Выпускнiкi, geros keliones!

Актуально 16 июня 15 1737

Такое пажаданне шчаслівага шляху выпускнікам на трох мовах — беларускай, рускай і літоўскай — на днях гучала ў кожнай навучальнай установе Воранаўшчыны. А юнакі і дзяўчаты — лёгкія, узнёслыя, усмешлівыя — ускалыхнулі звыклую і размераную штодзённасць. Услед яркім і элегантным маладым людзям, якія крочылі па вясковых вуліцах, прахожыя кідалі замілаваныя позіркі. Так, гэта сапраўды прыгожа — маладосць і лета!


Свята для выпускнікоў Пяляскай школы пачалося ў касцёле Святога Лінуса. Для навучэнцаў гэтай установы стала добрай традыцыяй пачынаць шлях у дарослае жыццё з Божага благаслаўлення. Таму бацькі, кіраўніцтва школы, госці, жыхары краю сабраліся на набажэнства ў святыні, каб разам памаліцца за маладых землякоў. Свята супала з каталіцкім — так званай Зельнай, і прыхаджане наведвалі касцёл з букетамі палявых кветак. Сціплыя рамонкі, васількі, люцікі, незабудкі, жытнія каласкі нясмела і асцярожна гарманіравалі з велічным інтэр’ерам святыні. Што ж, сімвалічна! Маладыя людзі таксама няўпэўнена далучаюцца да магутнай жыццёвай плыні.

У Пяляскай школе сёлетні шаснаццаты выпуск развітваўся з навучальнай установай, з класным кіраўніком Пятрасам Рымкусам, калектывам школы. Чацвёра юнакоў і трое дзяўчат сталі героямі ўрачыстасці, якую падрыхтавалі і арганізавалі для іх малодшыя пераемнікі, настаўнікі, бацькі. Маладыя людзі вызначыліся прафесійна, яны збіраюцца звязаць жыццё з інфарматыкай, эканомікай, кулінарыяй. Залаты медаліст Аляксандр Нядзелька ішоў да атрымання ваеннай адукацыі з шостага класа. Бацькі Таццяна і Віктар смела адпускаюць сына ў суседнюю Літву для навучання, бо гэта свядомы выбар юнака.

З прыемнай нечаканасці пачаўся выпускны баль у Пагародзенскай сярэдняй школе. Крэатыўна  павіншавала юнакоў і дзяўчат першы сакратар РК ГА “БРСМ” Эрыка Федаровіч — разам з аматарамі раённага мотаклуба “заруліла” на свята. Калі рокат пяці матацыклаў сціх, яна выказала выпускнікам найлепшыя пажаданні і ўручыла прэзент. Картэж маладзёжнай арганізацыі рушыў далей, да наступнай навучальнай установы, а госці свята вярнуліся ў залу, дзе святочная праграма прадоўжылася. Кранальным атрымаўся  вальс выпускнікоў з першакласнікамі: пад дружныя апладысменты на сцэне кружылі ў танцы дзяцінства і маладосць. Эмацыянальна ўспрыняў зал відэафільм аб дзяцінстве выпускнікоў, якіх цяжка было і пазнаць у забаўных тварыках. Ім, будучым ваенным, медыкам, біёлагам, архітэктарам, культурным работнікам, эканамістам, прысвячаліся музычныя нумары, шчырыя пажаданні і мудрыя наказы бацькоў і  настаўнікаў, дырэктара Каібхана Узданава.

Для класнага кіраўніка Маргарыты Каспяровіч гэтыя сямёра маладых людзей — першы выпуск:

— Вельмі не хочацца развітваццаз імі. Яны такія шчырыя, добразычлівыя, сумленныя, выдатна выхаваныя. Гэта дружны клас, у якім заўсёды панавала таварыская атмасфера… Прыемна было працаваць і з бацькамі маіх выпускнікоў, якія ахвотна ўдзельнічалі ў школьным жыцці сваіх дзяцей, адклікаліся на просьбы.

Мабыць, сум чытаўся толькі на тварах бацькоў. Ад успамінаў аб гадах свайго дзяцінства, ад усведамлення таго, што час ляціць так хутка і дзеці неўзабаве пакінуць іх дом. Што да саміх выпускнікоў, то яны проста свяціліся радасцю! Для іх жа ўсё толькі пачынаецца, перад імі — вялікія магчымасці. І ўсё ёсць, каб іх скарыстаць: энергія маладосці, жаданне і бацькоўскае плячо. А з ім крочыць па жыцці куды больш надзейна і ўпэўнена…

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

На здымках: выпускнікі Пагародзенскай школы; па дарозе ў касцёл Святога Лінуса; выпускнікі Пеляскай школы.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
































Добавление комментария
CAPTCHA
*