Слова пра настаўніка

Прафесія настаўніка — самая высакародная і самая галоўная прафесія ў жыцці. Колькі цярпення, працы, душэўных сіл і спакою патрэбна для таго, каб з першакласнікаў, маленькіх і непаслухмяных дзетак, выраслі сапраўдныя людзі, разумныя, выхаваныя, мэтанакіраваныя. Колькі патрэбна мудрасці, каб зацікавіць вучняў сваім прадметам, увесці яго ў свет навукі і не страціць яго там. Якім высакародным трэба быць, каб выхаваць чалавека.



У кожнага ёсць свой ідэал настаўніка. І ў мяне таксама. Канешне, у нашай школе многа добрых, шчырых, адукаваных і апантаных настаўнікаў. Але мне хочацца расказаць пра чалавека, які стаў для мяне прыкладам на ўсё жыццё — гэта настаўніца геаграфіі і музыкі Маргарыта Іванаўна Касперовіч. Яна ніколі не павышае голас, строгая, заўсёды стрыманая, даступна тлумачыць матэрыял. Слухаючы яе, адпраўляешся ў падарожжа па краінах свету, і толькі надакучлівы званок вяртае цябе назад за парту.  Маргарыта Іванаўна вельмі добрая. Нават калі здараюцца непрыемнасці, у яе ўсё роўна добры настрой. Настаўніца вучыць нас, дзяцей, адрозніваць дабро і зло, быць справядлівымі і адказнымі да спраў. У яе няма любімых і нелюбімых дзяцей. А мне вельмі хочацца быць у яе першым і самым лепшым вучнем, таму што яна мая мама. Самая мілая, добрая. Мне вельмі хочацца падысці да яе на ўроку, абняць, прытуліцца, сказаць словы ўдзячнасці за ўсё, што яна для мне робіць. На жаль, я не магу так зрабіць, бо мае аднакласнікі падумаюць, што мне мама можа паставіць лепшую адзнаку. Таму ў школе яна для мяне з’яўляецца строгім настаўнікам.




Настаўнік павінен перадаць свой вопыт, свае веды вучням. Кожнаму з іх хочацца, каб менавіта яго дзеці былі самымі паспяховымі людзьмі на свеце. Але галоўнай радасцю для настаўніка з’яўляецца вучнёўская ўдзячнасць.



Я хачу падзякаваць сваёй настаўніцы, маме. За тое, што яна, не шкадуючы сябе, цярпліва ўкладае ў нашы маленькія галовы тыя веды, якія нам спатрэбяцца ў жыцці.
Касперовіч Мікіта,
вучань 5 класа Пагародзенскай сярэдняй школы

Добавление комментария
CAPTCHA
*