Свая хатка — як родная матка

Из редакционной почты 05 февраля 13 12397

Наш народ-паэт трапна, мудрагеліста  і па-філасофску засяроджана заўважыў: “Усе мы родам з хат”... І сапраўды: менавіта з хаты ідуць нашы карані, хата — гэта і аб’ёмісты вобраз бацькоў нашых. Ад хат, яе маленькіх сцяжынак пачыналіся і нашы дарогі-вандроўкі ў вялікі свет.

І як крыўдна і балюча, што многія з нас здрадзілі сваёй хаце — і такім чынам здрадзілі і малой радзіме. Як агідна, што хаты ў нашых вёсках сталі з вокнамі, забітымі драўлянымі крыжамі. Як горка, што ў некаторых вёсачках засталося ўсяго некалькі хат. Чаму? Можна доўга разважаць пра неперспектыўнасць населеных пунктаў, пра эканоміку, пра савецкую спадчыну, шмат яшчэ пра што… Але мне думаецца, што многія беларусы сталі манкуртамі, людзьмі перакаці-поле, кваснымі патрыётамі перш за ўсё таму, што ў іх душы пагас агеньчык любові да роднай хаты, якая выхавала і акрэсліла дарогу ў свет.

Наша нацыянальная бяда ў тым, што ў мітуслівых вандроўках-пошуках лепшай долі мы адвярнуліся ад бацькоўскай хаты, ад хаты свайго роду. Мы пачалі шукаць шчасця ў шматпавярховых дамах у гарадах раённых, абласных, сталіцы, але і там не знайшлі запаветнай папараць-кветкі. Ад вёскі многія  адбіліся, а ў гарадской духоўнасці сябе так і не знайшлі, і там засталіся з вясковай псіхалогіяй. Як некалі трапна напісаў паэт Міхась Губернатараў: “Хоць гарадскі — душою з вёскі”…

Калі чалавеку адзінока і няўтульна ў вялікім горадзе — гэта ўжо жыццёвая драма. Так у многім здарылася таму, што беларусы згубілі культ ХАТЫ. А менавіта яна з даўніх часін для нашых продкаў і ўвасабляла сам сямейны ачаг, яго святасць.

Хата для нашых папярэднікаў — гэта цэлы свет. Прыгожы і паэтычны, гарманічны і разумны. Традыцыйна — гэта жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення.

Наш народ заўсёды скрупулёзна рыхтаваўся да свят. І пачыналася ўсё з прыбірання хаты. Для нашых папярэднікаў хата была ледзь не святым месцам. Нездарма раней хат без абразоў фактычна не было.

Хаты стараліся не ставіць на месцы, дзе раней пралягала дарога, было папялішча, знойдзены косткі, дзе пралілася кроў. Пад пабудову не бралі дрэвы, паваленыя бурай, рыпучыя. Будаваць пачыналі ў пэўныя часы згодна са станам Месяца, у першы дзень клалі толькі адзін вянок, цэлы год не дакрывалі страху ў сенцах. У асобны рытуал разгортвалася і наваселле.

Адзначу, што дабрабыт і шчасце ў сям’і прагназаваліся ўжо самім будаўніцтвам хаты, якое перш-наперш сімвалічна арыентавалася на тварэнне свету. У айчыннай народнай творчасці  зафіксаваны ўнікальны звычай аб сямі ахвярных жывёлах у парадку іх сакралізацыі — ад пеўня да каровы і каня.

Універсальны абарончы характар мелі і абходы вакол хаты, накіраваныя на выгнанне насякомых, нечысці наогул, на Благавешчанне ці ў Чысты чацвер. Апякалі хату продкі: людзі верылі, што душы іх знаходзяцца ў межах хаты — пад печчу, пад парогам. Лічылі, што душы продкаў наведваюць свае хаты на Дзяды, Каляды — таму ім наладжвалі спецыяльнае частаванне. Благім  жа знакам, што прадказвае розныя няшчасці, лічылася з’яўленне ў хаце розных птушак, жывёл ці насякомых. Прылёт да хаты зязюлі,  крумкача, савы, улятанне ў акно невялічкай птушкі паказвалі на хуткую бяду. Нават брэх сабакі ў хаце мог выгнаць з яе анёлаў.

У хатах беларусаў спрадвеку прыемна пахла свежым хлебам. Хату ніяк нельга ўявіць без печкі, у якой патрэскваюць і страляюць чырвонымі вугельчыкамі дровы…

Пра хату народ наш складаў прыказкі, прымаўкі, устойлівыя спалучэнні: дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена; свая хатка — як родная матка; адбіцца ад хаты; выносіць смецце з хаты, мая хата з краю — нічога не знаю; я не я, і хата не мая; чужую хату пільнаваць; як у сваёй хаце; астаткі з хаткі, хатка на курыных лапках... І, канешне, адна з форм ветлівага запрашэння — чым хата багата. Нават культурна-асветніцкага работніка на вёсцы, загадчыка хаты-чытальні раней называлі хатнікам.

Раней казалі: вёска на дзвесце хат, на сто хат… Сёння, у ХХІ стагоддзі, у такія лічэбнікі маладое пакаленне ўжо нават не паверыць.

І ўсё ж хочацца верыць, што культ Хаты зноў залунае над Беларуссю. Людзі! Будуйце хаты на роднай зямлі, шануйце хаты свайго роду. Саджайце вялікія сады ля роднай хаты! Менавіта хата — гэта разумная арганізацыя быту беларуса, яго сям’і.

А мне зноў і зноў узгадваюцца бессмяротныя радкі Аркадзя Куляшова з яго таленавітага верша “Я хаце абавязаны прапіскаю”:

Я хаце абавязаны прапіскаю —

Калыскаю, падвешанай пад столь.

Я маці абавязан кожнай рыскаю,

Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю —

Усім, чым працы абавязан стол…

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог, краязнаўца.
Комментарии
ТЕРПИЛА
а леж яки прыемны чалавек, усе ведае пра хаты, але-ж каму у их жиць , хиба тым што паказваюць па тэлебачанни.
Добавление комментария
CAPTCHA
*