Малая радзіма паклікала

Год малой родины 02 февраля 19 2739
IMG_2624

Валянцін Рышардавіч Пракаповіч нарадзіўся ў вёсцы Паляцкішкі. Тут прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Паспяхова вучыўся ў Паляцкішскай сярэдняй школе, прымаў актыўны ўдзел у спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах. У 2010 годзе скончыў дзевяць класаў і паступіў у Воранаўскі каледж. Па словах Валянціна Рышардавіча, тады вучоба і заняткі спортам сталі асноўнай часткай яго жыцця. Перавагу аддаваў футболу і лёгкай атлетыцы, рэгулярна наведваў трэнажорную залу, прымаў удзел у шматлікіх спаборніцтвах.

У 2013 годзе В.Р. Пракаповіч закончыў каледж, атрымаў прафесію электраманцёра і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С”. Задумаўся аб паступленні ў ВНУ, звязаную менавіта са спортам. Задума была паспяхова рэалізавана: у гэтым жа годзе паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт фізічнай культуры. Падчас навучання наведваў індывідуальныя заняткі па спартыўнай гімнастыцы, працягваў займацца футболам.

Пры размеркаванні малады педагог быў накіраваны на працу ў Пагародзенскую сярэднюю школу. “Прыйшліся даспадобы зносіны з дзецьмі падчас урокаў па фізічнай культуры і  здароўю, добразычлівая атмасфера ў педагагічным калектыве”, — адзначае  В.Р. Пракаповіч. Але працаваць давялося нядоўга, быў прызваны на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Служыў у Брэсце ў дэсантна-штурмавой брыгадзе, праходзіў паветрана-дэсантную падрыхтоўку, прымаў удзел у вучэннях “Захад-2018”. За плячыма  ёсць скачкі з парашутам.

Пасля службы ў войску Валянцін Пракаповіч вярнуўся ў родную школу, дзе працягвае любімую справу. “Мара працаваць у роднай школе збылася”, — з задавальненнем прызнаўся Валянцін Рышардавіч падчас размовы. 

Настаўнік актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця, праводзіць мерапрыемствы па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей. Аптымізм, мэтанакіраванасць, вера ў свае сілы дапамагаюць Валянціну Пракаповічу ўпэўнена ісці па жыцці. “Кожны новы дзень сустракаю з усмешкай, — гаворыць ён. — Гэта і ёсць шчасце — быць настаўнікам”.

Іван ГАБІС,

старшыня прафкама Паляцкішскай сярэдняй школы.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*