Ад шчырага сэрца: выйшла кніга паэзіі воранаўскага пісьменніка Міхаіла Забалотнага
Паэтам быць няпроста, да любой кнігі прыходзіцца ісці доўгім шляхам перажытага вопыту, дарогай эмоцый, хваляванняў, перамог і цяжкасцей, узлётаў і падзенняў. Нярэдка гэта вузкая сцежка праз сапраўдныя церні лёсу… Жыццё пражыць трэба годна і заўсёды заставацца Чалавекам. Менавіта з такім ідэйна-філасофскім пасылам выйшла кніга паэзіі воранаўскага пісьменніка Міхаіла Васільевіча Забалотнага “Праз цярновы гушчар прабірацца да зорак”.
У зборнік увайшлі вершы і празаічныя творы ў перакладзе з рускай на беларускую мову знакамітай гродзенскай паэткі Дануты Бічэль, якая таксама з’яўляецца і складальніцай кнігі. “Я, як перастваральнік творчасці Міхаіла Забалотнага на беларускую мову, мела задачу – трымаць яго думку, каб не заблытаць праўду. Бо ён выражае думкі дакладна, трапнымі словамі. Я яго радкі крыху супакойвала, ураўнаважвала…” – сцвярджае ў пасляслоўі Д. Бічэль. Лірычнае перажыванне аўтара вершаў моцна адрозніваецца ад звычайных жыццёвых эмоцый, бо эмацыйны свет паэта – згустак душэўнага вопыту, які ён хоча перадаць свайму чытачу. Перажыванне, якое ляжыць у падмурку кожнага лірычнага верша, успрымаецца як своеасаблівы душэўны проблеск з багатай палітрай колераў прамення.
Кніга мае некалькі тэматычных раздзелаў “Жывая повязь часу”, “Заставацца самім сабой”, “На скрыжалях”, “Радкі, падказаныя жыццём”, “Па дарозе дальняй”, якія шматгранна адлюстроўваюць творчае крэда Міхаіла Забалотнага. Напрыканцы, акрамя пасляслоўя складальніка і перакладчыка, ёсць невялікі артыкул пра біяграфію паэта, напісаны Уладзімірам Пушнянковым, з якога чытач, у прыватнасці, даведваецца, што ў яго руках ажно восьмая па ліку кніга дадзенага аўтара.
У зборнік “Праз цярновы гушчар прабірацца да зорак” увайшлі лепшыя вершы з папярэдніх кніг ужо ў перакладзе па-беларуску. Міхаіл Забалотны вядомы як пісьменнік не толькі на Воранаўшчыне, але і ў Гродне: 14 ліпеня 2022 года ў Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я. Карскага адбыўся творчы вечар “Улюбёны ў паэзію жыцця”, прысвечаны выхаду кнігі на рускай мове “Океан немеркнущей любви”, на якім прысутнічалі шматлікія пісьменнікі і творчая грамадскасць абласнога цэнтра. Сустрэча з новай кнігай М. Забалотнага прайшла ў цёплай атмасферы лірызму і музычнасці, аўтар выконваў песні на ўласныя вершы, выступалі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада над Нёманам.
Назва новай кнігі “Праз цярновы гушчар прабірацца да зорак” невыпадковая. Зборнік пачынаецца з празаічнага абразка “Зімовая раніца”, дзе распавядаецца пра драматычны выпадак з біяграфіі аўтара, калі ён у дзяцінстве цудам застаўся ў жывых. Выратаванне, як вынік жыццё і … Вось гэты зборнік паэзіі ў руках чытача праз многія-многія гады. Дадзены празаічны твор – даніна глыбокай павагі да сваіх бацькоў, да такой далёкай малой радзімы – Паўночнага Казахстану, дзе прайшло складанае дзяцінства.
Лірыка М.Забалотнага асвойвае не проста рэаліі існасці чалавека на Зямлі, але станы свядомасці. У ёй вольна і шырока адлюстраваліся пачуцці да людзей і замілаванасць да прыроды, любоў да блізкіх і захапленне навакольнай рэчаіснасцю. Некаторыя вершы ўтрымліваюць дыдактычны аспект ідэйна-філасофскага зместу, з’яўляюцца своеасаблівым запаветам наступным пакаленням. Міхаіл Васільевіч з замілаваннем ставіцца да жанчын, умее бачыць прыгажосць знешнюю і мілату душэўную, таму многія творы прысвячае прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва. У зборніку ёсць вершы, якія даўно сталі песнямі, і цяпер яны загучалі яшчэ і па-беларуску.
Моўная экспрэсія М.Забалотным у асобных творах даводзіцца да максімума, таму аўтар нярэдка ахвяруе рыфмай і рытмам дзеля стварэння адпаведнага мастацкага вобразу, насычэння тканіны верша неабходнымі інтанацыямі. Д.Бічэль піша, што ўжо ў сталым узросце Міхаіл Васільевіч: “…пачаў пісаць вершы, версэты, вершасказы, балады, ствараць песні і рамансы, варыяцыі і інтэрпрэтацыі, кароткія вершы-заклікі, квантэмы ды мадуляцыі…” Экспрэсіўнасць стылю спалучае лірычную творчасць з музычным мастацтвам. Нездарма, што некаторыя творы пакладзены на музыку і паэт на розных мерапрыемствах сам іх спявае.
Лірычны герой Міхаіла Забалотнага – носьбіт пачуццёвага перажывання, асоба з багатым унутраным светам, якая перажывае за блізкіх і далёкіх, глядзіць на свет з пэўным захапленнем і дабраслаўляе людзей. А кожнаму чалавеку трэба быць сціплым, умець цаніць набытае, заўсёды рухацца наперад і не забывацца пра сваіх продкаў. Праз церні да зорак! Аўтар сцвярджае:
Бог таленты дае нямногім.
Будзь свайго лёсу гаспадар!
А што даецца нам ад роду,
Таксама гэта Божы дар!
Кніга Міхаіла Васільевіча Забалотнага “Праз цярновы гушчар прабірацца да зорак” будзе цікавай шырокаму колу чытачоў, усім, хто цікавіцца сучаснай паэзіяй і перакладамі на беларускую мову.
Руслан Казлоўскі,
кандыдат філалагічных навук,
дацэнт УА “Гродзенскі дзяржаўны
ўніверсітэт імя Янкі Купалы”,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі