“КНІЖКІНА НАВАСЕЛЛЕ”, КРУГЛЫ СТОЛ, ШЧУЧЫНСКІЯ ЧЫТАННІ, ФЕСТЫВАЛЬ ПРЭСЫ І МНОГАЕ ІНШАЕ
XXII Дзень беларускага пісьменства ў Шчучынераспачаўся важнай падзеяй – адкрыццём пасля капітальнага рамонту раённай бібліятэкі імя Цёткі. На ўрачыстасць сабралася багата гараджан і гасцей. Нягледзячы на час камп’ютарных тэхналогій, тут любяць і шануюць жывое друкаванае слова.
- Бібліятэка - гэта храм ведаў, а без ведаў немагчыма ствараць будучыню, - падкрэсліла на ўрачыстасціміністр інфармацыі Лілія Ананіч. - Таму, правёўшы вялікую працу па падрыхтоўцы літаратурнай сталіцы 2015 года, аргкамітэт асаблівую ўвагу надаў аб'ектам, звязаным з культурай і адукацыяй. Літаральна тыдзень таму Міністэрства інфармацыі сумесна з “Белкнігай" адкрыла ў Шчучыне кнігарню "Несцерка", і вельмі прыемна, што амаль усе кнігі, завезеныя туды ў першы дзень, адразу ж знайшлі свайго чытача. Гэта значыць, што кнігі і слова сапраўды маюць стваральную сілу…
У дар бібліятэцы Міністэрства інфармацыі перадала 3 тысячы новых кніг беларускіх пісьменнікаў.
Шчыра павіншаваў шчучынцаў і ўручыў падарунак ад Гродзенскага аблвыканкама намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі БеларусьВіктар Лісковіч.
- Гэта вялікі гонар - называцца імем выдатнай дачкі шчучынскай зямлі, якая стаяла ў вытокаў адраджэння беларускага пісьменнага слова. Вельмі прыемна, што супрацоўнікі бібліятэкі і гараджане гэта разумеюць, - адзначыў ён. - Сёння, у век глабальнай камп'ютарызацыі, паступова змяняецца традыцыйны статус бібліятэк. Яны павінны стаць інфармацыйнымі цэнтрамі з сучаснымі камп'ютарнымі тэхналогіямі. У гэтых умовах задача бібліятэк заключаецца не толькі ў зберажэнні кніжнага фонду, а ў тым, каб стаць навігатарамі ў бязмежным моры інфармацыі.
Цёплыя словы пра слынную зямлячку Алаізу Пашкевіч і гонар быць яе нашчадкамі выказаў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложэчнік.
Кніга была і застаецца першым сродкам масавай камунікацыі, падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Гэта - носьбіт культуры, традыцый, духоўнасці, а чытанне - найлепшы сродак навучання, адукацыі і выхавання для людзей любой прафесіі і любога ўзросту. Мікалай Іванавіч перадаў у дар бібліятэцы кнігі.
Усе выступоўцы выказалі ўпэўненасць у тым, што Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі і надалей будзе нязменнай захавальніцай агульначалавечых каштоўнасцяў і нацыянальнай літаратурнай спадчыны, культурных традыцый Прынёманскага краю, будзе садзейнічаць фарміраванню маральных прынцыпаў падрастаючага пакалення.
На сённяшні дзень Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка імя Цеткі з’яўляецца буйным кнігасховішчам, вядучым інфармацыйным і сацыяльна-культурным цэнтрам рэгіёну. Больш як 4,5 тысячы чалавек з’ўляюцца пастаяннымі яе чытачамі, кніжны фонд складае амаль 40 тыс. экземпляраў, электронны каталог – 26 313 запісаў, у тым ліку рэтраспекцыі – 8 259.
Для абслугоўвання чытачоў аддаленых вёсак працуе бібліятэка на колах – бібліёбус, які абслугоўвае 55 аддаленых і маланаселеных вёсак раёна, у якіх пражывае каля 2 600 чалавек. Абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляецца згодна з графікам па 12 маршрутах. Штогод у бібліятэцы выдаецца серыя творчых работ, ладзяцца выставы. Працуе гасцёўня “Ад усёй душы”, інтэлект-кафэ “IQ”.
