У гэтыя летнія дні ў Беларусі праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю слыннага пісьменніка Алеся Адамовіча.



Ён нарадзіўся 3 жніўня 1926 года. Яго малая радзіма — вёска Канюхі Капыльскага раёна. З 1928 года сям’я будучага пісьменніка жыла ў мястэчку Глуша Бабруйскага раёна.

Алесь браў удзел у Вялікай Айчыннай. З 1942г. ён, яшчэ вучань, з’яўляўся сувязным, а затым з 1943г. —  байцом партызанскага атрада імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. Алесю споўнілася 15 гадоў, калі ён стаў падпольшчыкам і партызанам. Вайна не магла не пакінуць глыбокі след у свядомасці юнака — і гэта з’явілася адной з прычын таго, што тэма вайны стала асноўнай у яго творчасці. Трагічны вопыт перажытага ў Вялікую Айчынную знайшоў сваё адлюстраванне ў дылогіі “Партызаны” (раманы “Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой”).

Хвалявала аўтара і тэма спаленых беларускіх вёсак. Яго “Хатынская аповесць” заснавана на дакументальных фактах.  Твор узнік з успамінаў жывых сведак знішчаных вёсак, партызанаў, падпольшчыкаў. Галоўным героем аповесці з’яўляецца Фларыян Пятровіч Гайшун, ветэран вайны, выкладчык псіхалогіі. Ён разам з былымі партызанамі едзе ў Хатынь — і  ў памяці сляпога чалавека  ажывае ваеннае ліхалецце: як падлеткам ваяваў у партызанскім атрадзе, цудам вырваўся з “вогненнай вёскі”.  Ніколі ўжо не можа сцерціся з памяці героя аповесці жудасная расправа карнікаў над мірнымі жыхарамі вёскі Пераходы, смерць маці, дзвюх сястрычак-блізнят, лепшага сябра... Жудасным расказам пра людзей, якія ператварыліся ў катаў, здраднікаў, з’яўляецца аповесць А. Адамовіча “Карнікі”.

У 1985г. на кінастудыі “Масфільм” быў пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм “Ідзі і глядзі” (сцэнарый А. Адамовіча і Э. Клімава, у аснову якога пакладзены “Хатынская аповесць” і “Карнікі”). Фільм заняў першае месца на Сусветным кінафестывалі ў Маскве, быў узнагаро-джаны залатым прызам. Ён трапіў у спіс фільмаў тэлевізійнага шоу “50 фільмаў, якія неабходна паглядзець перш, чым памерці”.

Алесь Адамовіч — адзін з аўтараў дакументальных кніг “Я з вогненнай вёскі…” (з  Я. Брылём, Ул. Калеснікам) і “Блакаднай кнігі” (з Д. Граніным). Пісьменнік, імкнучыся замацаваць у народнай памяці трагедыю кожнага чалавека, аб’ездзіў разам з сааўтарамі амаль усю Беларусь, запісаў звыш 300 жахлівых маналогаў-успа-мінаў ад удзельнікаў і ахвяр фашызму. У выніку з’явілася бессмяротная  кніга “Я з вогненнай вёскі” — страсны публіцыстычны дакумент, суровае абвінавачанне фашызму.

А. Адамовіч стаў сур’ёзным і скрупулёзным даследчыкам не толькі роднай, але і сусветнай літаратуры. Як крытык і літаратуразнавец пачаў  выступаць у друку яшчэ ў 1950г.  Ён аўтар такіх вядомых навуковых прац, як “Шлях да майстэрства: станаўленне мастацкага стылю К. Чорнага”,  “Культура творчасці”, “Беларускі раман”, “Маштабнасць прозы”, “Здалёк і зблізку: беларуская проза на літаратурнай планеце”, альбома “Сказ пра Івана Мележа”, многіх іншых кніг літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі.

Не стала пісьменніка 26 студзеня 1994г. Ён памёр ад хваробы сэрца і пахаваны ў мястэчку Глуша.

Алесь Адамовіч паказаў у сваіх даследаваннях, што адной з асноўных у беларускай прозе многія дзесяцігоддзі застаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны, гераізму, мужнасці савецкага народа ў барацьбе за свабоду i незалежнасць. А яшчэ А. Адамовіч не забывае нагадаць, што з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў адным страі змагароў супраць фашысцкіх захопнікаў былі і беларускія пісьменнікі. Рызыкуючы сваім жыццём, яны змагаліся ў дзеючай арміі, партызанскіх атрадах, падпольных арганізацыях. Але асноўнай іх зброяй было роднае слова. Многія з беларускіх літаратараў не дажылі да светлага Дня Перамогі. Але іх імёны навечна застануцца ўпісанымі залатымі літарамі ў кнігу народнай памяці.

На вялікі жаль, пасля развалу СССР ваенна-патрыятычная літаратура доўгі час была рэдкасцю ў выдавецкіх планах з-за нізкага попыту. У наш час наспела патрэба ў перавыданні лепшых твораў мастацкай, дакументальна-мастацкай і дакументальнай ваенна-патрыятычнай літаратуры. І творы Алеся Адамовіча ў гэтым плане вельмі змястоўныя, актуальныя і запатрабаваныя.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.
Добавление комментария
CAPTCHA
*