РАДУНСКІ АЛІМП

Образование 01 июня 17 1964

Як яго дасягаюць вучні пасялковай школы


Вось ужо некалькі гадоў выпускнікі школы пасёлка Радунь, што ў Воранаўскім раёне, атрымліваюць 100 балаў на ЦТ. Якім будзе сёлетні «ўраджай» — пакажа час. Але працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы тут стабільна высокі.

31-19_kopiya_-_kopiya



Прэтэндэнты на алімп.


Мары і рэальнасць

На ганку школы знаёмлюся з выпускнікамі, якія выйшлі вясёлым гуртом парэпеціраваць свой апошні званок. Дружна пазіруюць для фота. Вядома ж, выпускнікі ўжо вызначыліся з найбліжэйшай будучыняй. Цікава, што амаль усе маюць намер паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Напрыклад, Ілона Куней даведалася, што ў БДУ на факультэце культуралогіі з'явілася новая спецыяльнасць, і плануе падаць дакументы туды. Эльвіра Дода марыць стаць медыкам і выбрала складаны для паступлення лячэбны факультэт. Свае шанцы дзяўчаты ацэньваюць станоўча, бо на папярэднім тэсціраванні паказалі добры вынік. Спадзяюцца, што розум і нервы не падвядуць і на асноўным, заліковым ЦТ.

— Сёлетнія выпускнікі зацікаўлены ў тым, каб стаць добрымі спецыялістамі і паспяховымі прафесіяналамі. Магчыма, не ўсе паступяць туды, куды хочуць. Але многія, закончыўшы каледжы, працягваюць вучобу ў ВНУ на дзённай альбо завочнай форме, — упэўнена Святлана Пачобут, дырэктар школы.


  • Па выніках паступлення Радунская СШ апярэджвае многія гарадскія школы. Тут нікога не здзіўляе паказчык у 70 працэнтаў. А колькасць выпускнікоў з залатым медалём дасягае сямі чалавек за выпуск.




Ёсць 100 балаў!

Стабальнікі, як вядома, ёсць далёка не ў кожнай гарадской школе і гімназіі. У Радуні за два гады — два найвышэйшыя вынікі на ЦТ. І абодва па грамадазнаўстве, прадмеце, які выкладае дырэктар Святлана Браніславаўна. Яе вучні Дзяніс Валюкевіч і Мілана Ладыш, якія атрымалі па 100 балаў, цяпер паспяховыя студэнты сталічных ВНУ. Ці працягнецца гэта традыцыя сёлета — пакажа час. А некаторым выпускнікам да вучнёўскага «эверэста» не хапіла некалькі балаў.

Нямала і тых, хто набліжаецца да запаветнай вяршыні. Так склалася, што лідзіруе гуманітарны кірунак. Па ім радунскія выпускнікі наймацнейшыя не толькі ў Воранаўскім раёне, але і ў вобласці.

31-20_kopiya_-_kopiya



Вадзім Жылінскі і Вольга Шынкевіч.


Спрыяе асяроддзе

Хоць школа з'яўляецца рускамоўнай, добрых вынікаў вучні дасягаюць на выпрабаваннях па беларускай мове. Год таму адразу шэсць выпускнікоў атрымалі па гэтым прадмеце больш чым 90 балаў.

— У мяне вучаніца 96 балаў атрымала сёлета на папярэднім ЦТ, — падзялілася поспехамі настаўніца беларускай мовы Святлана Кампанеец. — Летась найвышэйшы бал быў 94. Адзін хлопчык, які здаў на 56, прыслаў СМС: «Прабачце». А мне было прыемна, бо гэта таксама нядрэнны вынік.


  • На думку педагога, сельскай школе нялёгка канкурыраваць з гарадскімі ўстановамі. Але разам з тым ёсць і свае плюсы — гэта беларускамоўнае асяроддзе.




— Многія з нашых вучняў жывуць побач з бабулямі, якія гавораць па-беларуску. Таму яны карыстаюцца словамі, якіх гарадскія дзеці не разумеюць. У гэтым сэнсе мы знаходзімся ў больш выйгрышным стане, — лічыць Святлана Юльянаўна. — Але трэба і працаваць.

Дарэчы, у профільным класе выпускнікі аддалі перавагу менавіта беларускай мове і выбралі яе для здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

31-21_kopiya_0



Узнагарод шмат не бывае.


Нядрэнная заяўка

Як дабівацца поспехаў, добра ведаюць не толькі выпускнікі. Вольга Шынкевіч, вучаніца 9 класа — сапраўдны марафонец у алімпіядах. Пачала гэты шлях з чацвёртага класа. А нядаўна ўдзельнічала ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, добра прайшоўшы раённы і абласны этап.


  • У Вадзіма Жылінскага — іншы кірунак, але не менш паспяховы. Ён стаў прызёрам каманднай алімпіяды БДУ па праграмаванні, хоць давялося вытрымаць канкурэнцыю 60 моцных камандаў гімназістаў і студэнтаў. Вадзім і яго напарнік з Воранаўскага раёна атрымалі дыплом за трэцяе месца.




Радунскія школьнікі заяўляюць аб сабе на большасці алімпіяд і конкурсаў. Гэта і «Край Гарадзенскі», і «Крыштальная альфа», і «Шлях у будучыню»... У школе ёсць і сваё «залатое пяро». На раённым конкурсе вучаніца 9 класа Паліна Талчкова ўзнагароджана дыпломам за трэцяе месца. Сапраўдным дасягненнем можна лічыць 17 прызавых месцаў на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадметах. У гэтым навучальным годзе дыпломамі другой і трэцяй ступені ў рэспубліканскім конкурсе адзначаны даследчыя работы Сяргея Жэгждрына і Уладзіслава Вайткуна.

Азартны калектыў

Настаўніца матэматыкі Людміла Сінкевіч расказала, што педагогі працуюць не толькі з моцнымі дзецьмі, але і імкнуцца ўзняць сярэдні ўзровень вучняў. Школа стала пляцоўкай для чатырох рэспубліканскіх інавацыйных праектаў. Акрамя гэтага, кожны педагог прэзентуе свае метады. Напрыклад, Людміла Мечыславаўна вядзе свой блог, дзе прапануе заданні рознага ўзроўню. Трэба адзначыць, што ў школе створана моцная матэрыяльна-тэхнічная база. Практычна ўсе прадметныя кабінеты абсталяваны камп'ютарнай тэхнікай, падключаны інтэрнэт.

Давялося пачуць і такую думку: маўляў, педагогі працуюць з азартам, таму і вынік ёсць.

— У нас няма магчымасці запрашаць на працу педагогаў з іншых гімназій ці школ, бо трэба ўладкаваць спецыялістаў са свайго раёна, — зазначае дырэктар школы. — Тым не менш педагогі стараюцца. У нас амаль поўнасцю ўкамплектаваны штат, а вакансію псіхолага думаем закрыць да верасня.


  • Узровень настаўнікаў таксама расце. Гэтаму садзейнічае і супрацоўніцтва паміж Воранаўскім раёнам і БДУ. Адукацыйны працэс па профільных прадметах забяспечваюць педагогі вышэйшай і першай катэгорый. Вучні гэтых класаў, як правіла, абыходзяцца без рэпетытараў і атрымліваюць 60—70 балаў на ЦТ.




...Праз некалькі гадзін пакідаю ўтульны будынак школы, уражаная шматлікімі граматамі, дыпломамі і кубкамі, якія можна ўбачыць паўсюдна. Чым не стымул для новых дасягненняў?

Маргарыта УШКЕВІЧ.

http://zviazda.by/be
Добавление комментария
CAPTCHA
*