У сувязі з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце каталіцкі Касцёл у Беларусі ўвёў некаторыя меры, якія тычацца паводзінаў вернікаў у храмах і падчас Вялікага посту.
1. Ушанаванне крыжа і іншых рэліквій адбываецца не праз дотык і цалаванне, а праз паклон ці ўкленчванне.
2. У касцёлах крапільніцы не напаўняюцца вадой.
3. На ваконцах спавядальніц павінен быць усталяваны ахоўны матэрыял, які трэба пастаянна дэзынфіцыраваць і замяняць.
4. Падчас імшы знак супакою перадаецца не праз поціск рук, а схіленнем галавы.
5. Духоўныя асобы і міністранты перад імшой павінны вымыць рукі і захоўваць нормы гігіены.
Гэта распараджэнне, як і паведамленне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча пробашчы парафій зачыталі вернікам падчас імшы.
З 20 сакавіка на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ўведзены некаторыя меры: не ўдзельнічаць у святой імшы дазваляецца пажылым вернікам, асобам з сімптомамі віруснай інфекцыі, дзецям і людзям, якія адчуваюць страх заражэння каронавірусам. Яны павінны далучацца да трансляцыі імшы з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі.
Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Воранаве (Парафія св.Ап.Сымона і Юды Тадэвуша) будзе весці прамыя трансляцыі ў Інстаграме, а таксама на Ютуб-канале:
Таксама каталіцкі Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў маліцца аб прадухіленні гэтай хваробы і ахвяр, да якіх яна можа прывесці.