Знаёмцеся: Алена Руцкая

На мой погляд, выкладчыка Алену Вітальеўну былому студэнту Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы нельга забыць. Яе лекцыі сапраўды мы чакалі з нецярпеннем, а неабходныя веды, падмацаваныя гумарам, шматлікімі прыкладамі ды гісторыямі, трывала замацоўваліся ў памяці. Да таго ж ўсё сказанае было да месца, з уласцівымі ёй кемлівасцю і добразычлівасцю. Таму пра Алену Вітальеўну было звыкла ўспамінаць як пра выдатнага дацэнта кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта.

Нездарма А. Руцкай прысуджаны званні “Выдатнiк асветы”, “Заслужаная настаўнiца Беларусi”. А з іншым не педагагічным — паэтычным — яе талентам пазнаёмілася нядаўна…

Паэтэса нарадзілася 11 студзеня 1950 года ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна ў сям’і служачых. Малую радзіму пакінула ў 1961 годзе — бацькі пераехалі ў Слонім. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, настаўнічала ў школах Слонімскага раёна, сёння жыве і працуе ў Гродна.

Вершы  пачала пісаць у 1 класе. Упершыню надрукавалася ў 1964г. у часопісе “Бярозка”. Падборкі вершаў змяшчаліся ў зборніках “Свет вачыма дзяцей”, “Напісалі кнігу самі”, “Натхненне”, “Універсітэт паэтычны”. Выдала зборнікі “Сцяжыны”,  “Роздум” і інш., шматлікія навукова-метадычныя дапаможнікі. Цудоўна валодае гумарыстычным словам. Яе байкі, гумарэскі дасціпна высмейваюць пляткарак, зладзеяў, неразумных модніц, тых, хто ў сваім воку бервяна не бачыць. Як зазначае літаратуразнаўца Пятро Маляўка, яе творы — “эстэтычнае сцвярджэнне народных маральна-этычных каштоўнасцей, паэтызацыя пачаткаў народнага жыцця”. Перакладалася на армянскую, польскую, рускую, туркменскую і ўкраінскую мовы. Перакладае з украінскай і рускай моў. З’яўляецца членам Саюза пiсьменнiкаў Беларусі з 1985 года.

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*