15 чэрвеня гасцінная жырмунская зямля сабрала загадчыкаў філіялаў устаноў культуры на семінар “3 гісторыі жырмунскай зямлі...”

Страницы истории 26 июня 18 1669
DSCN2093

Каб госці ўбачылі яе прыгажосць, дакрануліся да гістарыі, даведаліся пра людзей, якія пакінулі свой след не толькі на малой радзіме, але і за яе межамі. З гэтай мэтай была падрыхтавана цікавая насычаная праграма.

Загадчык сектара культуры Воранаўскага райвыканкама Таццяна Вацлаваўна Цехановіч пацвердзіла, што невыпадкова семінар, прысвечаны Году малой радзімы, распачынаецца менавіта ў аграгарадку Жырмуны. У верасні мінулага года ў Жырмунскім цэнтры культуры і дасуга была адкрыта музейная экспазіцыя “Сцежкамі продкаў”. З прывітальным словам звярнуўся старшыня Жырмунскага сельвыканкама Мечыслаў Швед. Ён тут нарадзіўся, пасля арміі і вучобы па волі лёсу вярнуўся назад. Тут знайшоў сваё каханне, жаніўся, тут нарадзіліся яго дзеці. “Гэта мая зямля. Жывучы на адным месцы амаль 60 год, сапраўды прырастаеш душою да свайго дома, да людзей, якія жывуць побач,” — падзяліўся меркаваннем Мечыслаў Браніслававіч.

Цікавую экскурсію па гісторыка-краязнаўчым музеі Жырмунскай школы правёў настаўнік гісторыі А.Г. Азароўскі. Перагортваючы старонкі гісторыі гэтай мясцовасці ад мінуўшчыны і да сучаснасці, удзельнікі семінара даведаліся многа цікавага пра жырмунскі край. Пасля ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым землякам. Схілілі галаву ў Хвіліне маўчання, ушаноўваючы памяць аб тых, хто абараняў Айчыну, загінуў за яе, а таксама аб тых, хто прайшоў вайну, але ў мірны час атрымаў бандыцкую кулю.

У касцёле Адшукання Святога Крыжа 1789г. усіх вітаў ксёндз Юрый Барташэвіч. Ён расказаў, што на сваім шляху храм зведаў нямала цяжкасцей: быў разрабаваны, неаднойчы перабудоўваўся. Аднак заўжды даваў людзям надзею, што ўсе нягоды і цяжкасці праходзяць.

DSCN2154

Фінальным акордам семінара стала інсцэніроўка “Самае дарагое на свеце...”, якую прапанавалі работнікі Цэнтра. А што самае дарагое?.. Гэта чалавечая памяць, любоў да родных і блізкіх людзей, продкаў, да дому і зямлі, дзе нарадзіўся, дзе дарагія сэрцу кожная рэч, кожная травінка… Сюды вяртаюцца ўжо дарослыя дзеці, каб удыхнуць чыстае паветра, адчуць асалоду жыцця і набрацца сіл ад роднай зямлі.

Ірына ЯНКЕЛАЙЦЬ,

метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Фота з архіва аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*