Брэнд пагародзенскай зямлi

С праздником 30 сентября 14 2466
У мінулую нядзелю ў Пагародне ля сельскага цэнтра дасугу і народнай творчасці гучала музыка, чуўся вясёлы смех, ішоў гандаль. Адным словам, “кіпеў” сельскагаспадарчы кірмаш, які, на думку многіх жыхароў аграгарадка і гасцей, ужо стаў брэндам зямлі пагародзенскай.
Гучна запрашалі ўсіх на свята гаспадары — супрацоўнікі СЦДіНТ, хлебам-соллю гасцей віталі. Чаго толькі не было на падворках, падрыхтаваных прадстаўнікамі сельскіх Дамоў культуры раёна. Чаем з мёдам частавалі гаспадары з Паляцкішскага СДК. Самыя смачныя каўбасы, пальцам пханыя, сала з праслойкай, кумпякі былі ў Доцішак і Начы. Бліны пшанічныя, бульбяныя ды духмяныя прапаноўвалі Жырмуны, Забалаць і Гіркі. Салодкай здобай частавалі Канвелішкі, Тракелі, Пераганцы і Больцішкі. Гарэзлівыя беняконскія клоўны для самых маленькіх адпачываючых звычайныя паветраныя шарыкі пераўтваралі ў дзівосных жывёл. Дзеці весяліліся ад душы: гулялі ў бяспройгрышныя латарэі, скакалі на батутах. Дарослыя жа ў той час прыглядаліся ды прыцэньваліся — эксперыментальная база “Пагародна” прадавала бульбу, зерне, моркву і буракі, прапаноўвала паспрабаваць шашлыкі. Некаторыя спыняліся ля выстаўкі раённага Дома рамёстваў, каб уважлівей разглядзець вырабы з бісеру, карціны, гліняныя вазы, ды, калі кошт будзе па кішэні, і прыкупіць штосьці.

І вось вядучыя Святлана Салмановіч і Васіль Маркевіч паклікалі на канцэрт. Першымі ўзялі слова фальклорныя гурты сельскіх Дамоў культуры. Гледачы прымалі на “ўра” і іх, і байкі ў выкананні любіцеляў аматарскай творчасці. Гучныя апладысменты заслужылі і выканаўцы эстраднага блока — Л. Комінч, Н. Чурсінава, Л. Кукліс, М. Урыновіч, А. Дзюк, Л. Берцэвіч, С. Крываручка і інш. А калі на імправізаваную сцэну выйшлі “Канвелішскія штукары” — месца было мала для скокаў.

Тое, што свята ўдалося на славу і супрацоўнікі культуры зрабілі ўсё магчымае, каб добра правесці вольны час, зазначылі госці мерапрыемства — старшыні райсавета дэпутутаў В. Роік і мясцовага сельсавета В. Сінельнікава, дырэктар РМЦНТ І. Камінская. Віктар Віктаравіч выказаў нам свае думкі:

—  Хацелася б, каб на кірмашы было больш людзей, гандляроў, а для гэтага патрэбна папярэдняя рэклама. Не хапала спартыўных спаборніцтваў. Гэта, думаю, у наступным годзе будзе ўлічана. Калі ж казаць пра сам кірмаш, то я на самай справе адпачыў тут душою і павесяліўся ўдосталь.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымках: моманты свята.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

[gallery link="file" columns="2"]
Добавление комментария
CAPTCHA
*