У Гродне ўзнагародзілі ўдзельнікаў абласнога этапа конкурсу “Знаўца польскай арфаграфіі − 2021”
Традыцыйна ўдзел у ім прымаюць вучні 5-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашай вобласці.
Малая радзіма вядомых беларускіх і польскіх грамадскіх дзеячаў Элізы Ажэшкі, Станіслава Манюшкі, юбілейныя даты з дня нараджэння паэта Адама Міцкевіча, 500-годдзе славянскага кнігадрукавання − за шматгадовую гісторыю існавання тэматыка конкурсу была самая разнастайная. Традыцыйна ўдзел у ім прымаюць вучні 5-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашай вобласці. У гэтым годзе ахвочых паспрабаваць свае сілы ў веданні польскай арфаграфіі аказалася нямала − паказаць найлепшы вынік намагаліся больш за сорак удзельнікаў з 11 раёнаў Гродзеншчыны. Пераможцаў вызначалі ў трох узроставых катэгорыях.Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №36 г. Гродна Галіны Кухарчык, для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу была сфарміравана каманда з ліку пераможцаў раённага этапу па адным удзельніку ад кожнай узроставай группы. Асобнымі камандамі выступалі вучні сярэдніх школ №36 горада Гродна і №8 горада Ваўкавыска, у якіх навучанне вядзецца на польскай мове. Гонар гэтых устаноў адукацыі адстойвалі па тры ўдзельнікі ад кожнай узроставай группы. Конкурс паміж імі праводзіўся асобна ад удзельнікаў з іншых раёнаў.
− На раённым этапе хлопцам і дзяўчатам неабходна было напісаць дыктоўку і выканаць пісьмовае тэставае заданне. Апошняе чакала і на абласным этапе, дзе ўдзельнікам прапанавалі таксама паразважаць аб будучым, прафесіі, якой хацелася б прысвяціць сваё жыццё, а думкі занатаваць, − расказвае Галіна Кухарчык. − Тэматыка заданняў была накіравана на фарміраванне ў дзяцей павагі да беларускай і сусветнай культурнай спадчыны.
Сёння заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх адрасатаў. Віншуючы пераможцаў з высокімі вынікамі, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык адзначыў, што конкурс знаўцаў польскай арфаграфіі дапаўняе конкурс чытачоў польскай паэзіі. З кожным годам ён пашырае свае межы, дазваляе выяўляць таленавітых вучняў, абуджаць у іх зацікаўленасць да вывучэння польскай мовы.
− Кожная мова, якую мы вывучаем, адчыняе невялічкія дзверцы ў свет ведаў. Ці гэта мова далёкіх народаў, ці гэта мова нацыянальных мяншынстваў неважліва, бо кожная з іх без выключэння дазваляе нам зазірнуць у гісторыю таго ці іншага народа, таксама зразумець, што мелі на ўвазе, напрыклад, нашы знакамітыя мастакі слова, паэты. Вялікае шчасце чытаць геніяў сусветнай літаратуры на мове аўтара. Такая магчымасць ёсць далёка не ў кожнага, але вы яе маеце, − сказаў, звяртаючыся да прысутных Руслан Абрамчык, дадаўшы, што мова − гэта багацце, якое кожны з нас носіць з сабою, і пры дапамозе якога мы разуеем сябе, навакольны свет.
Акцэнт на тым, што валоданне замежнай мовай, веданне культуры суседняга народа робіць нас не проста адукаванымі людзьмі, але і духоўна багатымі, зрабіў і старшыня грамадскага аб'яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Аляксандр Сонгін. Удзельнікам конкурсу ён падзякаваў за шчырасць падчас выканання аднаго з прапанаваных заданняў.
− Разам з намі вы падзяліліся сваімі марамі і захапленнямі, планамі на будучыню, паказалі цудоўныя вынікі ў веданні польскай мовы як адной з нашых славянскіх моў, − сказаў ён, віншуючы пераможцаў з абласнога цэнтра і Гродзенскага раёна.
У ліку тых, хто сёння з вялікім задавальненнем прымаў узнагароды, была і васьмікласніца СШ №36 г. Гродна Віялета Шчарбакова. У дзяўчыны − дыплом II ступені. Такому дасягненню яна, безумоўна, рада, але разам з тым прызнаецца:
− Хацелася б усё ж такі ўсіх супернікаў пакінуць пазаду. Другое месца ўжо не першы раз застаецца за мною. Ёсць стымул працаваць далей, прыкладаць усе намаганні дзеля дасягнення самага высокага выніку, − гаворыць Віялета, зазначаючы, што ўдзел у падобных мерапрыемствах яна прымае з вялікай ахвотай. І зазвычай усё атрымліваецца. Як прыклад − перамога на абласным конкурсе чытачоў польскай паэзіі. − Спадзяюся, што атрыманыя мною веды спатрэбяцца і ў прафесійным будучым, бо мару стать перакладчыкам.
Дарэчы, арганізатарамі конкурсу выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі”. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.
Вольга Заенчкоўская
Фото:Вадзіма Галоціка і аўтара