Таямніцы старых пераплётаў. Трактат настаўніка Францыска Скарыны дэманструецца на выставе ў Новым замку ў Гродне

Страницы истории 13 августа 17 1563
4623cd2c8706a9ad6d939f12c222bef6


Выстава “Таямніцы старых пераплётаў” у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

 

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваецца адна з самых багатых кніжных калекцый  Беларусі – звыш 20 тысяч рэдкіх і старадрукаваных кніг і каля 12 тысяч рэдкіх перыядычных выданняў. Кнігазбор гродзенскага музея - трэці па памерах і значнасці ў рэспубліцы, саступае зборам Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэкі НАН Беларусі. 

Адзін з самых цікавых  і каштоўных – уладальніцкі пераплёт, дзе пад адной вокладкай аб’яднаны адразу тры кнігі. І не проста кнігі, а інкунабулы – кнігі-першадрукі, выдадзеныя ад пачатку кнігадрукавання да 1500 года. Самая ранняя з інкунабул датуецца 1493 годам, была выдадзена ў Лейпцыгу. Але на выставе экспануецца хоць і крыху пазнейшая, але не менш каштоўная. Гэта  “Трактат па логіцы” прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Яна Глагоўскага, знакамітага матэматыка, астранома, урача, філосафа. Сярод яго выхаванцаў былі многія знакамітыя навукоўцы, у тым ліку Францыск Скарына, які з вялікім задавальненнем слухаў лекцыі Яна Глагоўскага па філасофіі.

 


DPP_4082.JPG



Не менш цікавае прыжыццёвае выданне "Тэзісаў" Марціна Лютэра.  Навукоўцы спрачаюцца, ці сустракаўся ён з Францыскам Скарынам, бо ва ўспамінах паплечніка Лютэра Філіпа Меланхтона, які меў Біблію Скарыны ў сваёй бібліятэцы, ёсць аповед аб тым, як яны сустракаліся “з доктарам Францыскам, ліцвінам, доктарам медыцыны”.
 

Сапраўдная вяршыня выдавецкага і друкарскага мастацтва – кніга, напісаная гуманістам эпохі Адраджэння, сябрам і саветнікам Рафаэля Андрэа Фульвіа “Выявы знакамітых людзей”. Яна была надрукавана ў Рыме ў 1517 годзе і лічыцца першым каталогам па нумізматыцы. На 228 старонках сабрана 190 ксілагравюр з выявамі манет і змешчаных на іх партрэтамі вядомых людзей старажытнай Грэцыі, Рыма, Егіпта, перыяду Сярэднявечча.

 

На выставе прадстаўлены кнігі, выдадзеныя італьянскім гуманістам Альдам Мануцыем  – адным з самых знакамітых друкароў эпохі ранняга Рэнесансу. Мануцый быў родапачынальнікам вядомай выдавецкай дынастыі, якая праіснавала больш за 100 гадоў, і ўнёс вялікі ўклад у развіццё кнігадрукавання. 

DPP_4081.JPG

 

– Менавіта ён першы пачаў друкаваць кнігі невялікага памеру ў восьмай долі, першым прымяніў пагінацыю – нумарацыю старонак, а таксама першы пачаў выдаваць кнігі курсівам, – распавядае загадчык аддзела рэдкай кнігі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Алена Развановіч–  А каб абараніць свае кнігі ад падробкі, Мануцый  пачаў пазначаць іх друкарскім сігнетам, на якім дэльфін абвівае якар. Гэта была адна з першых выдавецкіх марак у Еўропе. Мануцый праславіўся як выдавец першага ў свеце бестселера, якім стала выдадзеная ў невялікім фармаце у 1501 годзе кніга “Італьянскія вершы” Франчэска Петраркі. Такую кнігу можна было браць з сабой, і яна была вельмі хутка раскуплена ў колькасці 100 тысяч экземпляраў.

 

DPP_4084.JPG

 

Поўны збор твораў самога знакамітага Франчэска Петраркі, выдадзены ў 1581 годзе,  таксама можна ўбачыць у Новым замку.

 

Уражвае грунтоўная праца італьянскага лексікографа XVI стагоддзя Амброзія Калепіны. Усё сваё жыццё ён прысвяціў стварэнню тлумачальнага слоўніка на 11 мовах. У фондах гродзенскага музея – скарочаны варыянт гэтага слоўніка на васьмі мовах, у томе больш за тысячу старонак. Ад крапатлівай працы пад канец жыцця навуковец аслеп, і з таго часу падобныя вялікія, грунтоўныя працы ў памяць аб гэтым працавітым мужы сталі жартам называць каліпінамі.

 

Сапраўдную рэвалюцыю на кніжным рынку Еўропы ў XVII стагоддзі зрабілі вядомыя галандскія выдаўцы Эльзевіры. Яны пачалі друкаваць кнігі яшчэ меншага фармату - у16 і 24 долі. Гэта прывяло да зніжэння кошту, кнігі сталі даступнымі і для небагатых людзей. Іх насілі з сабой, а ў адзенні з’явіліся нават спецыяльныя кішэні для кніг.

 

DPP_4085.JPGDPP_4086.JPG

 

Цікава ўбачыць “Хроніку Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні. Гэта першы твор, які пазнаёміў заходнееўрапейскіх чытачоў з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў гэтай кнізе былі ўпершыню змешчаны партрэты вялікіх князёў літоўскіх.

 

А вось  сапраўдныя каралеўскія кнігі. Экспануюцца тамы  з бібліятэк французскага караля Людовіка XV,  апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, расійскай імператрыцы Кацярыны II.

 

DPP_4078.JPG

 

Таксама на выставе раскрываюцца асобныя таямніцы нараджэння кніг: старажытны спосаб вырабу паперы, элементы афармлення кнігі, такія, як тытульны ліст, ілюстрацыя, разнастайнасць шрыфтоў, аздоба пераплётаў.

 

DPP_4079.JPGDPP_4080.JPG

 

Расказваць пра гэтую найцікавейшую выставу можна бясконца. Лепш прыйсці і на свае вочы ўбачыць усю прыгажосць.

 

…Не магу спыніцца: абавязкова затрымайцеся каля самай высокай кнігі на выставе. Кніга ўнікальная – “Рэдкія расліны” вядомага нямецкага батаніка 18 стагоддзя Хрыстафора Трэва. У еўрапейскіх бібліятэках знаходзіцца ўсяго каля 10 экземпляраў гэтай кнігі. Адзін з іх у Гродне.  Мала таго, усе гравюры ў кнізе былі размаляваны мастакамі ад рукі.

 

DPP_4076.JPG

 

Што? Выстава “Таямніцы старых пераплётаў”

 

Дзе? Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Новы замак, Сенатарская зала, вул. Замкавая, 20

 

Калі?  З 10 жніўня па лістапад.

 


Фото Міхаіла ІСАЧАНКІ

Іна Бычак

Добавление комментария
CAPTCHA
*