Нам засталася спадчына
Багатая на старадаўнія творы дойлідства наша Воранаўшчына. Аб архітэктурных збудаваннях мінулага нашага раёна расказала метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Воранаўскага РМЦНТ Вікторыя Рышардаўна Камінская:
— У нашым раёне 24 нерухомыя аб’екты, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і прысвоена катэгорыя. У асноўным гэта помнікі археалогіі (каменныя могільнікі і гарадзішчы перыядаў сярэднявечча, стаянка бронзавага веку) і архітэктуры (чатыры касцёлы, дом-крэпасць і рэшткі капліцы ў в. Гайцюнішкі, фрагменты паркаў у в. Больцінікі і аг. Пагародна). Усе яны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і падлягаюць ахове.
— Для чаго такім аб’ектам, акрамя статусу, прысвойваецца і катэгорыя?
— Гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на адпаведныя катэгорыі ў залежнасці ад іх значнасці. У катэгорыю “0” уключаны аб’екты або прапанаваны для ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Спіс сусветнай культуры і прыроднай спадчыны або Спіс сусветнай спадчыны, што знаходзіцца пад пагрозай. Катэгорыя “1” мае міжнародную значнасць, “2” — нацыянальную, “3” — для асобных рэгіёнаў.
На Воранаўшчыне большасць гісторыка-культурных каштоўнасцей маюць катэгорыю “3” і “2”, але ёсць помнік, які мае сусветнае значэнне (нададзена катэгорыя “0”). Гэта пункт “Даукны” “Дугі Мерыдыяна Струве”. Вымярэнні мінулага, што прасціраюцца ад Ледавітага акіяна да вусця Дуная, ставілі мэтай вызначыць памеры і форму Зямлі, яны ўвайшлі ў першы рад важнейшых навуковых астранома-геадэзічных работ у свеце, бо адыгралі вялікую ролю ў развіцці навуковых ведаў. На тэрыторыі сучаснай Беларусі знаходзіўся 31 пункт Руска-Скандынаўскай дугі мерыдыяна. Адзін з іх — на нашай Воранаўшчыне (недалёка ад вёскі Шнуравічы).
— Хто з’яўляецца ўласнікам такіх аб’ектаў і якія патрабаванні яму неабходна выконваць?
— Уласнікамі культурна-гістарычных каштоўнасцей з’яўляюцца ўстановы, на тэрыторыі якіх яны размешчаны, — Радунскі пассавет, Забалацкі і Пагародзенскі сельскія Саветы, сельгаскааператывы “Эліт-Агра Больцінікі”, “Доцішкі”, “Місявічы”, ДУ “РПБ Гайцюнішкі”, РУП ЖКГ, некаторыя парафіі касцёлаў Гродзенскай епархіі.
Для кожнага нерухомага аб’екта Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь вызначаюцца iндывiдуальныя ўмовы iх утрымання i выкарыстання, а таксама патрабаваннi па забеспячэнні iх захавання, што фiксуецца ў ахоўным абавязацельстве i падлягае выкананню ўсiмi юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi. Уласнікі ў першую чаргу павінны забяспечваць іх належны тэхнічны і санітарны стан, захоўваць у парадку тэрыторыю, весці неабходныя ўліковыя дакументы — улiковую картку i пашпарт адзiнага ўзору. Гэтыя дакументы змяшчаюць фактычныя звесткі аб культурна-гістарычнай каштоўнасці — месцазнаходжанне, дата ўзнікнення, сучасны тэхнічны стан, указваюцца элементы, якiя маюць свае адметныя духоўныя, мастацкiя або дакументальныя вартасцi, дадатковыя звесткi аб падзеях i асобах, звязаных з гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, архiўныя i бiблiяграфiчныя крынiцы, графiчны матэрыял і гэтак далей.
На нерухомых аб’ектах устанаўлiваецца ахоўная дошка, а для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей i iх навакольнага асяроддзя вызначаюцца зоны аховы.
Адным словам, патрабаванняў многа, і ўсё ажыццяўляецца за кошт сродкаў уласніка. Напрыклад, выраб мармуровай ахоўнай дошкі (устаноўлена не на ўсіх аб’ектах) каштуе нямала, не кажучы пра паслугу навуковых супрацоўнікаў па вызначэнні і ўстанаўленні ахоўнай зоны. Але вырашаць іх неабходна, таму ёсць над чым працаваць.
— Хто кантраліруе выкананне існуючага заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у нашым раёне?
— На Воранаўшчыне ў мэтах каардынацыі працы ў дадзеным напрамку ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і ўстаноў створана Воранаўская раённая камісія па падрыхтоўцы прапаноў па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У гэтым годзе адпаведны статус нададзены яшчэ шасці аб’ектам, якія знаходзяцца ў Воранаўскім раёне: сядзібнаму дому ў в. Больцінікі, родавай пахавальні Шукевічаў ва ўрочышчы Ланкішкі, касцёлу Прасвятога Ісуса (аг. Канвелішкі), касцёлу Ушэсця (в. Нача), касцёлу Святога Георгія (в. Асава), касцёлу Прасвятой Троіцы (в. Германішкі). Толькі катэгорыі пакуль што не прысвоены.
Існуе і межведамасны каардынацыйны савет Воранаўскага райвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, які ўзначальвае намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама М.І. Уляшка. У яго склад уваходзяць начальнікі аддзелаў райвыканкама — ідэалагічнай работы, культуры, фінансавага, адукацыі, прадстаўнікі землеўпарадкавальнай і жыллёва-камунальнай служб. Гэты савет каардынуе дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і арганізацый, уласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей па пытаннях аховы, зберажэння, аднаўлення, рэканструкцыі і выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей нашага раёна, кантралюе выкананне імі патрабаванняў Закона.
— Захаванне гiсторыка-культурных каштоўнасцей забяспечваецца на дзяржаўным узроўні. Для гэтага створана цэлая сiстэма прававых, эканамiчных, матэрыяльна-тэхнiчных, навуковых i iншых мер, накiраваных на недапушчэнне знiшчэння або пагрозы іх знiшчэння. Аднак і мы, грамадзяне, якiя пражываем на адпаведнай тэрыторыi, павінны таксама ўдзельнічаць ў ахове гiсторыка-культурнай спадчыны нашай краіны…
— Безумоўна. Кожны з нас мае дачыненне да агульнай справы. У нашым рэгіёне культурна-гістарычная спадчына даволі багатая, а зберагчы яе для наступных пакаленняў — наш грамадзянскі абавязак. Інакш ці зможам мы выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй краіны?..
Вольга Вараб’ёва.