- Згодна з пратрабаваннямі часу, - расказвае дырэктар кніжніцы Аляксандра Янкоўская, - наша бібліятэка закупіла праграму і будзе падключана да сістэмы зводнага электроннага каталогу бібліятэк Беларусі BELMARK, што робіць нашу ўстанову культуры часткай бібліятэчнай сістэмы рэспублікі.
… Перарэзана чырвоная стужка і першыя наведвальнікі не хаваюць захаплення. Старэнькі будынак саракавых гадоў унутры не пазнаць! Светлыя прасторныя памяшканні, новая мэбля, стэлажы. У абноўленай бібліятэцы размясціліся асноўныя фонды, абанемент, чытальная зала, цэнтр прававой інфармацыі і іншыя аддзелы. На будынак устаноўлена бронзавая мемарыяльная дошка з барэльефам Алаізы Пашкевіч (Цётцы), імя якой носіць бібліятэка.
Усяго на рэканструкцыю затрачана каля чатырох мільярдаў беларускіх рублёў.
Цудоўны “бонус” для тых, хто паспяшаўся стаць першымі наведвальнікамі пасля рамонту - выставачны праект, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Янкі Купалы ў ваенныя гады.
Пасля святочнай імпрэзы ў абноўленай бібліятэцы адбыўся міжнародны круглы стол “Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, які стаў традыцыйным на Днях пісьменства. Арганізатары мерапрыемства - Міністэрства інфармацыі Беларусі, выдавецкі дом "Звязда" і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сёлетні, дзявяты круглы стол, быў прысвечаны праблемам і перспектывам развіцця нацыянальных літаратур, асобных аспектаў мастацкага перакладу і напрамкаў развіцця культурных узаемасувязяў паміж рознымі краінамі.
Удзельнікаў круглага стала віталі міністр інфармацыі Лілія Ананіч; намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложэчнік, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Удзел у круглым стале ўзялі каля 30 пісьменнікаў, журналістаў, дзеячаў культуры з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Чарнагорыі, Казахстана і іншых краін.
***
А ў гімназіі прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Шчучынскія чытанні – 2015”. Яе ўдзельнікамі сталі паэты, пісьменнікі, журналісты, дзеячы адукацыі і культуры. Дакладчыкі, сярод якіх навукоўцы інстытутаў НАН, прадстаўнікі вядучых ВНУ краіны, настаўнікі і школьнікі, закранулі такія тэмы, як тысячагадовыя вытокі беларускага пісьменства, беларуская мова і годнасць чалавека, творчасць і культурна-асветніцкія ідэі Цёткі, археалагічная спадчына Шчучынскага раёна і магчымасці яе практычнага выкарыстання, магдэбургскае права і яго роля ў развіцці культуры на тэрыторыі Беларусі і многія іншыя.
Тым часам раённы Дом культуры прымае конкурс юных чытальнікаў Гродзенскай вобласці “Жывая класіка”. Наведвальнікі з цікавасцю знаёмяцца з выстаўкай дзіцячай перыёдыкі “Дзіцячая прэса на ўсе інтарэсы, выставачнымі праектамі “Якуб Колас. Дарогамі вайны” і “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду”. Не пакідае раўнадушнымі і выстаўка гродзенскіх мастакоў Юрыя Якавенкі і Аляксандра Сільвановіча “AlfAbet”.
А на плошчы Свабоды разгарнуўся і шуміць Фестываль кнігі і прэсы. Друкаваныя СМІ і выдавецтвы дэманструюць свае здабыткі на ніве друку, прапагандуюць свае выданні. Тут можна ўбачыць арыгіналы падпольных і партызанскіх газет, унікальныя плакаты часоў Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыях лепшыя фота- і літаратурныя творы, якія перамаглі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.