Рупліваю працай мацуюць Радзіму. У Воранаўскім райвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём лепшых працаўнікоў Воранаўшчыны
Дбайных, кемлівых, таленавітых работнікаў аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, спажывецкага таварыства, меліяратыўнай сістэмы, службы надзвычайных сітуацый, сфер адукацыі, медыцыны, інфармацыі, сацыяльнага абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожнай і лясной галін раёна, а таксама шматдзетную сям’ю Кель вітаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня райвыканкама Дзмітрый Захарчук:
— Склалася добрая традыцыя ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь заносіць на раённую Дошку гонару імёны лепшых перадавікоў па меркаванні жыхароў воранаўскай зямлі. Кожны з вас у межах сваёй кампетэнцыі прыклаў усе намаганні для таго, каб квітнела наша Беларусь. Дзякуй вам за адданую працу. Вы — прыклад для пераймання, на вас раўняецца маладое пакаленне. Таму вы павінны годна несці сваё пачэснае званне лепшых працаўнікоў Воранаўшчыны і не збочваць з абранага шляху.
Да віншаванняў далучылася і госць свята — Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Надзея Хальцова, якая зазначыла, што трапіць у перадавую эліту раёна зусім не проста. Яна выказала ўпэўненасць, што варанаўчане валодаюць такімі якасцямі, як кампетэнтнасць, прафесіяналізм, адказнасць і пажадала памнажаць добрыя пачынанні, дасягаць новых працоўных мэтаў.
Сапраўды, аб’яднаныя непадробнай любоўю да Воранаўшчыны, землякі штодзённай руплівай працай праслаўляюць нашу малую радзіму, робяць значны ўнёсак у развіццё краіны. У іх шэрагу — калектыў механізаванага машыннага двара ў Гірках КУСП “Гіркі”.
— Больш за трыццаць гадоў працую ў сельгаспрадпрыемтве, дзесяць з іх кірую цэхам механізацыі, — расказаў Мечыслаў Дзянькоўскі. — Наш калектыў з дванаццаці чалавек настроены на добры вынік. У зоне нашай адказнасці ні многа ні мала — 60 трактароў, 14 іх прычэпаў, 17 пагрузчыкаў, 66 грузавых і легкавых аўтамабіляў. Мы адказна ставімся да іх тэхнічнага стану. Заўжды наша тэхніка 100% праходзіць дзяржтэхагляд. Акрамя таго, сур’ёзна адносімся і да выпуску нашых механізатараў на лінію, разумеем, што няма нічога каштоўней за людскія рэсурсы. Прыемна, што ў гэтым плане нас не раз ставілі ў прыклад супрацоўнікі ДАІ калегам з іншых гаспадарак. А ў галоўнае свята нашай краіны занеслі калектыў на раённую Дошку гонару. Гэта і пачэсна, і адказна — абавязвае нас не апускаць узятую планку.
— Для мяне Дзень Рэспублікі — свята ўсіх, каму дарагія і зразумелыя нашы агульныя каштоўнасці: гонар за краіну, жаданне працаваць для яе росквіту, любоў да сваёй зямлі, сям’і, — падзяліўся урач-тэрапеўт Воранаўскай ЦРБ Валянцін Нядзелька. — Справа, якой я займаюся ўжо трыццаць гадоў, не мяркуе планавання, а з’яўляецца неад’емнай часткай дзяржаўнай задачы — захавання здароўя насельніцтва. Працую, можна сказаць, на перадавой мяжы, бо з прыёмнага аддзялення бальніцы пачынаецца праца з хворымі, якім патрэбна гаспіталізацыя, аказваецца неадкладная і экстраная дапамога. У нас вялікі паток пацыентаў — у сярэднім у суткі 20-30 зваротаў. Вось у такім дэнамічным рэжыме працуюць усе работнікі нашага аддзялення. Канешне, гэтыя пытанні ўзнікаюць і ў іншых аддзяленнях, проста нам неабходна вырашаць іх у вельмі кароткі тэрмін і заўсёды быць у тонусе.
Лічу, што ўрачам важна развівацца і добра рабіць сваю справу. Пры гэтым неабходна перадаваць вопыт маладым спецыялістам, фарміраваць у іх прафісійную адказнасць. Таму заўсёды адкрыты на дыялог з новымі кадрамі.
У святочны дзень як урач жадаю землякам захаваць здароўе, а таксама энергіі і доўгіх гадоў актыўнага жыцця на карысць нашай малой радзімы і Беларусі.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.