Імша ў Тракелях апоўначы: «Няхай цнота пакоры і згоды на волю Божую бачна прамянеюць у нашай штодзённасці»

Духовность 11 июля 15 2067
Святую Імшу апоўначы ў межах урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх з’яўляецца сынам гродзенскай зямлі, паходзіць са Смаргоні, і для Гродзеншчыны вялікі гонар, што ў апошні час чарговы яе сын быў прызначаны біскупам.

Раней біскуп Аляксандр Яшэўскі шмат разоў бываў у Тракелях як святар і пілігрым, а на сёлетнія ўрачыстасці ўпершыню прыбыў як іерарх, каб падзякаваць Богу праз рукі Яго Маці, падзякаваць, як сам заўважыў на пачатку Імшы, за ўсе дары і ласкі, якія атрымаў ад Пана.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас Імшы ад імя вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі павіншаваў біскупа Аляксандра Яшэўскага з прызначэннем і прыняццем біскупскай сакры. “Святы Айцец Францішак даверыў Вам вельмі пачэсную, але і нялёгкую пастырскую паслугу”, - сказаў гродзенскі ардынарый і пажадаў новаму іерарху быць заўсёды верным і ахвярным у служэнні Святому Касцёлу.

Імшы папярэднічала ўрачыстая працэсія з копіяй абраза Маці Божай Тракельскай, падчас якой спяваліся песні ў гонар Панны Марыі.

Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец i шматлікія святары.



«Ці ёсць тут хто-небудзь з нас, хто не лічыць сябе грэшнікам?»

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі сказаў: “Тут, у Тракелях, сабраліся пілігрымы рознага ўзросту і стану, каб супольна сведчыць аб тым, што акрамя Адзінага і Найлепшага Айца, якім ёсць Бог, наш народ добра ведае імя Адзінай і Найлепшай Маці – Найсвяцейшай Панны Марыі”.

“У гэтым годзе мы прыйшлі сюды, у Тракелі, каб прасіць Найсвяцейшую Панну Марыю быць нам апорай на дарозе нашага навяртання да Бога”, - дадаў іерарх і нагадаў, што “няма ў гэтым свеце таго, каму не патрэбнае навяртанне”, і “ці ёсць тут хто-небудзь з нас, хто не забрудзіў ніколі сваёй душы грахом, хто не лічыць сябе грэшнікам?” “Калі мы шчырыя перад Богам, а нашае сумленне выхавана добра, то ўслед за Святым Айцом Папам Францішкам і мы з пакорай і скрухай будзем вызнаваць што наш Касцёл святы, хоць складаецца з грэшнікаў, і ў мінулым у нас было шмат “цёмных момантаў””, - заўважыў біскуп.



Поўная згода з Божай воляй вядзе Марыю да праслаўлення

Іерарх паразважаў пра дзве цноты Марыі: згоду з Божай воляй і пакору. “Словы Марыі “Велічае душа мая Пана” (Лк 1, 46), азначаюць поўную згоду з Божай воляй, згоду на выключную прысутнасць Бога ў жыцці Марыі. Марыя гэтымі словамі як бы адмаўляецца ад сябе самой на карысць Бога. І гэта вядзе Марыю да праслаўлення, да ўзвялічвання не сябе, але Бога, - адзначыў біскуп. - Хто з Божай воляй згаджаецца – ніколі не памыляецца. Гэтае мудрае сцвярджэнне паўтаралі нашыя продкі. Гэтае мудрае сцвярджэнне жадаем і мы паўтараць сабе і вучыць гэтаму маладое пакаленне нашай краіны”.

Нагадваючы, што “кожны дзень перад намі з’яўляюцца розныя выклікі пацвярджаць сваім жыццём гатоўнасць прыняць і выконваць волю Бога” – “звычайна цяжкія сітуацыі, якія мы не плануем, і таму яны заўсёды выклікаюць у нас пачуццё здзіўлення і не аднойчы прыводзяць да ўнутранага бунту”, – іерарх падкрэсліў: “Нам неабходна вучыцца кожны дзень быць хрысціянамі, католікамі, не толькі з назвы, але з сапраўднага пераканання, якое пацвярджаецца ўласным жыццём. Verba docent, exempla trahunt – Словы вучаць, а ўчынкі прыцягваюць. Толькі жыццё, цалкам даверанае Богу, мае свой адметны смак і можа прынесці сапраўдную радасць”.

“Пакорная Марыя, выбраўшы раз і назаўсёды быць Слугой Пана, засталася да канца вернай выключна Яму, - дадаў біскуп. - Ніколі Бога не пакінула, а нават у сваёй пакоры чалавецтва, якое так жудасна катавала Хрыста і надалей сваімі грэшнымі ўчынкамі прыносіць Яму боль, Марыя прыняла за сваіх дзяцей”.

Біскуп звярнуў увагу, што “сучаснаму чалавеку не хапае пакоры”, “чалавек не Бога, а самога сябе, свае ўласныя інтарэсы і карысць ставіць на першае месца”, таму ад Панны Марыі трэба вучыцца пакоры.



«Змяняць чалавецтва трэба пачынаць не ад іншых, а ад сябе»
“Мы хочам быць паспяховымі, каб намі захапляліся, каб толькі на нас звярталі ўвагу. Мы вельмі моцна клапоцімся пра тое, каб іншыя не раскрылі нашыя слабасці і абмежаванні, - сказаў іерарх. - Цнота пакоры патрабуе ад нас разумення, што змяняць людзей, усё чалавецтва, трэба пачынаць не ад іншых, а ад саміх сябе. Пакора таксама патрабуе ад нас умення прымаць не толькі тое, што нам прыемнае і даспадобы, але і цярпенні, цяжкасці, штодзённы ўласны крыж, бо яны дадзеныя для нашага дабра, для нашага збаўлення, для нашага перамянення”.

“У Тракелях, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў, я хачу ўсіх вас, тут сабраных, усю нашу краіну, увесь наш Каталіцкі Касцёл аддаць пад апеку Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, які перад Маці Божай заступаецца за нас, - дадаў біскуп. - Няхай Панна Марыя, наша чулая Матуля, адорыць нас непахіснай верай і быццём аўтэнтычнымі сведкамі Езуса Хрыста. Няхай цнота пакоры і згоды на волю Божую бачна прамянеюць у нашай штодзённасці. Маці Божая, Пані Тракельская, дапамажы нам, змяняючы саміх сябе і пазбягаючы ўсялякага граху, ісці шляхам сапраўднага навяртання, каб быць паслядоўнымі ў дадзеных намі абяцаннях, нават калі нам вельмі цяжка”.

Дэвізaм пілігрымaк у санктуарый і сёлетняга дыяцэзіяльнага свята сталi словы “З Марыяй у дарозе навяртання”.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

http://catholic.by/
Добавление комментария
CAPTCHA
*