Сімвалічны звон Памяці аб’яднаў святыні Воранаўшчыны (Дапоўнена, ВІДЭА)
23 лютага ў Беларусі распачаўся шырокамаштабны праект “Памяць. Адзінства. Перамога”, які рэалізоўваецца ў рамках святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэты дзень ва ўсіх храмах Гродзенскай вобласці ў 12 гадзін адбылося гучанне званоў — звон Памяці.
У Воранава ў гэты час каталіцкія вернікі спяшаліся на нядзельнае набажэнства ў санктуарый Божай Міласэрнасці. Многіх, канешне, здзівіла гучанне званоў, якое звычайна суправаджае развітанне з памерлымі, правядзенне працэсій ці апавяшчае аб пачатку імшы ў вялікія рэлігійныя святы.
— Вы чуеце звон. Сёння ён гучыць у памяць аб загінуўшых воінах Другой сусветнай вайны ва ўсіх святынях Беларусі, — патлумачыў парафіянам на пачатку імшы ксёндз Анджэй Вітэк. — Давайце разам памолімся за тых, хто ахвяраваў сваім жыццём.
За абаронцаў нашай Айчыны адбылася агульная малітва.
Сімвалічным звонам і малітвай на літургіі паміналі сёння змагароў за мір і бязвінна загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне і ў царкве Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ў г.п. Воранава.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота і відэа аўтара, Галіны ШЛЕМПА і Сяргея ГРЫЧЫКА.