25 сакавіка “Бярозавы фэст” прайшоў у Воранава (фота)
Галоўным атрыбутам свята быў бярозавы сок. Яго жадаючыя маглі набыць у прадстаўнікоў Воранаўскага лясніцтва. Маглі і проста зрабіць “глыток здароўя” — валанцёры раённых арганізацый Чырвоны Крыж і БРСМ частавалі ўсіх карысным напоем.
Некаторыя воранаўцы скарысталі з магчымасці набыць саджанцы. Іх прапаноўваў вядомы ўжо многім дачнікам Антон Шыдлоўскі з Іўя. Сёння ён прывёз 15 гатункаў толькі яблынь. “За свае саджанцы я поўнасцю ўпэўнены, — гаворыць Антон Вікенцьевіч. — У вас бываю часта, таму проста не магу прадаваць няякасны тавар”. Быў добры попыт і ў Ганны Петрыкевіч з Навагрудскага раёна, у якой было каля 40 гатункаў пладова-ягадных дрэўцаў і кустоў. Воранаўскія леснікі ж прыгатавалі на продаж саджанцы дэкаратыўных кустоў, а таксама венікі для бані.
Пакуль ішоў гандаль, на летняй пляцоўцы спявалі нашы землякі — вакальны ансамбль народнай песні “Вясёлка” гарадскога цэнтра культуры і дасуга, Караліна Кавальчук, Юлія Крысенэль, Аляксандр Мелько, Ала Кудраўцава, Надзея Дзюба, Яраслаў Івашкевіч, а таксама госці — вакальны ансамбль “Варажея” аддзела культурна-масавай работы з Ліпнішак. Клоўны Валянціна Вашкевіч і Ірына Бурч з Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі забаўлялі дзятву — ладзілі вясёлыя гульні.
Тым часам было ажыўлена ля пажарна-аварыйнай выратавальнай тэхнікі. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях дэманстравалі цікаўным школьнікам яе магчымасці. Прадстаўнікі рэдакцыі “Воранаўская газета” і Воранаўскага ўчастка пачтовай сувязі прапаноўвалі працягнуць падпіску на ІІ квартал сваёй газеты.
У тэму
Бярозавы сок рэалізуюць усе лясніцтвы раёна. Адзін літр, калі яго набываць непасрэдна там, абыдзецца 18 капеек, а на лесасецы — 15 кап. Аб’ёмы нарыхтоўкі бярозавага соку ў лясніцтваў розныя. Напрыклад, у Беняконскім — 25 тон. Бярозавы сок тут нарыхтоўвае работнік па працоўнай дамове Руслан Трышаў. Беняконскія леснікі ўжо здалі 4 тоны на Гродзенскі кансервавы завод.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.