой.
Сёння экспазіцыя музея складаецца з наступных раздзелаў: “Сялянская хатка канца ХІХ ст. - пачатку ХХ ст.”, “Двор заможнага гаспадара”, “Ткацтва і вышыўка”, “Вырабы з саломы і лазы”.
Шырока практыкуюцца навучальныя экскурсіі, тут праводзяцца тэматычныя ўрокі па беларускай  літаратуры, гісторыі, піянерскія зборы, конкурсы чытальнікаў, інфармацыйныя гадзіны. Безумоўна, такія ўрокі праходзяць цікава і запамінальна, ствараюць асаблівы эмацыянальны настрой.
У музей прыходзяць нават выхаванцы дзіцячага садка. Для іх, безумоўна, самае цікавае —  хатка. Там жа столькі новага! Такіх прылад у іх сучасных бабуляў няма — тэхнічны прагрэс яшчэ да іх нараджэння выцесніў на гарышчы газоўку, пранік з качалкай, прас на вуглях, саступіўшы месца электралюстры, мікрахвалёўцы, машыне-аўтамату і г.д. Вучні малодшых класаў знаёмяцца з жыццём і побытам людзей Воранаўшчыны, са славутымі землякамі, гісторыяй і культурай Забалаччыны. Экскурсаводамі выступаюць самі вучні, кардынуе работу музея савет, які ўзначальвае дырэктар установы Міхаіл Лях. Працуе 5 сектараў (у кожнага — свой напрамак работы). У лютым гэтага года вучні Таццяна Комар, Кацярына Наркун і Аляксандр Сініцкі паспяхова абаранілі гонар музея на рэспубліканскім конкурсе этнаграфічных музеяў устаноў адукацыі — атрымалі дыплом  трэцяй ступені. 
Музеям належыць вялікая роля ў захаванні нашай спадчыны. Аднак кіраўніцтва і педагагічны калектыў Забалацкага ВПК перакананы, што гэта яшчэ і дзейсны сродак выхавання грамадзяніна, які ведае, паважае і зберагае гісторыю сваёй краіны. А пачалі далучэнне да яе з даследавання мінулага сваёй школы, вёсак, вывучэння жыцця і дзейнасці сваіх землякоў.  І якую б прафесію не выбралі выпускнікі ў будучым, іх пошукавая і краязнаўчая работа саслужыць ім добрую службу.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
На здымках: кіраўнік этнаграфічнага музея Ф. Войшніс (у цэнтры) з вучнёўскім актывам; намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Г. Суркант з удзельнікамі рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*