Гучныя iмёны радунскай зямлi

29 апреля 16 2019


На мінулым тыдні ў цесным вучнёўскім і настаўніцкім коле Радунскай гімназіі прайшла знакавая сустрэча — на малую радзіму паэта, перакладчыка Пятра Іванавіча Бітэля прыехала яго ўнучка, таксама паэтэса, Тамара Іванаўна Бярэзіна.

— Мой дзядуля нарадзіўся 19 чэрвеня 1912 года ў вашай мясцовасці. Ён пражыў тут усяго год. Я першая з нашчадкаў Бітэляў, хто пасля такога вялікага прамежку часу пабываў у Радуні. І вельмі задаволена, што з творчасцю дзядулі вы знаёмы, — такімі словамі віталася госця з прысутнымі.

Для Тамары Іванаўны была арганізавана экскурсія па народным гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе паэтэса перадала яго кіраўніку І.І. Фясенку копіі дакументаў сям’і, якія датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя. Гэта выпіска з метрычнай кнігі аб шлюбе прадзедаў Міхаліны Данілевіч і Івана Бітэля, пасведчанні аб тым, што Пятро Іванавіч з’яўляўся слухачом педагагічных курсаў пры царкоўна-прыходскай школе, скончыў Барунскае двухкласнае вучылішча. Не менш каштоўным падарункам стала кніга Лонга Апулея “Скарбы сусветнай літаратуры”, да перакладу якой з лацінскай мовы П.І. Бітэль меў непасрэднае дачыненне.

Канешне ж, Тамара Бярэзіна ў гутарцы з радунцамі не магла не расказаць пра знака-мітага земляка, пра жыццёвы шлях, які яму было наканавана прайсці.

Пятро Бітэль скончыў Барунскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам пачатковых школ у Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах. Завочна скончыў Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Вільні (гісторыка-філала-гічнае аддзяленне). У 1939г. удзельнічаў у польска-нямецкай вайне, а пасля аб’яднання Беларусі працаваў у Валожыне настаўнікам і школьным інспектарам. У час нямецкай акупацыі быў вывезены ў Германію і там пасля вызвалення прызваны ў Савецкую Армію. У 1946-1947гг. працаваў настаўнікам у Забрэжскай сярэдняй школе Валожынскага раёна. Пасля звальнення і з-за немагчымасці ўладкавацца на дзяржаўную працу стаў праваслаўным светаром. У 1950г. арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Тэрмін адбываў у Альжарасе Кемераўскай вобласці, у Омску і Джэзказгане. Нягледзячы на складаныя ўмовы жыцця, у гэты час пераклаў на беларускую мову паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, “Конрад Валенрод”, “Гражына”. У 1956г. пасля зняцця су-дзімасці вярнуўся на радзіму і зноў працаваў светаром. У 1963-1974гг. выкладаў у Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педінстытута. Цалкам рэабілітаваны ў 1978г. Памёр 18 кастрычніка 1991г.

Першыя вершы Пятра Бітэля з’явіліся ў друку ў 1939г. у Валожынскай і Лідскай раённых газетах. Ён аўтар шэрага артыкулаў па педагогіцы. Пісаў гістарычныя паэмы, вершаваныя аповесці пра жыццё працоўных Заходняй Беларусі. Аўтар кніг “Замкі і людзі”, “Паэмы”, “Дзве вайны”. Перакладаў з польскай, нямецкай, рускай, украінскай і іншых моў.



Пасля цёплай і сяброўскай сустрэчы не магла не паціка-віцца ў настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Юльянаўны Кампанеец, наколькі імя П. Бітэля вядома землякам.

— Аб сувязі Пятра Івана-віча з Радунню пачула выпадкова падчас гутаркі з калегай, — заўважае педагог. — Я зацікавілася. Бо сама родам з гарадскога пасёлка, скончыла тут школу, а пра Бітэля нічога не чула. Знайшла пра яго ў інтэрнеце матэрыялы. У адным з іх было ўказана імя ўнучкі паэта. Пасля доўгіх пошукаў усё ж удалося звязацца з Тамарай Іванаўнай. Пачалося плённае супрацоўніцтва, якое і стала падставай для сённяшняга мерапрыемства. Дарэчы будзе заўважыць, што вучаніцы восьмага і адзінаццатага класаў Яўгенія Учкуроніс і Вольга Шынковіч падрабязна раскажуць аб нашым даследаванні падчас раённай навукова-практычнай канферэнцыі.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*