Жыць на гэтым свеце — ужо само па сабе шчасце

За доўгую працу ў раённай газеце і на радыё мне цяжка і падлічыць свае шматлікія сустрэчы з жыхарамі нашага краю, людзьмі розных узростаў, прафесій, сацыяльнага становішча. А кожнае знаёмства пакідае ў сэрцы свой незабыўны след, узбагачае новымі пачуццямі, здзіўляе шматграннасцю чалавечага жыцця. Асабліва цікавымі бываюць людзі самыя звычайныя, на першы погляд нават непрыкметныя, нічым такім неадметныя і незнакамітыя. У той жа час іх лёс уражвае. Нават і не верыцца, што чалавек здольны пераадолець самыя цяжкія выпрабаванні на дарогах свайго жыцця. Вось і жыхар Воранава, заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Юзэф Юзэфавіч Янкевіч якраз і належыць да таго пакалення людзей, у якіх было дарослае дзяцінства...
— Нарадзіўся я ў Пераганцах у 1939 годзе, можа, і раней, — нібы зазірнуўшы ў сваё дзяцінства, успамінае Юзэф Юзэфавіч. — Час быў такі, што ніхто асабліва і не задумваўся, каб дакументальна занатаваць маё з’яўленне на гэты свет. Ды ў памяці назаўсёды застануцца адчуванне пастаяннага голаду і праца з маленства.
Асабліва цяжка прыйшлося без бацькі. Яго забілі бандыты (шмат было іх падчас і пасля вайны ў нашых краях). Адным недаспадобы была савецкая ўлада — Польшчу ім давай. Сельсавет у Пераганцах спалілі, актывіста Саўчанку спачатку за нагу падвесілі, а потым у Жыжме ўтапілі. А другія проста рабавалі людзей. Вось такія і забілі бацьку — есці ён ім не даў, ці што...
Адной маці было неўмагату нас, трох сыноў, пракарміць, як ні старалася. Давялося нанімацца да чужых людзей пастушком. Пасвіў я і калгасныя каровы. Плацілі тады калгаснікам за працу 30 літраў малака на месяц, а  яшчэ давалі 30-45 кілаграмаў жыта, скрыню бульбы. Вось і ўсе заробкі. Былі такія часы, што аднымі ягадамі карміліся, свірэпай. Прытомнасць трацілі ад такой яды, сіл працаваць зусім не было. Вельмі цяжка прыходзілася пад вясну, калі ўсе запасы з’ядаліся. На адзін з Вялікадняў, памятаю, знайшлі ў зямлі пасля зімы некалькі мёрзлых бульбін, зварылі жменьку пшаніцы ці жыта, крыху малачком заправілі — і так сустрэлі свята.
За хлебам (ужо пасля вайны) даводзілася ранюсенька, як толькі радыё на слупе загаворыць, хадзіць у Воранава. Магазін быў там, дзе цяпер знаходзіцца рэстаран. Бывала, стаіш-стаіш у чарзе, а хлеба і не купіш — не хапала на ўсіх. Так галодным і спаць ляжаш.
— А пра вайну што-небудзь засталося ў памяці?
— Памятаю, як адступалі немцы. Забег адзін да нас на падворак, амаль голы, гадзіннік меў, хацеў на яду абмяняць, але нашы салдаты былі ўжо побач. Дык гэты немец толькі і паспеў адкусіць кусок мыла і страмглаў даўся ў бок Воранава. Не магу забыць, як яўрэяў расстрэльвалі. Мы, малыя, хоць і баяліся, на страху залезлі і глядзелі: стралялі кулямёты, брахалі сабакі, енчылі людзі... Здаецца, у пачатку мая 1945 года каля нашай хаты вельмі шмат абязброілі бандытаў, частка іх потым перайшла на бок Савецкай Арміі. Забітых бандытаў таксама было шмат, іх звозілі на вазах на могілкі ў Геранёны.
Усяго і не прыпомніш. Але і сёння міжволі ўсплываюць у памяці страшныя малюнкі тых часоў: гараць хаты, людзі хаваюцца ад фашыстаў і бандытаў... Баліць і тое, што на вайне (дзесьці на Одэры) загінуў мой дзядзька.
— Пасля вайны, напэўна, лягчэй жыць стала… Вы пайшлі вучыцца?
— Я закончыў усяго пяць класаў. Да гэтага часу не магу забыць смак цукерак-падушачкаў у прамакатках, якія нам давалі ў школе на навагоднія святы, і тое, што на кожныя выбары соль прадавалася танная, камса — цэлымі бочкамі... Жыццё наладжвалася, цэны на тавары пастаянна зніжаліся, і як ні гавары, а народ тады паважаў Сталіна за такую палітыку. Калі ён памёр, то плакалі ўголас... Павучыўся я трохі і ў вячэрняй школе.  Але, як ужо раней казаў, каб пракарміцца і дапамагчы маці, трэба было працаваць і на людзей, і ў калгасе.
