Ішла Каляда калядуючы…
Здаўна Каляды з’яўляюцца радасным народным святам з забавамі, гульнямі , пераапрананнем, тэатралізаванымі прадстаўленнямі.
Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Нашчадкі”, якое дзейнічае пры філіяле “Місявіцкі ЦКіД”, падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне “Ішла Каляда калядуючы…”. Хлопчыкі і дзяўчынкі развучвалі вершы, гульні і песні, разам з бацькамі рабілі касцюмы Казы, Мядзведзя і інш. Падрыхтавалі віншаванні і аднавяскоўцам. Паспрабавалі аднавіць элементы абраду калядавання, затым адправіліся ў падарожжа па Місявічах.
Маленькія артысты шчыра віншавалі сваіх бацькоў, суседзяў. У віншаваннях яны зычылі гаспадару, гаспадыні і іх дзецям, каб вырас добры ўраджай, каб жывёла дала прыплод, каб усе былі здаровы. А калі гучалі песні “Неба і зямля”, “А ўчора звячора засвяціла зора”, гаспадары разам з дзецьмі выконвалі гэтыя святыя песні, якія ліліся ад душы.
Коцік В.У.,
кіраўнік аматарскага аб’яднання
“Нашчадкі” пры філіяле “Місявіцкі ЦКіД”.