Пагародзенскія дываны — каштоўнасць краіны

Год малой родины 01 февраля 19 3123
1C9A7242

Напрыканцы мінулага года комплекс традыцыйных ткацкіх тэхнік вырабу каляровых посцілак і дываноў, што да сённяшняга часу захаваўся ў аг. Пагародна, папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Пагародна— гэта, бадай, адзіная на Воранаўшчыне мясціна, дзе ўменне ткаць перадаецца наступным пакаленням. У невялічкім пакоі-музеі “Тут радзімы маёй пачатак” мясцовага Цэнтра культуры і народнай творчасці “прапісаліся” тры ткацкія станкі. Трапілі яны сюды дзякуючы народнаму майстру Беларусі Станіславе Вікенцьеўне Міхно (на здымку).

DSC07630

Дзесьці дзесяць год назад жанчына завітала ў Дом культуры. Паназірала за яго супрацоўнікамі, якія вырашалі, як аздабляць пакой-музей. І сціпла прапанавала: “Трэба ткацкі станок. Думаю, што яго знайду”. І стрымала сваё слова аж тройчы. Спачатку прыбылі два з навакольных вёсак, а нядаўна яшчэ адзін — з Курчоўцаў. У руплівай і гаспадарлівай жанчыны душа забалела: “Няма чаго кроснам стаяць без справы!” Яе падтрымалі работнікі Цэнтра. І ўжо хутка Станіслава Вікенцьеўна ткала не толькі сама, але і вучняў прыдбала. Першай вучаніцай стала хармайстар Анжэла Ладыш (на першым здымку). Пачакаўшы, вырашылі адкрыць студыю “Школа ткацтва”. Падцягнуліся туды дарослыя і дзеці. Дарэчы, чытачы раёнкі ў мінулым годзе пазнаёміліся з юнымі ткачыхамі Лізаветай Казілавай і Міланай Кугелевіч. Не пакідаюць гэтую справу дзяўчынкі і цяпер.

Дык у чым жа адметнасць старажытнага рамяства, якім валодаюць пагародзенцы, пацікавалі мы ў Анжэлы Ладыш. Жанчына адразу прапанавала нам падняцца ў пакой-музей, маўляў, лепш адзін раз убачыць, чым сто пачуць.

— Бачыце, двое кросен запраўлены, — прадэманстравала ўмеліца. — Адны ў тэхніцы двухбаковага перабору на двух нітах з дзвюма прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі, другія — чатырохнітовага двухутковага ткацтва. У апошняй часцей ткалі ходнікі. Яны ішлі без узору, проста каляровымі палосачкамі…

Каб пераканаць нас у тым, што ткацтва патрабуе ўважлівасці і кемлівасці, Анжэла Аляксандраўна ад слоў перайшла да працы. Ашчадна націскала патрэбныя панажайкі, з веданнем справы “прыбівала” нітку.

— Пэўна, я так не змагла б, — назіраючы за тым, як майстрыца лоўка і хутка прапускае чаўнок праз зеў, міжволі выгукнула я.

20180811_190151

— Так здаецца, — усміхнулася суразмоўца. — Патрэбна практыка, а  ў пачатку майго навучання вельмі дапамаглі навыкі вязання і вышывання крыжыкам — хутка зразумела, як ткаць узоры. Былі і свае складанасці, напрыклад, заправіць кросны. Навіць аснову на навой, заправіўшы яе ў нічальніцы і берды, злучыць пасмы са стыкальнікам… Добра, што ёсць з кім параіцца. Станіслава Вікенцьеўна ніколі не адкажа ў дапамозе. Спадзяемся на яе і ў запраўцы трэціх кросен. На іх плануем пад кіраўніцтвам нашага народнага майстра ткаць дываны ў тэхніцы пяцінітовага двухутковага ткацтва з прыціскной ніткай.

узор1

узор

Менавіта тры вышэйузгаданыя Анжэлай Аляксандраўнай тэхнікі, а яшчэ двухслойнае ткацтва і двухбаковы перабор на двух нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі і з’яўляюцца брэндам пагародзенскага старажытнага рамяства.

— Нашы тэхнікі не ўласцівы для другіх мясцовасцей Беларусі, — тлумачыла субяседніца, у чым і ўнікальнасць пагародзенскага ткацтва. — Уявім, што нашым продкам з розных куткоў краіны спадабаўся аднолькавы ўзор, напрыклад, кветкі. Яны яго дакладна скапіравалі, аднак на Палессі выткалі ў сваёй тэхніцы, а на пагародзенскай зямлі прымянілі сваю, адметную. Таму ёй і нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта і гонар, і вялікая адказнасць. Мы, лічы, усклалі на сябе абавязак захоўваць гэты від рамяства, перадаваць яго іншым пакаленням, каб яно ніколі не было згублена. Што мы робім і будзем працягваць рабіць, запрашаючы на майстар-класы як мясцовых аматараў рамяства, так і з іншых рэгіёнаў краіны. Планаў шмат. У тым ліку выпусціць сувенірную прадукцыю, напрыклад, сурвэткі, сумкі з элементамі тканых узораў. А яшчэ, акрамя дываноў, збіраемся ткаць ручнікі, якія, могуць спатрэбіцца землякам падчас вяселля і іншых знакавых падзей у жыцці. Будзем з пагародзенцамі разам аднаўляць традыцыі нашых продкаў.

IMG_6563

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА і з архіва Пагародзенскага ЦКіНТ.

Даведка


Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — спіс аб’ектаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі, мастацтва, паркавых комплексаў, музейных калекцый і кніг, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. Гэты статус надаецца аб’ектам з улікам іх мастацкай каштоўнасці і адлюстравання найбольш значных падзей, з’яў, гістарычных фактаў. Па дадзеных 2014 года, у спісе значыліся 5 527 аб’ектаў. У выпадку страты адметных духоўных, мастацкіх і дакументальных асаблівасцей, знішчэння, а таксама ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў або іншых сітуацый і пры немагчымасці аднаўлення аб’ект можа быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 
Добавление комментария
CAPTCHA
*