Таямніцы роднай мовы
Вы паслухайце родную мову:
Жаўруковаю песняй звініць…
Колькі фарбаў, адценняў у слове!
Як пявуча ліецца-гучыць!
Лідзія Полазава
Роднае слова — люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова — наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.
Дзень роднай мовы «Родная мова — крыніцы натхнення!» прайшоў у бібліятэках Воранаўшчыны. На працягу дня гучалі вершы на беларускай мове, ладзіліся турніры і гульні, літаратурныя кампазіцыі.
Інтэлектуальны турнір «Таямніцы роднай мовы» адбыўся ў Воранаўскай раённай бібліятэцы для вучняў Воранаўскай сярэдняй школы.
Пачаўся турнір з уступнага слова бібліятэкара аб гісторыі паходжання міжнароднага свята Дня роднай мовы, якое адзначаецца 21 лютага. Далей дзецям прапанавалася паудзельнічаць у конкурсах: «Размінка», «Перакладчыкі», «Ведаем лексіку», «Перакладаем з рускай мовы”», «Чытаем па-беларуску», «Уключаем фантазію». У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзве каманды «Купалаўцы» і «Каласочкі». Хлопчыкі і дзяўчынкі з энтузіязмам спрачаліся над пытаннямі і, самі таго незаўважаючы, замацоўвалі веды, а самае галоўнае — яны былі адной камандай.
Прыгожа і эмацыянальна прагучаў верш П.Панчанкі «Родная мова» у выкананні Максіма Саланкі. Напрыканцы сустрэчы гасцям была паказана інсцэніроўка «Не прадаецца хата бацькоў «.
У філіяле «Бастунская сельская бібліятэка-клуб» прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў «Гучы, родная мова!»
Усе ўдзельнікі конкурсу добра падрыхтаваліся і бліскуча выступілі, паказаўшы сваё майстэрства і арыгінальнасць выканання.
Дзень беларускай мовы «Роднаму слову гучаць!» прайшоў у філіяле «Больцішская інтэграваная сельская бібліятэка». Бібліятэкар вяла аповед пра тое, адкуль і як узнікла наша родная беларуская мова. Дзеці з задавальненнем праслухалі легенду «Адкуль пайшлі беларусы», успаміналі матуліны калыханкі, адгадвалі загадкі. Прымалі ўдзел у конкурсе «Пазнай твор па яго пачатку». А для таго, каб больш даведацца пра творы беларускіх аўтараў, была прапанавана кніжная выстава «Сузор’е беларускіх кніг».
У філіяле «Радунская гарпасялковая бібліятэка» прайшла акцыя «Моўны дзень у бібліятэцы». Карыстальнікаў сустракалі супрацоўнікі бібліятэкі ў нацыянальных касцюмах і заахвочвалі размаўляць па-беларуску.
Дзень быў напоўнены цікавымі падзеямі: гучалі беларуская музыка і народныя песні, выстава-інсталяцыя «літаратурных прысмакаў» заклікала «пакаштаваць» літаратуру на любы густ. Акрамя гэтага прайшла займальная моўная гульня «Папацей, грамацей», дзе ўдзельнікі перакладалі словы і назвы казак, адгадвалі «Загадкі з вясёлай хаткі», тлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі, спрабавалі прагаварыць скорагаворкі. Самыя кемлівыя знаўцы мовы атрымалі салодкі пачастунак.
Акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску» прайшла ў філіяле «Тракельская сельская бібліятэка». Бібліятэкар не толькі размаўляла ўвесь дзень з чытачамі на роднай мове, але і прапанавала ім у гэты дзень у краме, на вуліцы, дома — усюды карыстацца роднай мовай.
Спадзяемся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і мы змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць і любіць «зямлі бацькоўскай слова».
Шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй часцей!
Людміла Фурман, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу
ДУК «Воранаўская раённая бібліятэка»
Фота з архіва бібліятэкі