Якiя ткачыхi падрастаюць!

Год малой родины 12 июня 18 1941
IMG_6584

Як памяць аб продках захоўваюць варанаўчане ў бабуліных куфрах, на паліцах шафаў тканыя на кроснах дываны. У вясковых хатах сталыя людзі яшчэ і сёння засцілаюць імі ложкі. Але каб ткаць?! На жаль, гэтае рамяство сёння непапулярна. Чаго не скажаш пра Пагародна. Каб майстэрства продкаў не сышло ў нябыт, паклапаціліся супрацоўнікі Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Шэсць год назад яны адкрылі адмысловую студыю ткацтва, дзе працалюбівыя майстрыцы ў гадах перадаюць свой вопыт маладым дзяўчаткам.

Распачалі працу з устаноўкі кроснаў. У гэтай справе народнаму майстру Беларусі Станіславе Вікенцьеўне Міхно дапамагала мясцовая жыхарка, работніца Цэнтра Анжэла Ладыш. Яна і стала першым вучнем вопытнай ткачыхі. У студыю запрасілі яшчэ трох настаўніц — Ядвігу Людвікаўну Коўзу, Гэлену Янаўну Грыгелевіч і Ірыну Мар’янаўну Гайдуль. І нездарма. Майстрыцы валодаюць унікальнымі ведамі пра ткацтва, працуюць у розных тэхніках, а на створаныя імі палотны — люба-дорага паглядзець. Станіслава Вікенцьеўна сама распрацоўвае ўзоры для дываноў.

IMG_6595

На першы незвычайны ўрок запрасілі вучняў мясцовай школы. Яны паназіралі, паспрабавалі… І некаторыя сталі пастаяннымі наведвальнікамі студыі ткацтва. Што гэты занятак падабаецца дзецям, пераканалася карэспандэнт “ВГ”, завітаўшы на днях у Пагародна.

За станком завіхаліся Мілана Кугелевіч і Лізавета Казілава. Кінулася ў вочы, што дзяўчынкі босыя. З усмешкай і дзелавіта яны, бы сталыя жанчыны, мне патлумачылі: “Бачыце ўнізе кроснаў чатыры драўляныя педалі — гэта панагайкі. Калі тчэш, трэба іх правільна ціснуць — інакш узор не атрымаецца. У абутку іх не адчуеш, можаш незнарок пераблытаць”.

Хутка дзяўчынкі згубілі цікавасць да госці і з ахвотай прадоўжылі свой занятак. Лоўка спраўляліся з чаўнаком, старанна і з ведамі справы “прыбівалі” ніткі. Глядзела на дзяўчынак і здзіўлялася, якія ткачыхі падрастаюць! Пэўна, пагародзенскае ткацтва нашчадкі будуць ведаць не на словах. 

У тэму

Яшчэ ў другой палове ХХ стагоддзя ніткі для асновы і ўтку мясцовыя ткачыхі выраблялі самі, фарбавалі сродкамі прыроднага паходжання. Асаблівай папулярнасцю ў канцы мінулага стагоддзя карысталіся суцэльнатканыя двухслойныя посцілкі з паліхромнымі ўтковымі поласамі пад назвай “вясёлка”, ці “несшываныя дываны”. Пагародзенскае ткацтва мае і сваю адметнасць: сустракаюцца пяцінітовае двухутковае ткацтва, двухбаковы перабор з двума прыціскнымі ніткамі, двухбаковы перабор без прыціскной асновы.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*