Сёння свята грыбніка прайшло ў аграгарадку Вараноўка (Фота)
Накропваў невялічкі дождык. Час ад часу мацнеў. А мясцовыя жыхары і госці жартавалі: “Спорны, грыбны… Акурат да свята падаспеў”. Водар жа грыбоў, здавалася, суправаджаў усё мерапрыемства. У прыгожыя і акуратныя кошычкі “заскочылі” баравічкі, падбярозавічкі, лісічкі, масляты… Іх старанна і спрытна назбіралі гаспадыні з Больцініцкага, Тракельскага, Пераганцаўскага і Беняконскага цэнтраў культуры, каб пахваліцца сваім “скарбам” у Вараноўцы. Побач з маладымі здаровымі грыбочкамі прымасцілі сушаныя ды марынаваныя… Пакуль адны любаваліся дарамі лесу, другія — дзяліліся расказамі аб сваім ціхім паляванні. Непрыкметна распачалося мерапрыемства.
Прысутных віталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Цехановіч і старшыня Пераганцаўскага сельсавета Людміла Дзекан. Яны выказалі ўпэўненасць, што сюды прыйшлі сапраўдныя аматары збіральніцкай справы і пажадалі ўсім прыемнага адпачынку.
І вось пасыпаліся жарты — на імправізаваную сцэну выйшлі Васіль (Ілля Прэсны) і Ганця (Вольга Амельчанка). Маладыя людзі разыгралі вясёлую сцэнку, затым запрасілі прысутных паўдзельнічаць у конкурсах. Дарэчы, іх было ў гэты дзень нямала. Самай актыўнай удзельніцай стала мясцовая жыхарка Валянціна Мікалаеўна Белавус.
Бадай, найбольш яскравым было спаборніцтва на самы авангардны касцюм. Канешне ж, канкурсанты былі апрануты ў грыбы. Баравік — Іван Бянкевіч з Больцінікаў — загадаў загадкі. Падасінавік — Ульяна Роўбуць з Тракеляў — паказаў дэкламатарскія здольнасці. Цудоўна праявілі сябе і грыбнік з сыраежкай — Надзея Лісоўская і Анастасія Барэйша з Беняконяў. Перамогу атрымаў крэатыўны падбярозавік — Ірына Яковіч з Пераганцаў.
Упрыгожылі свята песні. Цёпла віталі гледачы Аляксандра Мацюка, Лілію Бярцэвіч, вакальны гурт “Весялуха”, вакальны ансамбаль гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу “Вясёлка” і іншых. Шмат пазітыву прынесла і выступленне гасцей з Юрацішкаў Іўеўскага раёна.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.