Традыцыйным ткацкім тэхнікам Воранаўшчыны нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці

Год малой родины 08 января 19 2685
 

_MG_2777

Напрыканцы мінулага года ў Міністэрстве культуры Беларусі адбылося пасяджэнне Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, дзе было прынята рашэнне аб наданні стутусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь комплексу традыцыйных ткацкіх тэхнік вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў, якія сёння захоўваюцца ў аграгарадку Пагародна.

Традыцыі ўзорнага ткацтва сфарміраваліся на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў, паступова вылучыліся пэўныя рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці тэхнік. Ткацтва ў аг. Пагародна развівалася ў агульным рэчышчы народнай культуры Панямоння. Найбольшага росквіту і высокага ўзроўню ў заходніх рэгіёнах яно дасягнула ў 1940-1960 гады. 

IMG_2808

У справе захавання ткацкіх традыцый асаблівай удзячнасці заслугоўвае народны майстар Рэспублікі Беларусь Станіслава Вікенцьеўна Міхно. Ткаць яе навучыла ў дзяцінстве мама.  Дываны і посцілкі ў той час былі вельмі дарагім падарункам, а таксама неад’емнай часткай побыту і паўсядзённага жыцця, таму гэтае рамяство і было вельмі запатрабаваным.  Станіслава Вікенцьеўна — сапраўдны яго носьбіт. Яна дасканала валодае тэхнікамі і не толькі тчэ, але і перадае свае веды і вопыт зацікаўленым людзям. Дзякуючы “Школе ткацтва”, якой яна кіруе з 2012 года, гэтым майстэрствам на Воранаўшчыне авалодалі дзевяць пераемнікаў. Працэс ткацтва наладжаны ў філіяле “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці”, што выклікае вялікі гонар не толькі ў супрацоўнікаў, наведвальнікаў філіяла і жыхароў Пагародна, але і наведвальнікаў турыстычнага маршруту “Дарогаю продкаў”.

Падрыхтоўчая работа для надання статусу комплексу ткацкіх тэхнік вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў вялася некалькі год. Старшыня Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, намеснік міністра культуры С.І. Шарамецьеў звярнуў асаблівую ўвагу на ролю мясцовых органаў улады ў справе захавання элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Як адзначыла загадчык сектара культуры Воранаўскага райвыканкама Т.В. Цехановіч, 2018 год у культурным жыцці раёна завяршыўся значнай падзеяй. Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць бацькоў. Гэта выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, імкненне, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць.

Ірына Янкелайць,

метадыст па музеях

і гісторыка-культурнай спадчыне Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Добавление комментария
CAPTCHA
*