26 сакавіка споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння Віктара Шніпа

26 сакавіка споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння Віктара Шніпа

ВІКТАР АНАТОЛЬЕВІЧ ШНІП (1960, Валожынскі р-н) – паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2007), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2008), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019).

Нарадзіўся В. Шніп у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978) і Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1987). Працаваў у газеце «Вячэрні Мінск» і часопісах «Нёман», «Беларусь», быў адказным сакратаром газеты «Наша слова». Пачынаючы з 1995 г. – намеснік галоўнага рэдактара, а з 2002 г. – галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Зараз В. Шніп – намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» і галоўны рэдактар часопіса «Полымя».

У літаратуру В. Шніп прыйшоў у канцы 1970-х – пачатку 1980-х гг. Свой першы верш «Сямнаццаць мне…» ён надрукаваў у газеце «Чырвоная змена» ў 1977 г. З гэтага часу падборкі яго твораў пачалі з’яўляцца ў абласной і рэспубліканскай перыёдыцы. У 1983 г. убачыў свет першы зборнік паэта «Гронка святла», які склалі традыцыйныя для беларускай літаратуры вершы пра будаўнікоў, родную вёску Пугачы, надзённы клопат сучасніка, маці, каханне. У 1987 г. кніга была адзначана прэміяй імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузіі.

7yJAZEFeZvc.jpg               Viktar_Shnip__Tutejshaya_tuga.jpeg

У 1990 г. убачыў свет новы зборнік «Шляхам ветру». Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў, загалоўкі якіх – «Сівы вецер», «Вецер ісціны», «Вецер камяніц», «Задумны вецер» – сімвалізуюць пошук паэтам сэнсу жыцця. Працягам гэтага пошуку з’яўляецца і зборнік «Воўчы вецер», які выйшаў у 2001 г. у адной кнізе з «Рыцарскімі хронікамі» Л. Рублеўскай. Яго склалі творы, напісаныя паэтам у апошнія гады XX ст. Менавіта вобраз ветру дазваляе паэту па-свойму перадаць адчуванне ўспрыняцця вечнага і ў той жа час вечна зменнага свету і жыцця.

Потым былі зборнікі «Выкраданне Еўропы» (1996), «Чырвоны ліхтар» (2000), «Інквізіцыя» (2002), «Выратаванне атрутай» (2003), «Беларускае мора» (2004), «Балада камянёў» (2006), «Страла кахання, любові крыж» (2008). Ён аўтар кніг для дзяцей «Сунічкі для Веранічкі» (1995) і «Наш Максім гаворыць: «Гу!» (1999).

В. Шніп стварыў шмат вобразаў-партрэтаў гістарычных асоб, пісьменнікаў, мастакоў мінулых стагоддзяў («Балада Рагнеды», «Балада Эдварда Вайніловіча», «Балада Фердынанда Рушчыца» і інш.). Героі твораў не толькі канкрэтныя людзі, але і сама прырода, яе стыхіі, поры года, нават часіны сутак («Балада нашага сонца», «Балада вераснёвай ночы», «Балада восеньскага туману», «Балада вятроў»). Да гэтага жанру В. Шніп звяртаўся яшчэ на пачатку сваёй творчасці. Цэлы раздзел балад з’явіўся ў яго кнізе «Беларускае мора». Амаль 100 арыгінальных твораў згаданага жанру было змешчана ў зборніку «Балада камянёў», які на Першым рэспубліканскім конкурсе на лепшую кнігу года атрымаў вышэйшую ўзнагароду – «Залаты Купідон» (2007).

В. Шніп – аўтар некалькі дзясяткаў песень. Сярод іх песня «Усе мы родам з дзяцінства», якая дала назву Рэспубліканскаму конкурсу маладых талентаў. Узнагароджаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2008).

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*