Воранава — сталіца беларускай гульні (Абноўлена. Шмат фота)

С праздником 18 сентября 12 3159

У мінулую суботу, 15 верасня, наш райцэнтр сустракаў гасцей і ўдзельнікаў IV абласнога адкрытага фестывалю гульні “Карнавал весялосці”. На свята завіталі госці не толькі з усіх куточкаў нашай прыгажуні Гродзеншчыны, але і з іншаземных валасцей — дэлегацыя акругі Піш з Польшчы і дзве літоўскія — з Алітуса і Шальчынінкая. Гэтыя шаноўныя госці ўжо даўно сталі нашымі партнёрамі і сябрамі, з якімі склаліся добрасуседскія адносіны.

Цэнтральная вуліца Воранава а 10 гадзіне раніцы нібы пераўтварылася ў чароўную краіну. Ажылі раставыя лялькі, карнавальныя маскі і казачныя героі, якія ў вясёлым карнавале ішлі да галоўнай пляцоўкі свята — плошчы. Тут удзельнікаў конкурсу, гасцей і гледачоў сустракалі фанфарамі, пад гукі якіх на сцэне з’явіліся вядучыя і ўсіх прывіталі, а таксама прадставілі шаноўных гасцей. Сярод іх былі Ганаровы грамадзянін Воранаўскага раёна, рэктар Белдзяржуніверсітэта С.Ул. Абламейка, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ пятага склікання па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 С.І. Ушкевіч, дэлегацыя польскага горада Піш на чале са старшынёй мясцовага савета Ліляй Бэднарэк, прадстаўнікі самакіравання Алітускага раёна Літоўскай Рэспублікі на чале з дарэктарам адміністрацыі Аўрымасам Трунцэ і старшыня Беларускага культурнага цэнтра Шальчынінкскага раёна Мікалай Амялевіч.


Адкрыццё “Карнавала весялосці” мела многа яскравых момантаў і нечаканасцей. Яркай была харэаграфічная кампазіцыя “Карнавальная” з удзелам выхаванцаў мясцовай школы мастацтваў. Іх на сцэне змяніў забаўляльны гурт пацешнікаў — студэнтаў універсітэта культуры. Што яны толькі не выраблялі, нават на ківілах (хадулях) танцавалі. Каларытнымі былі і гаспадыня карнавала Гульня, і яе памочнік Андрэйка-весялейка, якія заклікалі на сцэну ўсіх удзельнікаў фестывалю.

З прывітальным словам выступіў старшыня Воранаўскага райвыканкама М.А. Розум. Цёпла віталі жыхароў Воранаўшчыны і арганізатараў карнавалу ўсе запрошаныя шаноўныя госці. І вось доўгачаканае “IV абласны фестываль гульні “Карнавал весялосці” аб’яўляецца адкрытым” абвясцілі прафесар П.А. Гуд, загадчык кафедры рэжысуры народных абрадаў і святаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і Г.А. Багдзевіч, начальнік эканамічнага аддзела ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Пад гукі ўзнёслай музыкі запаліўся піратэхнічны фантан, гэта быў яшчэ адзін нечаканы для гледачоў і ўдзельнікаў падарунак.


Свае конкурсныя сюжэтна-забаўляльныя праграмы на адкрыты фестываль гульні “Карнавал весялосці” прывезлі 14 калектываў з 13 раёнаў Гродзеншчыны. А ацэньвала іх выступленні вельмі прынцыповае журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, аддзела ідэалагічнай работы Воранаўскага райвыканкама і іншыя. А ўзначальваў гэтае высокае журы яго старшыня — прафесар П.А. Гуд.

Усе праграмы прайшлі на высокім узроўні. Хочацца адзначыць, што выступоўцы надалі вялікую ўвагу дэкарацыям, касцюмам,  нестандартным рэжысёрскім прыёмам... Усё гэта ладзілася з адной мэтай — выклікаць інтарэс і заахвоціць паўдзельнічаць у гульнях. Творчы падыход гледачы ацанілі і з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў карагодах з русалкамі, у агародных забавах, заглядвалі ў чароўны куфэрак, хадзілі на кірмаш, рыхтаваліся да ўваходзінаў і нават строілі гарэм...

У перапынку паміж выступленнямі канкурсантаў сваімі песнямі ўсіх парадаваў калектыў “Эйшышчане” з Літвы, які прыехаў да нас з сяброўскім візітам.


