Будзь здаровы гаспадар, будзь здаровай гаспадыня
Пад такой назвай у рамках Тыдня культуры стартаваў новы праект. Упершыню 18 жніўня жыхары вёскі Асава запрасілі ў госці сяльчан з Пелясы. А 19 жніўня асоўцы зрабілі зваротны візіт.
Да святаў рыхтаваліся старанна. Дбайныя гаспадары ўпрыгожылі свае двары вырабамі народнага промыслу. Глядзелі на гэтую прыгажосць і дзівіліся, якія слынныя майстры тут жылі і жывуць сёння. Хлебам-соллю віталі сяльчане дарагіх гасцей. Ганаровыя госці, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады — усе, як адзін, шчыра жадалі вяскоўцам, каб у Асаве і Пелясе не згасала святло ў акенцах, а да бацькоўскага парога спяшаліся дзеці. Няхай жыве вёска! Канешне ж, многія і маліліся за гэта падчас святой імшы ў касцёлах Святых Георгія і Лінуса.
Цёпла і сардэчна было на абодвух святах. Гучалі гісторыі паходжання населеных пунктаў. Крыху містычныя, з дасціпнай народнай фантазіяй… Колькі задору і трапнага гумару прагучала падчас конкурсаў прыпевак “Вёска на вёску”. Як аказалася, нашы землякі ведаюць іх настолькі шмат, што, пэўна, спявалі б гадзіны дзве, а то і тры. Таму ў рэшце рэшт перамагло сяброўства. І жыхары Асавы, і Пелясы горача віталі гасцей — вакальную групу “Рытмы мяжы” Лідскага пагранатрада, якая шчодра адорвала іх музычнымі кампазіцыямі. Гарачых апладысментаў за цудоўнае выкананне песень на беларускай, рускай і літоўскай мовах заслугоўвалі і ўдзельнікі аматарскай творчасці дзвюх вёсак.
…у Асаве
Госці з Пелясы, як гэта здаўна заведзена, прыехалі не з пустымі рукамі. Мастачка Надзея Радзюль намалявала на дрэве партрэт Маці Божай і падаравала гаспадыні мясцовага сельсавета — Вользе Сінельнікавай. А каб лепш асоўцы ўяўлялі, чым багата пяляская зямля і чым славяцца яе людзі, Надзея прачытала ўласны верш. А хутка госці ўжо самі знаёміліся з працавітымі, таленавітымі ды духоўна багатымі жыхарамі Асавы. А тыя, здаецца, памаладзелі душой. Бабулі жа ў хвалюючыя моманты выцерлі з твару ні адну слязінку. Бо так хораша казалі пра іх, асоўцаў. Пра самых мудрых людзей гэтай мясцовасці, якія ведаюць нямала пра родную зямлю, — Вінцэнціну Канстанцінаўну Ненартовіч і Эдмунда Янавіча Ненартовіча. Асобныя словы падзякі за духоўнасць гучалі ў адрас мясцовага святара — ксяндза-каноніка Яна Пецюна. З цеплынёй гаварыла вядучая Святлана Салмановіч пра шматдзетных матуляў. Пяцёра дзяцей выгадавала Марыя Казіміраўна Кіроль. Шасцёра — Яніна Вайцехаўна Вітукевіч. Ганарыцца гэтая жанчына тым, што яе дзеткі сталі пачынальнікамі дынастыі фермераў. Канешне ж, як не ўзгадаць было тых, хто плённа і аддана працаваў і сёння працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве — Гэлену Браніславаўну Ненартовіч, Казіміра Антонавіча і Яніну Мацвееўну Жукоўскіх, Ірыну Лявонаўну і Івана Генрыхавіча Рыхлевічаў. Руплівыя і дбайныя гаспападыні — Марыя Антонаўна Вайтулевіч, Ірына Эдмундаўна Вайцяхоўская і Данута Іосіфаўна Ненартовіч. Доўгія гады настаўнічалі ў Асоўскай школе Юзэфа Паўлаўна Ластоўская і Ванда Станіславаўна Вайцяхоўская. Іх гаспадары ў той час працавалі на карысць сельгастэхнікі. Цудоўная ўмеліца, у руках якой ажываюць пруткі, — Уладзіслава Людвікаўна Лемантовіч. Квітнеюць падворкі Іны Казіміраўны і Валерыя Альфрэдавіча Дайлідкаў, Дануты Людвікаўны Шылабрыт. Малая радзіма заўжды ў сэрцы былога бібліятэкара Ірыны Мечыславаўны Коўзы. Толькі тут яна адпачывае душой. Сёлета стараста Галіна Канстанцінаўна Гембіцкая адзначае 40-годдзе, як жыве ў гэтай мясцовасці. Сваім землякам жанчына з любоўю жадала, каб іх двары летам патаналі ў кветках, а зімой дыхалі камінамі.
Усім ім, хто сэрцам прыкіпеў да Асавы, стаў сапраўдным яе гаспадаром, кіраўніцтва КСУП э/б “Пагародна” падрыхтавала падарункі, каб памяць аб гэтым свяце доўга яшчэ жыла ў вяскоўцаў.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
…у Пелясе
На пляцоўку каля Пяляскай школы заклікала вясёлая музыка. Паступова глядзельная зала пад адкрытым небам запоўнілася мясцовымі жыхарамі, якія адарваліся ад сваіх штодзённых клопатаў, каб адпачыць, сустрэцца, паразмаўляць, паслухаць песні. У гонар іх — нястомных працаўнікоў палёў і сенажацей, сельскагаспадарчай, настаўніцкай і культурнай ніў, руплівых гаспадароў — ладзілася гэтае свята. Бо менавіта яны сваёй штодзённай працай падтрымліваюць жыццё і дабрабыт гэтай вёскі, шчырасцю і добразычлівасцю — згоду і ўзаемаразуменне двух народаў. Удзельнікаў свята прывітала на літоўскай мове музычная капэла настаўнікаў Пяляскай школы.
