Чаму на Троiцу ўпрыгожваюць дамы галiнками бярозы. Народныя традыцыi аднаго з вялiкiх праваслаўных святаў

Духовность 12 июня 22 2014

Чаму на Троiцу ўпрыгожваюць дамы галiнками бярозы. Народныя традыцыi аднаго з вялiкiх праваслаўных святаў

Сёлета праваслаўныя вернікі адзначаюць яго 12 чэрвеня.

Троіца — апошняе свята ў вясеннім каляндарна-абрадавым цыкле, сёлета праваслаўныя вернікі адзначаць яго 12 чэрвеня.

Троіца ў народзе мела некалькі назваў — Сёмуха, Сёмка, Сёмік, Седмуха, Тройца, Зелянец, Зялёныя святкі, Духа. Свята не мае пастаяннай даты, бо залежыць ад Вялікадня і адзначаецца праз сем тыдняў пасля яго. Гэта дзень Святога Духа, які спусціўся на апосталаў праз 50 дзён пасля Уваскрэсення Хрыстовага.

У народнай аснове свята Троіцы — культ расліннасці і продкаў. Адзначалася яно ў гонар заканчэння ўсіх вясновых палявых работ.

Напярэдадні пад вечар па даўняму звычаю пачыналі ўпрыгожваць вуліцы, дамы і гаспадарчыя пабудовы зялёнымі галінкамі бярозы. Менавіта гэтае дрэва асабліва ўшаноўваецца ўсходнімі славянамі. Мабыць, таму, што бяроза распускаецца самай першай з дрэў і мае вельмі карысны сок. Бярозавыя пупышкі валодаюць лячэбным эфектам, бярозавыя дровы даюць шмат цяпла, з кары бярозы (бяросты) выраблялі розныя гаспадарчыя прадметы і нават абутак. Усе гэтыя якасці надзялялі бярозу асаблівым магічным сэнсам.

Чыста вымеценыя, пасыпаныя пяском дарожкі высцілалі дробна нарэзаным духмяным аерам. Упрыгажэнні дамоў і двароў, як уяўлялі нашы продкі, спрыялі ўраджайнасці і дабрабыту. Таму перад святам наводзілі парадак у дамах і вакол іх. Прычым не забывалі і пра хлеў, дзе змяшчалася хатняя жывёла. Зелянінай — яе называлі «май» — упрыгожваліся і ўваходныя дзверы, брамы, калодзежы.

З галінак плялі вянкі і неслі іх на агарод, раскладвалі на галоўкі капусты, каб павялічыць яе рост.

Перад святам паміналі продкаў, адзначалі памінальныя Дзяды. У пятніцу Дзяды былі посныя, а ў суботу — скаромныя. Загадзя магілы памерлых продкаў упрыгожвалі «маем» і аерам, абкідалі бярозавымі венікамі. У дзень наведвання магіл усе сваякі збіраліся разам, накіроўваліся на могілкі, неслі памінальныя стравы.

У нядзелю раніцай ішлі ў царкву, дзе асвячалі палявыя і лугавыя расліны. Нездарма Троіца лічылася зялёным святам. У гэтыя дні храмы, а таксама двары, хаты звонку і ўнутры ўпрыгожвалі зелянінай і кветкамі. У некаторых рэгіёнах травы складваліся снапом, у сярэдзіну якога ставілі Траецкую свечку. Пасля таго як травы высыхалі, іх захоўвалі як абярэг, выкарыстоўвалі як лекі. Беражліва захоўвалі і саму Траецкую свечку.

Распаўсюджаны былі і хаджэнні па вёсках. Асноўная іх мэта заключалася ў захаванні будучага ўраджаю ад разбуральнай стыхіі, засухі і іншых бедстваў.

Дарэчы, асноўныя выканаўцы абрадаў у беларускай вёсцы — жанчыны. Яны былі галоўнымі дзеючымі асобамі падчас абраду кумлення і на русальным тыдні, які наступаў адразу пасля свята Троіцы.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

♦ Калі на Сёмуху сватаюцца, на Пакроў жэняцца, то ў сям’і будзе любоў і спагада.

♦ Спякота на Сёмуху — да засушлівага лета.

♦ Дождж на Троіцу — да багатага ўраджаю грыбоў і хуткага цяпла.

sb.by

Добавление комментария
CAPTCHA
*