"Культура прапаноўвае сваю дыпламатыю". У Гродне прайшла сустрэча з беларусамі замежжа
Дэлегацыі сустрэў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч.
Што яднае беларусаў свету? Гэта было проста зразумець на сустрэчы беларусаў замежжа ў Авальнай зале Новага замка, якая адбывалася ў першы фестывальны дзень. Перш-наперш – родная мова, культура Бацькаўшчыны, агульныя карані. А яшчэ – неўміручыя радкі Цёткі, Багушэвіча, Коласа, Купалы, Караткевіча, творчасць "Песняроў", абрысы старажытных замкаў ды імкненне жыць у міры…
Каб паглядзець на адзін з самых яркіх фэстаў Беларусі і прадэманстраваць, як беражліва захоўваецца беларуская культурная спадчына за мяжой, у Гродна прыехалі прадстаўнікі беларускага таварыства "Прамень" з горада Рыгі (Латвія) і рэгіянальнай грамадскай арганізацыі "Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Санкт-Пецярбурга" (Расія).
– Культура – платформа, якая яднае, дапамагае пачуць і зразумець, – падкрэсліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч, вітаючы делегацыі беларусаў замежжа. Ён падзякаваў суайчыннікам з Латвіі і Расіі за магчымасць сустрэцца.
– У свеце шмат супярэчнасцяў, людзі раз’ядноўваюцца, – адзначыў Анатоль Маркевіч. – А Беларусь дэманструе ўсяму свету, што мы павінны быць разам, чуць адзін аднаго, рабіць усё дзеля таго, каб кожнаму чалавеку любой нацыянальнасці было камфортна і каб кожны адчуваў сябе патрэбным для сваёй краіны. Менавіта гэтак і адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь. Сёння мы паказваем ўсяму свету, што Беларусь – гасцінная краіна, дзе хочацца жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей. І самае галоўнае, што на нашай цудоўнай зямлі заўсёды пануе мір, згода і ўзаемапаразуменне.
Міністр падкрэсліў, што сустрэча з беларусамі замежжа не разавая. Гэта наша жыццё, адносіны паміж людзьмі. Гэта трэба цаніць.
– Упэўнены, што такіх фестываляў няма нідзе ў свеце, – сказаў Анатоль Маркевіч. – З нас можна браць прыклад. Культура – той флагман, які прапануе сваю дыпламатыю, бо мова культуры зразумела для ўсіх. Не трэба шмат гаварыць, трэба паказваць добрыя эмоцыі, каб было прыемна жыць і працаваць на карысць нашай любімай краіны. Мы аб’ядноўваемся, бяром лепшае адзін ад аднаго, бачым каларыт і нацыянальныя асаблівасці. Людзі, якія прадстаўляюць розныя нацыянальнасці, ведаюць свае карані і ствараюць усе ўмовы, каб тыя, хто ідзе ўслед, адчувалі і ведалі сваю гісторыю, зберагалі традыцыі і спадчыну.
– Мы з вялікай радасцю прыехалі ў Гродна, прывезлі беларускія песні і песні Латвіі з групай "Надзея", – распавяла Алена Лазарава, старшыня Саюза беларусаў Латвіі. – Жадаю ўсім удзельнікам фестывалю, каб усё атрымалася, бо ў наш час культура – той падмурак, які аб’ядноўвае і кансалідуе людзей, служыць асновай для даверу і ўзаемапавагі.
Вакальную групу "Рэтра - хіт", якую ўзначальвае ўраджэнец Рэчыцы Віктар Каваленка, прывезлі ў Гродна беларусы Санкт-Пецярбурга.
– Гэта група на розных пляцоўках Пецярбурга дае канцэрты, прысвечаныя творчасці вялікага Уладзіміра Мулявіна, – расказаў старшыня савета рэгіянальнай грамадскай арганізацыі "Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Санкт-Пецярбурга" Мікалай Русакевіч. – Мы маем выдатныя стасункі з Міністэрствам культуры Беларусі, з Рэспубліканскім цэнтрам нацянальных культур. Пры непасрэднай падтрымцы цэнтра атрымалі для групы "Рэтра-хіт" прыгожыя беларускія строі. Мы ўдзельчаем у папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў расійскім асяроддзі. Выступаем у розных гарадах Беларусі і Расіі. Беларусь заўжды ў нашых сэрцах, а карані нас моцна трымаюць. Мае карані па лініі дзеда – у Ліпнішках Іўеўскага раёна, а па лініі бабулі – у Бабруйску Магілёўскай вобласці.
Госці гаварылі пра яднаючую моц культуры і мастацтва і раз за разам паўтаралі думку: трэба быць разам праз культуру. Па выніках работы грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа прадстаўнікі беларускай дыяспары з Латвіі і Расіі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі і ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. А іх творчыя калектывы будуць радаваць гродзенцаў і гасцей фэсту на працягу ўсяго свята.
Ала БІБІКАВА
Фото:Дамір СТАЛЯРЧУК