Давялося нават завербавацца на лесанарыхтоўкі ў Карэлію (падлеткам яшчэ быў). Працаваў у Кандэпогскім леспрамгасе ля фінскай граніцы, на Калючым востраве. Спілоўваў пянькі, каб яны не мяшалі валакушамі цягаць дрэвы на распілоўку. Ну і нацярпеўся ж я там! Нават і цяпер не верыцца, што змог перажыць і марозы за 400C, і цяжкую працу, і страх за тое, што цябе могуць скалечыць, забіць асуджаныя, якіх там было вельмі шмат з усіх куткоў краіны. Такім закон быў не пісаны, яны напіваліся без памяці, сварыліся, забівалі адзін аднаго. Пасылалі і мяне не адзін раз па водку. Прыходзілася хадзіць праз возера, а лёд пад вясну, памятаецца, трашчыць, трэскаецца... Страшна было, адольвала роспач, але ўнутранае пачуццё самазахавання, смага да жыцця, якіясьці пробліскі веры ў будучыню, нібы тое Паўночнае ззянне, святло якога і цяпер перад вачыма, застаўлялі ісці наперад... Так два гады ў Карэліі і прабыў, усё выцерпеў і выжыў. Заробкі былі добрыя — на тыя грошы па 400 рублёў меў, нават дамоў прысылаў — дапамагаў родным. Можа, і застаўся б яшчэ там, але адзін чалавек з Радуні, з якім я прыехаў на лесанарыхтоўкі, ад’язджаў дахаты, то і я паехаў. Па дарозе наведалі Ленінград, там касцюм сабе купіў.
Не сядзеў без работы і пасля Карэліі. Працаваў спачатку ў кінафікацыі, потым — у райспажыўсаюзе. Сам па сабе навучыўся шыць боты, працаваў шаўцом майстэрні ў Бастунах і Жырмунах. Нават раённаму ваеннаму камісару Волдзіну хромавыя боты пашыў, за што ён мяне і накіраваў вучыцца на шафёра. Пасля заканчэння вучылішча ў армію прызвалі. Падчас службы тры разы пабываў на цаліне. Пшаніцу перавозіў у Цалінаград. А на Украіне (Вінніцкая вобласць) цукровыя буракі вазіў на завод. Шмат грамат за добрую працу атрымаў, але самым лепшым падарункам быў радыёпрыёмнік “Альпініст”. Праслужыў 3,5 гады ў ракетных войсках, генерала, камандзіра ракетнага дывізіёна, вазіў. Да сержанта даслужыўся.
— Дзе працавалі пасля арміі?
— На Літве нейкі час быў, але штосьці не спадабалася, вярнуўся зноў сюды. Зразумеў, што калі працаваць пільня, то не трэба будзе і Вільня. Шмат гадоў працаваў вадзіцелем у райвыканкаме, розных начальнікаў вазіў. А потым, у 1976 годзе, запрасілі ў камунгас, які  на той час быў вельмі бедны: мелі аднаго каня і маленькі трактарчык. А работа ў нас, камунальнікаў, скажу вам, нялёгкая, бо ў любое надвор’е трэба ехаць і рамантаваць які-небудзь парыў у вадаправодзе ці каналізацыі. Мне прыходзілася і прыходзіцца быць не толькі трактарыстам, але і зваршчыкам. І так увесь час: у вадзе, у зямлі, у балоце... Але не скарджуся, жыць можна, бо самае страшнае — вайна, нястача — засталося ў мінулым. Хаця і сёння галоднае дзяцінства дае аб сабе знаць: вымушаны быў страўнік лячыць аж у Мінску. Таму трэба берагчы сябе з малых гадоў, не піць і не курыць!
— Юзэф Юзэфавіч, Вы — шчаслівы чалавек?
— Нарадзіцца і жыць на гэтым свеце — ужо само па сабе шчасце, як бы там ні склаўся лёс, які, веру, ёсць у кожнага чалавека. Вось вазьму хаця б сябе. Былі два выпадкі ў маім дзяцінстве, якія маглі б скончыцца трагічна. Дзесьці пасля вайны, а мо і падчас яе, прыцягнуў я дахаты вялізную міну — і давай у ёй калупацца. Штосьці ж кіравала мною, бо не ўдарыў зверху па міне, па дэтанатары, а збоку прабіў дзюрку і даставаў узрыўчатку... На шчасце, непадалёку знаходзіўся дарослы, які выкруціў узрывальнік і адкінуў яго ўбок, а ён як бабахне!.. А яшчэ памятаю, як прынёс з лесу ружжо, у якім быў патрон. Загнаў у дула дрот і пачаў біць па ім малатком зверху, але ружжо адхіліў ад сябе... А гэты дрот разам з куляй як рване ўверх... Трымай я ружжо інакш, наставіўшы на сябе, то забіла б. Так што, колькі чалавеку адпушчана пражыць (не важна добра ці дрэнна), столькі ён і пражыве.
Ці шчаслівы я? Цяжка было — выжыў, яшчэ працую, з жонкай Марыяй трох сыноў выгадаваў і вывучыў у інстытутах, маю трох унукаў. Жыццё працягваецца. Не сорамна за сваю працу, людзі паважаюць. Шчаслівы, бо жыву, дзякую Богу за тое, што даў маім бацькам такі падарунак — нарадзіць мяне, нізкі ім паклон за гэта, вечная памяць. І заўсёды прыкладам мужнасці, самаахвярнасці, працавітасці, вялікай любові да нас, дзяцей, будзе мая маці. Таму не магу зразумець ні сэрцам, ні розумам некаторых сучасных жанчын, якія народзяць дзяцей, а потым  кідаюць іх... Што ж было б з намі, дзяржавай, калі б так рабілі многія жанчыны-маці, асабліва ўдовы, у тыя цяжкія часіны?.. А сёння ж можна жыць ды жыць, толькі трэба сумленна працаваць, рабіць дабро чалавеку!
Вікенцій ЯКОВІЧ.
На здымках:  з жонкай Марыяй; падчас службы
ў арміі.
Фота з сямейнага архіва.

Комментарии
Вера
На артиста похож!)
Добавление комментария
CAPTCHA
*