Але конкурс ёсць конкурс... І ў ім павінны быць пераможцы. Пакуль журы падводзіла вынікі, гледачоў забаўлялі артысты Навагрудскай цыркавой студыі. І вось доўгачаканы момант — абвяшчэнне вынікаў. Першае месца было аддадзена гульнёва-забаўляльнай праграме “Рыбалка па-азёрску” народнага тэатра гульні “Анфас” Азёрскага Цэнтра культуры і вольнага часу Гродзенскага раёна (мастацкі кіраўнік Дзяніс Балабуеў). Другое — фальклорна-пазнавальнай гульнёвай фантазіі “Вялікае сонца” тэатра гульні “Сто сяброў” Лідскага раённага Палаца культуры (мастацкі кіраўнік Ірына Калыска). Трэцяе месца прысуджана гульнёва-пазнавальнай праграме “У нас уваходзіны” народнага тэатра-студыі “Гульнёвы кірмаш” Пагародзенскага сельскага Цэнтра дасуга і народнай творчасці Воранаўскага раёна (мастацкі кіраўнік Святлана Салмановіч). Усе прызёры і ўдзельнікі атрымалі граматы і падарункі ад гаспадыні Гульні. А вось самы каштоўны падарунак фестывалю — спецыяльны прыз (відэакамера) ад старшыні Воранаўскага райвыканкама М.А. Розума — дастаўся тутэйшаму калектыву — пагародзенцам. І не здарма.

Ад імя гасцей, журы, удзельнікаў і гледачоў IV абласнога адкрытага фестывалю гульні “Карнавал весялосці” хочацца выказаць словы падзякі ўсім арганізатарам гэтага цудоўнага свята і, канешне, галоўнаму рэжысёру Наталлі Валер’еўне Вашкевіч. Бо дзякуючы святу ў людзей стварыўся добры настрой, які станоўча паўплывае на працаздольнаць і ўвогуле на жыццёвы лад.

На Юбілейную пойдзеш — у казку трапіш...


Ужо стала добрай традыцыяй у нас у раёне падчас святаў ладзіць гаспадарчыя падворкі, і фестываль гульні не стаў выключэннем. Сельгасарганізацыям разам з установамі культуры Воранаўшчыны было прапанава зрабіць стылізаваныя пад беларускія казкі падвор’і, у якіх і пачаставалі гасцей казачнымі стравамі. Вось тут было дзе разгуляцца багатай фантазіі... Адзінаццаць падворкаў, і ў кожным нешта сваё, асаблівае — тут вам і запечаныя парсюкі, і заморская ікра, і заліўная рыба, і вяндліна, і каўбаса пальцам пханая, і разнастайныя саленні ды варэнні, а ўжо цешчыны бліны са смятанай і мёдам увогуле пакарылі гасцей.


Стараліся ўсе як маглі, бо патрэбна было не толькі гасцей уразіць, але і спадабацца журы, якое ацэньвала мастацкі густ, эстэтычнае афармленне, адпаведнасць выбраным казкам і, канешне, творчыя здольнасці. Журы абрала тры найлепшыя падворкі, а менавіта: доцішскі, які прадэманстраваў “Замалёўкі з вясковага жыцця”, тракельскі, дзе расказалі казку “Ехаў дзедка на кірмаш”, і больцішскі — з апавяданнем пра “Дзве пілы”. Ім былі прысуджаны прызавыя месцы. Усіх ж астатніх таксама адзначылі за працу і творчы падыход. А паглядзець, паслухаць і паспрабаваць тут сапраўды было што.


Напрыклад, на жырмунскім падворку ўсе стравы былі толькі з рыбы, а больценікскія жыхары расказалі, як ў іх “Да цешчы на бліны” ходзяць і нават давалі пасмакаваць гарачанькіх бліноў, пагародзенскія гаспадары “Калабка” пяклі, а ў забалацкіх, ды і зусім быў “Лёгкі хлеб”, а вось місявічскія прыдбалі чароўны рог, а як вядома, “З рога ўсяго многа”.

І мы там былі, і мёд, піва пілі, па вусам цякло ды і ў рот папала...

Усіх аб’яднала гульня


Фестываль тым часам набіраў моц. Воранаўцы і госці весяліліся ад душы. Радавала вока мноства яркіх фарбаў. Напэўна, на свяце не было такога чалавека, які б не палюбаваўся зробленымі таленавітымі вучнямі і настаўнікамі раёна кветкавымі пано і кампазіцыямі з прыроднага матэрыялу. Колькі ж патрэбна майстэрства і творчай выдумкі, каб з галінак дрэў, кветак, лісця, пер’я атрымалася прыгожая і непаўторная карціна!


Усе работы прыйшліся па душы адпачываючым. Аднак найбольшы рэзананс выклікала кампазіцыя Больцішскай базавай школы “Сімфонія жыцця”, дзе быў выкладзены сімвал Беларусі — бусел. Гэтую работу прызнала лепшай і журы. На 2-е месца “натхніла” кампазіцыя Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. “З дабрынёй — да вас” падышоў Радунскі дзяржаўны сацыяльна-педагагічны цэнтр, у выніку — 3-е месца.


