Малой радзіме прысвячаецца

Год малой родины 07 августа 18 2931
Нагадваем: «Воранаўская газета» аб’явіла сярод сваіх чытачоў творчыя конкурсы фатаграфій і ўспамінаў аб сваім родным горадзе, пасёлку, вёсцы. На старонках раённай газеты публікуем вашы нататкі і здымкі. У канцы снежня падвядзём вынікі.
Свой твор нам даслала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жырмунскай СШ Тарэса КЛІМОВІЧ.

Зямля бацькоўжыцця крыніца


Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, любіць свой родны куточак як часцінку нашай Бацькаўшчыны. Праз цікавую і творчую справу — даследчую дзейнасць — гэта прывівае сваім вучням педагог Жырмунскай школы Валянціна Чаславаўна Квецень. Настаўніцай з выхаванцамі — членамі клуба “Юны даследчык” — нямала пройдзена краязнаўчымі шляхамі.

Квецень Валянціна Чаславаўна і вучань 8 класа Юхневіч Уладзіслаў (1)

Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыцці задумваўся, што ж азначае ўласнае прозвішча і адкуль яно паходзіць? І такое даследаванне праведзена членамі клуба. Вынікам плённай працы стала даследаванне па тэме “Прозвішчы жыхароў Жырмунскага сельскага Савета: лексіка-семантычны і структурна-граматычны аналіз паходжання”. Вывучэнне па-ходжання прозвішчаў дапамагло вучням не толькі пранікнуць у таямніцы слова, авалодаць новымі навыкамі правядзення даследавання моўных адзінак, але і лепш пазнаць мінулае. Дало ўяўленне пра дзейнасць жыхароў сучаснай тэрыторыі сельсавета, кантакты з людзьмі розных нацыянальнасцей, пра сацыяльна-эканамічныя ўмовы развіцця нашага рэгіёна. Яшчэ адным з даследчых праектаў членаў клуба стала праца па ўзнікненні назваў рэк. Гідронімы расказалі пра побыт, заняткі і рамёствы ў мінулым жыхароў сучаснай тэрыторыі Гродзеншчыны, этнічны склад насельніцтва, рэлігійныя погляды. Вынікам работы стала даследаванне “Гідранімія басейна Нёмана на тэрыторыі Гродзенскай вобласці”.

Тэма хрысціянскай рэлігіі, а дакладней паходжання назваў культавых пабудоў Гродзеншчыны, таксама стала аб’ектам для даследавання. Аказваецца, храмы, як і людзі, маюць свае ўласныя імёны, але больш загадкавыя і таямнічыя. Даследаванне паходжання назваў праваслаўных і каталіцкіх культавых пабудоў Гродзеншчыны — спроба раскрыць невычэрпную скарбніцу роднай мовы, бо, напэўна, нішто так не здольна паведаміць пра лёс і ментальнасць насельніцтва, як назвы святыні. Гэта знайшло адлюстраванне ў працы юных філолагаў “Назвы праваслаўных і каталіцкіх культавых пабудоў Гродзенскай вобласці: семантычны аспект”.

Вынікі прац юных навукоўцаў пяць год запар былі высока адзначаны даследчыкамі мовы, членамі журы рэспубліканскага конкурсу (канферэнцыі) вучнёўскіх работ даследчага характару. Члены клуба пад кіраўніцтвам Валянціны Чаславаўны з’яўляюцца пераможцамі абласных навукова-практычных канферэнцый “Край Гарадзенскі”.

Цяпер, у Год малой радзімы, яшчэ больш актуальным стала вывучэнне духоўнай і культурнай спадчыны Бацькаўшчыны. Сёлета ў юных філолагаў-даследчыкаў узнікла задума яшчэ глыбей вывучыць гісторыю сваёй маленькай радзімы — жырмунскага краю. Цяпер на занятках клуба яны разам з Валянцінай Чаславаўнай працуюць з архіўнымі дакументамі касцёла Адшукання Святога Крыжа, які з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму XVIII стагоддзя. Вывучаюць паўсядзённае жыццё жыхароў сучаснай тэрыторыі Жырмунскага сельсавета на аснове звестак з рукапісных метрычных кніг 1848-1897 гадоў.

Даследуючы, кожны з удзельнікаў школьнай навуковай суполкі,  адчувае асабістую значнасць у захаванні памяці пра мінулае. Яны разам прыадчыняюць таямніцы роднай мовы, глыбей даведваюцца пра гісторыю нашага краю.

На здымку: В. Квецень з юным даследчыкам, дыпламантам рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі Уладзіславам Юхневічам.

Фота з архіва Жырмунскай СШ.

 
Добавление комментария
CAPTCHA
*