З душой і пад гучныя апладысменты прымалі жыхары гэтага краю сваіх гасцей — удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці — Святлану Салмановіч, Алену Вітукевіч, Сяргея Крываручку, Іосіфа Пашкілевіча, Васіля Маркевіча. Падтрымалі выступоўцаў найлепшым чынам — танцамі.
Парадавалі гасцей свята сваімі выступленнямі вакальны гурт в. Пеляса, выканаўцы з філіяла “Больцішскі цэнтр культуры і вольнага часу” — Надзея Бурак, Мілена Місура, Генадзій Цевель, Рэната Тункель.
Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас мясцовых жыхароў, усе, хто паднімаўся на сцэну, атрымалі падарункі ад кіраўніцтва СВК “Больцішкі” і Больцішскага цэнтра культуры. З удзячнасцю за мірнае неба згадалі і ўшанавалі Хвілінай маўчання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Я.А. Гальвелу, Б.М. Івашкевіча, С.В. Кропіса, В.І. Станішэўскага, В.К. Шымялевіча. Пажаданні здароўя і дабрабыту адрасавалі вядучыя старажылам вёскі — 87-гадоваму Станіславу Лаўрэнцьевічу Сялілу і 86-гадоваму Яну Юзэфавічу Сялілу. Не засталіся без увагі мясцовыя шлюбныя юбіляры — “залатыя” Яніна і Аўгусцін Шымялевічы, з 45-гадовым стажам сумеснага жыцця Яніна і Антон Адамонісы. Са сваёй дачкой Антон Антонавіч прыгожа і кранальна закружыў пад вальс “Свадебные голуби”. Запрасілі на сцэну для віншаванняў былых працаўнікоў сельгаскааператыва — загадчыцу фермы Ірыну Адамоніс і галоўнага бухгалтара Яніну Міндзюль, бібліятэкара Вацлаву Мацюлевіч і загадчыцу клуба Яніну Адамоніс. Адзначылі і рукадзельніц вёскі Гэлену Сціпіну, Тарэсу Івашку і Надзею Радзюль. Падзякавалі за гаспадарлівасць і ўтульнасць падворкаў Яніне і Івану Міндзюлям, Івану і Марыі Мацюлевічам, Марыі і Андрэю Сялілам. Здароўя і шчаслівай долі пажадалі самым маленькім вяскоўцам: Цімафею Паўловічу і дзяўчынцы, якая ноччу напярэдадні свята нарадзілася ў сям’і Ючч.
Свята атрымалася шчырым і пранікнёным. А самымі нястомнымі яго ўдзельнікамі былі дзеці: рух і мітусня на батуце не спыняліся ні на хвіліну.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Спадчына Тарэсе Антонаўне Івашцы засталася рэдкая — дзукійскі дыялект літоўскай мовы. Таму што далёкія продкі гэтай жанчыны жылі ў паўднёва-ўсходняй частцы Літвы. На пяляскай зямлі абжыліся даўно, з тых часоў і з’яўляюцца яе жыхарамі-носьбітамі літоўскай мовы, традыцый, культуры. Усё гэта ашчадна захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Тарэса Антонаўна больш дваццаці гадоў з’яўляецца сакратаром грамадскага аб’яднання літоўцаў “Гімціне”. На яе заўсёды можна разлічваць, любую даручаную справу выканае. Адказнасць, таварыскасць і дабрыня дамагаюць ёй падтрымліваць прыязныя адносіны з аднавяскоўцамі, ніколі не пакідае без увагі просьбы членаў абшчыны. Актывістамі аб’яднання з’яўляюцца і яе дзеці. Сын Леанід цяпер выкладае гісторыю Літвы ў Пялясскай школе, а дачка Алена звязала сваю прафесію з пагранічнай службай.
З асаблівай павагай ставяцца ў сям’і Тарэсы Антонаўны да дзяржаўных святаў незалежнасці Беларусі (3 ліпеня) і Літвы (16 лютага). Паміж сабой размаўляюць выключна на літоўскай мове. Бо, як лічыць жанчына, толькі ў штодзённых зносінах яе можна вывучыць і засвоіць. Што да кулінарных традыцый, то перапляліся яны даўно. Да таго ж вельмі падобныя яны ў двух народаў — аснову кухні і беларусаў, і літоўцаў складаюць свініна, бульба, лясныя дары. Ды й якая розніца, на стале “цэпелінай” ці клецкі, “ведарай” ці кішка, “кугеліс” ці бабка. Галоўнае, што гэта любімыя стравы ўсёй сям’і.
Шмат легенд і паданняў, звязаных з мясцовасцю, захавала ў памяці Тарэса Івашка, а ў хатняй калекцыі ёсць цэнная рэліквія — бабулін даматканы дыван, вытрыманы ў чырвона-жоўта-залёных колерах літоўскага сцяга. Ды й сама жанчына кросны разабрала толькі некалькі гадоў таму. Так што пяляскай майстрыцы ёсць што перадаць у спадчыну дзецям.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.