У парку на летнюю эстраду запрашалі народныя калектывы Гродзенскай вобласці. Лірычныя, заліхвацкія і жартоўныя песні сабралі святкуючых. Артысты не толькі заклікалі сумесна паспяваць, але і патанцаваць. Ды пад польку беларускую ногі самі ішлі ў скокі. Затым аматары народнага гумару з задавальненнем паслухалі ўдзельнікаў конкурсу “Весяліцца — не журыцца”. Дасціпныя жарты, вясёлыя байкі і неверагодныя гісторыі прымушалі смяяцца ад душы.


Лепшым гумарыстам была прызнана Святлана Вараноўская з Жырмун. На другім месцы — Аляксандр Мацюк з Воранава, а трэцяе — за Аленай Вітукевіч з Пагародна. Тым часам адпачываючыя накіраваліся сваімі вачыма ўбачыць казачных герояў. Каго толькі па дарозе не сустрэлі! Нібы з-пад зямлі вырас лесавічок, на пень прысеў калабок, на прагулку выйшлі слімакі... А вось і грыбочкі прытуліліся ў кошыку. Адным словам, прадпрыемствы і ўстановы раёна арганізавалі сапраўдны “Лялечны вернісаж”! Асаблівую цікавасць выклікалі “Царэўна-жаба” (ТЦСАН Воранаўскага раёна), “Ветраны млын” (Сельэнерга) і “Баба-яга ў ступе” (РУП ЖКГ).


Не пакінулі па-за ўвагай гледачы і спартыўныя мерапрыемствы. Балельшчыкі “Камунальніка” зноў засталіся задаволеныя сваёй камандай, якая з лікам 6:0 перамагла зборную аматарскую каманду раёна. Горача было таксама на міні-футбольнай пляцоўцы. Ва ўпартай барацьбе АПС “Воранава” абыграў (5:4) СВК “Доцішкі”.

Якое ж свята без “Горада майстроў” і дзіцячай пляцоўкі! Дарослыя спяшаліся прыдбаць упрыгожванні, вырабы з дрэва, бісеру, карціны. А дзеці з радасцю беглі на атракцыёны, скакалі на батутах і ездзілі на машынках. Дзяўчынкі нават паспрабавалі сябе ў ролі будучых гаспадынь — “у печы” з агню здымалі чыгунок.


Да сустрэчы, фестываль!


Заключным акордам свята стала выступленне зорак беларускай эстрады. Не сціхалі апладысменты спеваку і кампазітару эстраднага шансона Сяргею Славянскаму. Яго голас літаральна зачараваў слухачоў. Хутка ўсе разам з артыстам спявалі яго хіты “Аленушка”, “Любимая женщина”, “Жена”. Нездарма ён свае песні называе “Дарослыя песні для душы”. Затым лірычнае і па-жаночаму кранальнае песеннае слова сказала Вольга Плотнікава. Падчас выступлення яна не раз прызнавалася ў любові да воранаўскай зямлі. А гледачы адорвалі любімую артыстку бурнымі апладысментамі.

І вось наступіў доўгачаканы момант — мільёнамі агеньчыкаў рассыпаўся ў небе феерверк. Святкуючыя з заміраннем назіралі за вогненымі рознакаляровымі стужкамі. Хацелася ўсклікнуць: “Да сустрэчы, фестываль! Будзем з нецярпеннем чакаць новага спаткання з табой!”


На фестывалі пабывалі Наталля ІВУЦЬ,

Марына КАНДРАТОВІЧ і Алег БЕЛЬСКІ (фота).






















Комментарии
Мишка з лесу
Салют ажно над лесом было видно. Класс!
В
Говорят лягушка заняла 1 место! По делу! Различные поделки в парке были отличные, очень приятно было посмотреть! Удивлен какие вещи могут делать у нас. Удивлен и ВРИОД начальника ГАИ Бутько П.Б., он сам участвовал в установке ограждений на улицах для перекрытия движения, значит «перевести стрелки» не на кого. А поставили ограждения с большими и грубыми нарушениями ПДД и правил безопасности! На некоторых ограждениях были не те знаки что нужно, а на некоторых вообще небыло. Небыло и схем или указателей как объехать закрытый участок улицы и водилам приходилось сдавать назад и крутиться по городу, а кто первый раз в городе так вообще не знал кудой можно объехать. Могли бы в СМИ заранее опубликовать где будет закрыто. Вот такой ВРИОД начальника ГАИ, других штрафует, а сам нарушает.
Добавление комментария
CAPTCHA
*