Андрэй Жукоўскі з Пагародна — чалавек сваёй справы

26 марта 24 293
Андрэй Жукоўскі з Пагародна — чалавек сваёй справы

У свеце вельмі шмат слоў…Ёсць важныя: хлеб, мір, праца, воля. Ёсць родныя і дарагія: мама, тата, Бацькаўшчына. А ёсць асаблівае слова — настаўнік. Што ж азначае гэта слова? Хто такі настаўнік?

Настаўнік — гэта шчасце для маладых душ, лепшы лекар у свеце, дарадца, трэнер цела і душы.

Пра чалавека, які не мае прамога дачынення да настаўніцтва, але з’яўляецца ім па сваёй сутнасці, мне і хочацца расказаць. У нашай Пагародзенскай школе ёсць вучні, апантаныя творчай тэхнічнай дзейнасцю. Прычына таму — цеснае супрацоўніцтва з маладым прадпрымальнікам, дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю “АўтаТэхнаМатор” Андрэем Жукоўскім, якое ён арганізаваў на сваёй малой радзіме — у Пагародне. Хлопцы часта бываюць на вытворчасці металапластычных вырабаў, дзе шмат розных станкоў і абсталявання. Андрэй Міхайлавіч і для хлопцаў-адзінаццацікласнікаў, і для іншых вучняў з’яўляецца настаўнікам, прыкладам чалавека працы, які паспяхова займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў вёсцы.

А.М. Жукоўскі — выпускнік Пагародзенскай сярэдняй школы, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць “біялогія” (навукова-вытворчая дзейнасць). Пасля навучання і адпрацоўкі ў Мінску Андрэй вярнуўся ў родныя мясціны і вырашыў займацца ўласнай справай. Прадукцыя “АўтаТэхнаМатор” запатрабаваная як сярод індывідуальных прадпрымальнікаў, так і дзяржаўнымі арганізацыямі краіны.

Цесна супрацоўнічае Андрэй Міхайлавіч і з калектывам Пагародзенскай школы, аказвае кансультацыйную дапамогу навучэнцам у напісанні навукова-даследчых праектаў. Так, вучань11 класа Мікалай Сянюта з даследчым праектам “Экструдар “Экапласт” прыняў удзел у абласной канферэнцыі даследчых работ “Крыштальная Альфа-2023” у секцыі “Інжынерная экалогія”, дзе атрымаў дыплом ІІ ступені. Дзякуючы гэтаму ў верасні 2023 года прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

24 лютага адбыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Тэхнаінтэлект”. Конкурс штогод збірае маладых канструктараў і даследчыкаў, рацыяналізатараў, вынаходнікаў і будучых архітэктараў. Сярод удзельнікаў і прызёраў абласнога этапу зноў былі і нашы навучэнцы — адзінаццацікласнік Арцём Будрэвіч і дзевяцікласнік Дзмітрый Віскуб. Працавалі хлопцы над тэхнічным праектам пад кіраўніцтвам А.М. Жукоўскага. На конкурсе школьнікі прадэманстравалі праект “Велаэлектрастанцыя (ВЭС) — альтэрнатыўная крыніца атрымання электраэнергіі”. Яна была распрацавана на ідэі пераўтварэння механічнай энергіі ў электрычную. Такі механізм эфектыўны, надзейны і забяспечвае мінімальныя затраты энергіі. Па выніках конкурсу ў сваёй намінацыі юнакі атрымалі дыплом І ступені. Арцём Будрэвіч прадставіў свой праект на рэспубліканскім этапе конкурсу ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці, дзе заняў 3-е месца.

Пазнаёміцца з велаэлектра-станцыяй змаглі ўсе навучэнцы, бо пасля конкурсу яе ўстанавілі ў школе. Кожны жадаючы меў магчымасць у вольны ад ўрокаў час пераўтварыць лішак сваёй энергіі ў электрычнасць. Такім чынам можна было не толькі патрэніравацца яздзе на веласіпедзе, але і зарадзіць свой гаджэт. Рэшткі выпрацаванай электраэнергіі назапашваліся ў акумулятарах і скарыстаць яе можна ў любы час.

Андрэй Міхайлавіч не стаў настаўнікам па дыпломе, але, бясспрэчна, стаў ім па сэрцу для моладзі. Яны вельмі паважаюць яго, з вялікім жаданнем бягуць як да самага дарагога чалавека. Ён, у сваю чаргу, не шкадуе патрачанага на моладзь часу, бо жыве імі, іх поспехамі, радасцямі і дасягненнямі. Гэта чалавек вялікай душы і шчырага сэрца. Гэта патрыёт сваёй Радзімы, чалавек, які не шукае матэрыяльных каштоўнасцей за мяжой ці ў вялікім горадзе, а працуе ў сваёй мясцовасці і дапамагае нам, настаўнікам, выхоўваць паспяховую моладзь.

Святлана НЕНАРТОВІЧ,

намеснік дырэктара

па выхаваўчай рабоце

Пагародзенскай

сярэдняй школы.

На здымку:

вучні Дз. Віскуб,

М. Сянюта, А. Будрэвіч з Андрэем Жукоўскім.

Фота з архіва школы.

Добавление комментария
CAPTCHA
*